9 лістапада 2018 г. не стала таленавітага беларускага пісьменніка, драматурга, кінасцэнарыста Уладзіслава Ахроменкі. 29 кастрычніка ў Беластоку ў яго здарыўся цяжкі інфаркт.
Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі. Вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1984—1989, клас І. Цвятаевай).
Працаваў выкладнікам музычнай школы ў Лоеве, карэспандэнтам часопіса „Крыніца“, рэдактарам аддзела часопіса „Бярозка“, адказным сакратаром і рэдактарам аддзела газеты „Культура“. З 1993 года працаваў па дамовах з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі. Апошнія гады жыў у Чарнігаве і Менску, актыўна супрацоўнічаў з „Беларускім Радыё Рацыя“.
Як пісьменнік працаваў ў вострасюжэтных, запатрабаваных жанрах — дэтэктыў, трылер, альтэрнатыўная гісторыя. Разам з Максімам Клімковічам быў адным з пачынальнікаў у Беларусі жанру кінарамана.
Аўтар кніг прозы „Здані і пачвары Беларусі“ (1994, у суаўтарстве з М. Клімковічам; пад псеўданімамі Францішак Хлус і Марцін Юр), „Янкі, альбо Астатні наезд на Літве“ (кінараман, 2007, сааўт. з М. Клімковічам), „Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша“ (2009, сааўт. з М. Клімковічам), „Тэорыя змовы“ (2011), „Музы і свінні“ (2014), п’есы „Русалка Камсамольскага возера“ (2010, суаўт. з М. Клімковічам). Творы Уладзіслава Ахроменкі перакладаліся на ўкраінскую, чэшскую, расейскую і польскую мовы.
У яго засталіся жонка і трое дзяцей.
Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні сваякам і сябрам спадара Уладзіслава Ахроменкі.
Інафрмацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“