Паэзія злучае душы

У рэспубліканскім Доме Дружбы прайшла прэзентацыя дзвюхмоўнай кнігі “На абцасах/ На підборах” украінскай паэтэсы Вікторыі Шэвель.

Вершы Вікторыі пададзены на ўкраінскай і беларускай мовах. Выйшла кніга ў беларускім выдавецтве “Галіяфы” накладам 500 асобнікаў. Перастварылі творы па-беларуску паэт Мікола Адам і галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Юлія Алейчанка. Яны, як і сама Вікторыя Шэвель, былі на культурнай імпрэзе. А яшчэ — старшыня культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў у Беларусі “Обрий” Таццяна Струк. З творчасцю Вікторыі ды перакладчыка яе вершаў Міколы Адама гасцей знаёміла дацэнт Белдзяржуніверсітэта Кацярына Любецкая.

Вікторыя Шэвель актыўна папулярызуе ва Украіне беларускую мову. Яна аўтар кніг паэзіі “Я хачу ліўня”, “У любові спакою няма”. Святло яе паэзіі — такое ж цёплае, як і сонечныя ласкавыя промні. Жыве ў горадзе Пераяслаў-Хмяльніцкі, працуе сямейным урачом.

Паэт і перакладчык Мікола Адам — ураджэнец знакамітай вёскі Мікалаўшчыны са Стаўбцоўшчыны: зямляк Якуба Коласа. Гэта ж радзіма паэтаў Алеся Камароўскага, Міколы Маляўкі. Мікола Адам — аўтар кніг паэзіі “Калыханка для каханай”, “Під лацканами споминіЎ” (у перакладзе на ўкраінскую мову), прозы “Шоўк”. Ён адзначаны прэміямі імя Міколы Бідэнкі ды імя Рыгора Скаварады. Юлія Алейчанка, якая таксама спрычынілася да перакладу кнігі, — літаратурны крытык, паэтка, празаік.


02-shevel.jpg

Вікторыя Шэвель і Кацярына Любецкая. Фота Лявона Целеша


У часе прэзентацыі Вікторыя Шэвель чытала свае вершы на ўкраінскай мове, а Мікола Адам агучваў іх у перакладзе на беларускую. Напрыканцы імпрэзы і аўтарка, і перакладчык яе вершаў падаравалі прысутным кнігу са сваімі аўтографамі.

Беларусаў і ўкраінцаў паядноўвае шматвекавое сяброўства, роднасць моў і непахіснае памкненне жыць і надалей у згодзе. Сустрэча ў Доме дружбы яшчэ раз пацвердзіла, што сапраўдная паэзія лучыць душы братніх народаў: беларускага ды ўкраінскага.

Лявон Цэлеш, "Голас Радзімы"