Палескі кут Васіля Малышчыца

Восеньская прыгажосць прыроды ў кожным з нас, бадай што, здольная выклікаць замілаванне. Залатое лісце, прыцішаныя кветкі, лёгкая вуаль туманоў… Часам гатовыя карціны — хоць ты малюй! Але ж такі талент не ўсім дадзены. І добра, што ёсць мастакі, якія могуць спыніць цудоўнае імгненне, перанесці недаўгавечную прыгажосць на свае палотны й падоўжыць яе жыццё. І адзін з такіх мастакоў-чараўнікоў у Рызе — наш зямляк Васіль Малышчыц, які сёлета адзначае 60‑гадовы юбілей. З гэтае нагоды ён і падрыхтаваў персанальную выставу “Мой родны кут”. Мабыць, такая тэма бачыцца юбіляру найбольш важнай у сённяшнім часе, і тое заслугоўвае вялікай павагі. Зрэшты, даводзілася неяк чуць, што паказчык грамадскага прызнання мастака, яго таленту ды важкасці ўнёску ў культуру вымяраецца выставамі. Што ж, можам ганарыцца земляком: Васіль выстаўляецца даволі часта, у тым ліку й разам з сябрамі з аб’яднання “Маю гонар”. А юбілейная выстава — гэта падзея асаблівая, знакавая. Прадумваючы яе напаўненне, аглядваючы зробленае, мастак пераасэнсоўвае творчыя набыткі, вылучае тое найбольш для яго істотнае, пра што хочацца сказаць людзям.


01.jpg

Васіль Малышчыц на юбілейнай выставе


І вось ягоны творчы пасыл набыў канкрэтыку. “Мой родны кут” — пад такой назвай праходзіць у Рызе юбілейная выстава беларуса Васіля Малышчыца. У трох словах і згадка пра беларускае Палессе, вёску Спорава Бярозаўскага раёна Брэстчыны, адкуль майстар родам. Гэта й выпаўненая шматзначнымі сэнсамі цішыня, і загадкавасць мясцовай прыроды, і таямнічасць балоцістых мясцін, і цеплыня бацькоўскае хаты… Можна меркаваць, што менавіта замілаванасць роднай зямлёй, нейкае адметнае адчуванне зладжанасці, гармоніі ў навакольным свеце падштурхнулі 15‑гадовага падлетка рухацца далей па жыцці — шляхам тварэння прыгажосці. Вось ён і паехаў вучыцца ў знакамітае за савецкім часам прафесійна-тэхнічнае вучылішча №15 у Бабруйск. Закончыў яго ў 1978‑м, атрымаў прафесію столяра. Такі “радок у біяграфіі” даў вяскоўцу магчымасць моцна ўстаць на ногі. Спадар Васіль і сёння плённа працуе з дрэвам, у тым ліку займаецца рэстаўрацыяй рэдкіх драўляных рэчаў, стварае скульптуры.


02.jpg

Ягонае майстэрства працы з дрэвам захапляе


Ды ўсё ж такі асаблівым клопатам і любоўю для яго застаецца жывапіс. У карцінах ён аддае даніну павагі продкам, выяўляе прызнанне ў любові да роднага краю, сваё бачанне гармоніі, ладу, прыгажосці, свае спадзяванні ды надзеі. Карціны Васіля Малышчыца, можа, і не надта мудрагелістыя, але ж ягоная мастацкая мова чыстая, адкрытая, у яго шчырая інтанацыя, і таму душэўныя вібрацыі майстра знаходзяць водгук у сэрцах гледачоў. А вучыўся такому свайму мастэрству Васіль ужо ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пашанцавала, што талент ад Бога быў “асвечаны” яшчэ й вышэйшай адукацыяй. Так што й да лепшых мастацкіх беларускіх традыцый наш зямляк далучаны, і свой багаты творчы патэнцыял мае магчымасць на такім урадлівым грунце развіваць.

З 1996 года Васіль Малышчыц жыве й працуе ў Латвіі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. Цяпер гэтай зямлі таксама належыць і сэрца, і талент мастака. Таму вось і яна, Рыга — таямнічая, велічная, блізкая і далёкая — пазірае ў экспазіцыйным шэрагу на тых, хто наведвае выставу.


03.jpg

Туманная раніца ў Вязынцы каля музея Янкі Купалы. Фота Віктара Малышчыца


Сярод святочнага тлуму выставы, можа, крыху складана падрабязней агледзець творы філасофскага кірунку юбіляра, паглыбіцца ў іх прыхаваны змест. Як вядома, найлепш атрымліваць асалоду ад раскрыцця аўтарскае таямніцы сам-насам з творам. Таму я ўпэўнена, што ў залу АНКОЛ, дзе святкуе 60‑я ўгодкі спадар Малышчыц, паказваючы свой родны кут, не раз прыйдуць прыхільнікі ягонага таленту.

Дарагі Васіль, сардэчна віншуем цябе з юбілеем! Зычым моцнага здароўя й шчасця табе і ўсім тваім родным. Ды яшчэ жадаем чысціні й выразнасці ліній, адухоўленага й гарманічнага светасузірання ў мастацтве, несупыннага пошуку “Боскай і чалавечай стунасці”.

Ганна Іване, „Голас Радзімы“,
фота Лявон Маствілішскі