19 студзеня на 93-ым годдзе жыцця памёр Васіль Петручук, сябра Беларускага літаб’яднання „Белавежа”, аўтар біяграфічных аповедаў „Крышынкі”, публікаваных на працягу шмат гадоў у „Часопісе”. Распавядаў у іх найбольш пра пакутнае дзяцінства ў Грабаўцы на Гайнаўшчыне, дзе нарадзіўся ў 1926 годзе. Быў класічным і надта яркім прыкладам г.зв. грамадскага авансу даваенннага пакалення беларусаў з Падляшша ў камуністычнай Польшчы.
Паніхіда ў царкве прарока Іллі на беластоцкіх Дайлідах. Фота Радыё Рацыя
Васіль Петручук адразу пасля вайны служыў у Корпусе ўнутранай бяспекі, ваяваў у Бяшчадах з падполлем Украінскай Паўстанчай арміі (УПА), быў паранены. Да 1962 г. жыў у Варшаве. Скончыў спярша курсы разведчыкаў, а пасля школу контрразведкі. Працаваў як функцыянер польскай бяспекі. У 1962 г. пераехаў у Беласток, а ў 1969 г. пайшоў на пенсію.
Васіль Петручук спачыў у магіле разам з памерлай два гады таму жонкай Клаўдзіяй. Фота Юркі Хмялеўскага
Васіль Петручук спярша публікаваўся ў польскім друку, з 1961 г. Пасля пачаў пісаць таксама па-беларуску і на дыялекце роднай вёскі. У 1975 г. апублікаваў у „Ніве” першае апавяданне на беларускай мове. Найбольш стаў вядомы як аўтар біяграфічнай кнігі „Ściernisko” ў перакладзе на польскую мову Юры Плютовіча, надрукаванай у 1986 г. У арыгінале „Пожня” выйшла ў 1987 г. у Беластоку і ў 1991 г. у Мінску. У 1998 г. у Беластоку выйшла яго наступная, гумарыстычная, кніжка „Клавуня, гэта я, твой Вася”, а пад канец 2000-х гадоў Літаб’яднанне „Белавежа” выдала першую частку „Крышынак”, якія працягваў публікаваць яшчэ шмат гадоў у „Часопісе”. У 2010 г. у Беластоку выйшла яго кніжка на польскай мове „Blizny”, у якой апісаў сваё жыццё з часоў маладосці, калі служыў у контрразведцы і працаваў у польскай бяспецы. Яго „Księga hańby” пра злачыствы польскага падполля на беларусах выйшла тройчы. З’яўляўся сябрам Саюза польскіх літаратараў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі – польскімі, але таксама савецкімі, расійскімі і беларускімі, адзначаны быў таксама за актыўную грамадскую дзейнасць.
Развітальны верш напісаў беларускі паэт Віктар Швед. Над магілай зачытаў яго „белавежац” Віктар Стахвюк. Фота Радыё Рацыя
Сярод намагільных вянкоў быў таксама ад грамадства роднай гміны Дубічы-Царкоўныя. Фота Радыё Рацыя
Васіля Петручука, беларускага пісьменніка з Падляшша, пахавалі 23 студзеня на праваслаўных могілках у Беластоку-Дайлідах. Аўтара „Пожні” і „Крышынак” у апошнюю дарогу правялі апрача сям’і таксама прадстаўнікі беларускага асяроддзя – з аб’яднання „Белавежа”, БГКТ, „Нівы”, „Часопіса”. Над магілай быў зачытаны развітальны верш Віктара Шведа.
Вечная памяць!