Паўстагоддзя ў адкрытым моры

Аляксандра Грына нездарма называюць чараўніком: бо многае з таго, да чаго ён у жыцці дакранаўся, станавілася цудоўным. Цуды працягвалі адбывацца й праз шмат гадоў пасля яго сыходу. Так здарылася й з вядомым сёння феадасійскім домам, дзе ён жыў і працаваў у 20‑х гадах мінулага стагоддзя. Звычайны дом ператварыўся ў старадаўні карабель пад ветразямі, які сонечным летнім днём адправіўся ў плаванне. Урачысты выхад у адкрытае мора здарыўся 9 ліпеня 1970 года. Зерне таго цуду было пасеяна, калі ў яго сценах пісаліся “Залаты ланцуг”, “Тая, што бяжыць па хвалях” ды многія іншыя цудоўныя грынаўскія творы. І вось ужо мінула 50 гадоў, а дом-карабель гэтак жа імкліва ляціць па хвалях, выносячы сваіх пасажыраў у светлыя краіны мары й надзей, якія спраўдзіліся, дзіўных адкрыццяў і прыгод.

За гэтыя гады невялікі літаратурна-мемарыяльны музей стаў сапраўдным культурным цэнтрам — месцам яднання людзей мастацтва, навукі й проста рамантыкаў і летуценнікаў. Тут вядзецца вялікая навукова-даследчая й асветніцкая праца, праходзяць навуковыя канферэнцыі, творчыя сустрэчы й фестывалі. Музей атрымаў неверагодную колькасць віншаванняў з залатым юбілеем, якія прыходзяць з усяго свету, і ў тым ліку ад вядомых літаратараў, мастакоў, музыкаў, артыстаў, палітычных дзеячаў. Прыйшло віншаванне й на беларускай мове: ад беларускай суполкі Феадосіі “Спадчына”, якая шмат гадоў супрацоўнічае з музеем пісьменніка. Яно й зразумела, бо Аляксандр Грын — наш супляменнік. Ягоны бацька паходзіў з дваран Віленскай губерні, цяпер гэта тэрыторыя Віцебскай вобласці (гл.: “У Аляксандра Грына — беларускія родавыя карані” — ГР, 13.08.2015). За гады існавання Музея Грына ў ягоных сценах не раз праходзілі літаратурна-музычныя вечарыны й выставы, прысвечаныя беларускай культуры.

На жаль, юбілейныя ўрачыстасці сёлета з‑за пандэміі не маглі адбыцца, і большасць віншаванняў былі толькі віртуальнымі. Але затое якімі! Музею прысвячалі вершы, музыку, запісвалі кліпы, міні-спектаклі й відэазвароты. Іх можна ўбачыць у сацсетках Фэйсбук (група “Друзья Феодосийского музея Александра Грина”) і Вконтакте (група “Музей Грина — Феодосия”). А свята ўсё ж мы адзначылі адкрыццём для наведвання адразу дзвюх выстаў з фондавай калекцыі: графіка й батык XVІІІ — XXІ стагоддзяў. Сярод аўтараў работ — вядомыя мастакі савецкага часу, у тым ліку стваральнік мастацкага праекта музея Сава Бродскі й легенда 60‑х гадоў Надзя Рушава.

Грынаўскі дом-карабель запрашае ўсіх у цудоўнае марское падарожжа пад ветразямі, напоўненымі старым добрым ветрам надзеі!

Ала Ярмілава, навуковая супрацоўніца Феадасійскага музея А. С. Грына, „Голас Радзімы“