Па ранейшаму не сціхаюць спрэчкі і дыскусіі ў СМІ і ў соц.сетках наконт перазахавання парэшткаў Беларускага, нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Як мы бачым рашэнне было прынята зрабіць гэта ў Вільні.
На поўдні Фларыды беларусы актыўна абмяркоўваюць гэтую па-сапраўднаму важную гістарычную падзею.
Актыў Беларуска-Амерыканскага Задзiночання (БАЗА) Паўднёвай Фларыды сабраўся на адкрытую сустрэчу-дыспут.
Удзельнікі сустрэчы падзяліліся сваімі думкамі, меркаваннямі і рознымі каментарыямi са СМІ. Сустрэча прайшла цікава і дынамічна.
Быў прыведзены шэраг параўнанняў са старых (савецкіх) падручнікаў з сучасным поглядам сённяшніх гісторыкаў.
Асаблівая ўвага была накіравана на кнігу надрукаваную ў 2018 годзе Сямёнам Георгіевічам Шарэцкім пад назвай - "Яны знайшлі свой спакой на пагосце".
Была зачытана частка з гэтай кнігі, якая цалкам прысвечаная нашаму герою-Кастусю Каліноўскаму.
Цікавасць выклікалі некаторыя біяграфічныя даныя пачутые ўпершыню аб нашым праслаўленым героi, а таксама некаторыя падзеі тых гадоў якія выклікалі буйнае народнае паўстанне супраць дэспатыі царскага рэжыму. Па агульным меркаванням ўсіх удзельнікаў сустрэчы роля Кастуся Каліноўскага вялікая ў нашай гісторыі, якую немагчыма пераацаніць.
Выяўленне парэшткаў нацыянальнага героя ў Яго Дзень нараджэння вельмі сімвалічна.
Ён зноў да нас звяртаецца ў поўны рост, тварам да твару. Як быццам голас з таго свету, ён заклікае нас да праўды, ён заклікае нас да смеласці, ён заклікае нас да згуртаванасці. Немагчыма перамагчы таго хто не здаецца.
Змагаючыся за дэмакратычныя прынцыпы ён бясстрашна ўзышоў на эшафот.
Яго справа жыве і цяпер. Праз стагоддзі будучыя пакаленні будуць памятаць яго смеласць, патрыятызм і любоў да народа !
Любім і верым!
Памятаем і ганарымся!
Аддзел БАЗА (Паўднёвая Фларыда)