Пабачыў свет “канадскі выпуск” Запісаў БІНіМ

Запісы БІНіМ. №. 41. Нью-Ёрк—Менск, 2019. — 820 с.


Пабачыў свет чарговы (41-шы) выпуск альманаха “Запісы” Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Новы нумар гэтага адзінага перыёдыка, прысвечанага беларускай эміграцыі, атрымаўся надзвычай насычаны і разнастайны. Асноўная тэма — Беларуская Канада — прадстаўленая публікацыямі як пра з’яўленне беларусаў у гэтай краіне ў ХІХ — пачатку ХХ стст., гэтак і пра паваенных эмігрантаў ды сучасныя беларускія арганізацыі і ініцыятывы. Сярод аўтараў можна пабачыць саміх канадыйскіх беларусаў: старшыню Рады БНР Івонку Сурвіллу, прафесара Зіну Гімпелевіч, мастачку Ірыну Варабей, пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў Пётру Мурзёнка, Юрася Шамецьку, Віялету Кавалёву, Валянціну Шаўчэнку, якія распавядаюць пра Канадыйскі БІНіМ і Чарнобыльскі фонд, Згуртаванне беларусаў Канады і “Яваровых людзей”.

Тыя, хто цікавіцца гісторыяй беларускай прысутнасці ў Канадзе, знойдуць на старонках гэтых “Запісаў” аповеды пра з’яўленне ў краіне беларускіх евангельскіх хрысьціянаў ды пра стварэнне асяродку ў горадзе Ашава, пра публікацыю ў канадыйскай энцыклапедыі першага артыкула, прысвечанага беларусам, ды пра стварэнне англамоўнай “Гісторыі беларусаў у Канадзе” Янкі Садоўскага, пра тое, дзе можна знайсці дакументы пра канадыйскіх суродзічаў, ды што ўяўлялі сабою таронтаўскія перыёдыкі “Беларускі Эмігрант” і “Беларускі Голас”. Таксама ў нумары змешчана надзвычай багатае ліставанне пісьменніка Кастуся Акулы, як прысвечанае ягоным творам, гэтак і грамадскаму ды сямейнаму жыццю, перамогам і складанасцям. З іншых канадыйскіх эпісталярыяў — лісты пісьменніка Міколы Сільвановіча, грамадскага дзеяча Алеся Грыцука ды ягонай жонкі Вольгі Грыцук. Усе гэтыя матэрыялы ствараюць своеасаблівую мазаіку вобразаў унікальнай Беларускай Канады.

Па-за асноўнай тэмай, у нумары багата матэрыялаў, якія пэўным чынам таксама звязаны з Канадай, бо паходзяць з архіваў тамтэйшых дзеячаў. Прыкладам, публікуецца вялікая падборка карэспандэнцыі Міколы Абрамчыка са збораў ягонага наступніка Вінцэнта Жук-Грышкевіча, дзе адлюстраваныя розныя моманты палітычнай дзейнасці, хваробы і смерці прэзідэнта БНР. Таксама з атаўскіх архіваў Жук-Грышкевічаў паходзіць ліставанне Наталлі Арсенневай: і актыўныя жыццярадасныя лісты з Нью-Ёрку 1950-х, і заклапочана-сумныя з Рочэстару 1970-х—1980-х. Арыгінальныя, нават крыху авантурныя ідэі наконт арганізацыі грамадскага жыцця паваенных беларусаў утрымліваюцца ў лістах міністра фінансаў БНР Уладзіміра Шыманца да Вінцэнта Жук-Грышкевіча з часоў стварэння Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. Змешчаныя ў “Запісах” і прысвечаныя асобе Вінцэнта Гадлеўскага ды складаным пытанням рэлігійнай гісторыі лістоўныя развагі Вацлава Пануцэвіча, а таксама ліст пісьменніка Пётры Сыча з Нямеччыны пачатку 1950-х. Публікуюцца ў нумары дынамічныя і эмацыйныя эпісталярыі будучага святара Пётры Саўчыца з Аргенціны да пісьменніка Міколы Сільвановіча ў Вініпег. Згаданыя матэрыялы падрыхтаваныя да друку архівістам і даследчыкам беларускай эміграцыі Лявонам Юрэвічам.

Сярод іншых, не-канадыйскіх, архіваліяў варта адзначыць лісты Яўхіма Кіпеля з часоў крывіцка-зарубежніцкага змагання, эмацыйнае ліставанне беларускіх дзеячаў розных палітычных кірункаў з Юрыем Попкам. У апошнім можна пабачыць унікальныя сведчанні Людвіка Галубовіча (Зарэчнага) пра ягоную працу на сакрэтныя службы ў паваеннай Нямеччыне.

Важныя публікацыі падрыхтаваныя для апошніх “Запісаў” даследчыкам рэлігійнай гісторыі Аляксандрам Слесаравым: ліставанне ўладыкі Васіля (Тамашчыка) са збораў Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане, а таксама біяграфічны нарыс, прысвечаны гэтаму ж дзеячу. Надзвычай цікавыя лісты прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага з Аргенціны да ягонай каханай жанчыны ў Лодзі (праз якія тая жанчына была арыштаваная і асуджаная), падрыхтаваў да друку беларускі даследчык з Варшавы Юры Грыбоўскі. Нечаканыя повязі беларусаў з Чэхіі і Францыі (Людмілы Краскоўскай і Лявона Рыдлеўскага) раскрывае ў сваёй публікацыі даследчык Купалы і Багдановіча Мікола Трус. Пра журналісцкую дзейнасць нараджэнца беларускіх земляў Сямёна Рапапорта распавядае доктар Ірына Чыкалава.

Цікавыя і разнастайныя публікацыі, прысвечаныя эміграцыйным эпіграмам і некралогам, сімволіцы пчалы на гравюрах Скарыны ды традыцыям “Трэнаса” Мялеція Сматрыцкага на эміграцыі, падрыхтаваў для “Запісаў” побач са шматлікім эпісталярыем згаданы вышэй Лявон Юрэвіч.

Прысутнічаюць у новым выпуску альманаха тэксты Макара Краўцова, Станіслава Станкевіча, Пётры Сыча ў раздзеле “Будучыя кнігі”, пасмяротныя згадкі Юрыя Туронка і Юрыя Весялкоўскага ў раздзеле “In memoriam”, угодкавая публікацыя Антона Адамовіча пра Якуба Коласа.

Выхад працы “Беларускі прэм’ер” Сяргея Селяха стаў падставай для трох асобных публікацый, звязаных з жыццём і творчасцю кампазітара Вячаслава Селях-Качанскага, змешчаных у рубрыцы “Вакол кнігі”. Традыцыйна багатая на рэцэнзіі і агляды і сёлетняя “Кніжная паліца” з тэкстамі Ціхана Чарнякевіча, Ганны Севярынец, Алеся Бразгунова, Сержа Трыгубовіча, Юрыя Грыбоўскага. Завяршае выпуск адмысловая “Кніга ў “Запісах”” — публікацыя не ацэненага дасёння прыкладу перакладчыцкай дзейнасці пастара Яна Пятроўскага — “Абароны Сакратаса”.

Можна меркаваць, што ў новым выпуску “Запісаў БІНіМ” аматары гісторыі і сучаснасці беларускай эміграцыі, дый наогул тыя, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, знойдуць, што пачытаць і над чым падумаць.

Новыя “Запісы БІНіМ” неўзабаве з’явяцца ў Акадэмкнізе.

Наталля Гардзіенка