Творчыя калектывы Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» прынялі ўдзел у святочных імпрэзах, прысвечаных Дню Расіі.
Сустракаючыся са сваімі сябрамі-суайчыннікамі, якія пражываюць сёння ў розных краінах, заўсёды ўспамінаем сваю малую радзіму – месца, дзе нарадзіліся, дзе прайшло дзяцінства і якое суправаджае нас, як анёл-захавальнік, на працягу ўсяго нашага жыцця.
Салісткі беларускіх вакальных ансамбляў «Каданс» і «Сузор'е» перад выступам
Айчына, край бацькоў, калыска, родная прастора – гэта словы-сінонімы вялікага і непадуладнага часу, такога святога паняцця, як Радзіма. Яна заўсёды сустракае нас са шчырай мацярынскай любоўю, радуючыся нашым поспехам і перажываючы за нашы няўдачы...
Радзіма... Яе веліч і важнасць для кожнага чалавека ў поўнай меры можна адчуць на святочных імпрэзах, прысвечаных значным датам дзяржавы. Для многіх маіх замежных суайчыннікаў асаблівым святам з'яўляецца 3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень яны імкнуцца быць на роднай зямлі, каб адчуць ўсенародны гонар за сваю гістарычную радзіму і атрымаць каласальны зарад духоўнай бадзёрасці.
Не застаюцца ў баку у нашых землякоў і галоўныя нацыянальныя святы краіны іх цяперашняга пражывання. Для беларусаў Самарскай вобласці асаблівай датай лічыцца 12 чэрвеня – Дзень Расіі, які штогод адзначаецца з 1992 года, як дзяржаўнае свята Расійскай Федэрацыі.
– Цяперашняе свята для беларусаў Самарскай вобласці было напоўнена асаблівым сэнсам і звязана гэта з тым, што яно праходзіла ў юбілейны год для беларускага вакальнага ансамбля «Каданс». Нашаму творчаму калектыву ў жніўні спаўняецца 10 гадоў з дня стварэння. Вельмі прыемна, што ў гэтае свята мы атрымалі грандыёзны падарунак з касмічнай арбіты – з Днём Расіі нас павіншаваў касманаўт з беларускімі каранямі Алег Арцем'еў. Яго бацька Герман Аляксеевіч Арцем'еў нарадзіўся ў пасёлку Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Цяпер ён жыве ў Віцебску, у горадзе з якім самарскую арганізацыю беларусаў звязваюць сяброўскія і дзелавыя адносіны, – з асаблівым гонарам кажа Юлія Аляксандраўна Цяплянская, кіраўнік моладзевага аддзялення Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000».
Трэба назваць і яшчэ адзін фактар, дзякуючы якому Дзень Расіі ў гэтым годзе для самарскіх беларусаў набыў асаблівае значэнне. Напярэдадні гэтага свята нашы суайчыннікі ў Самары падтрымалі ініцыятыву палкоўніка ў адстаўцы Андрэя Васільевіча Бандарэнка, намесніка старшыні Таварыства дружбы і супрацоўніцтва народаў Расіі і Украіны, сутнасць якой заключаецца ў тым, каб хадайнічаць перад Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь аб прысваенні звання Героя Беларусі (пасмяротна) капітану Гундзіловічу Паўлу Міхайлавічу.
Падчас абароны Масквы наш зямляк камандаваў 4-й ротай 2-га батальёна 1075-га стралковага палка 316-й стралковай дывізіі. Кіраваў абаронай у раёне Дубасекава, Валакаламскі раён, дзе 16 лістапада 1941 года яго рота разам з іншымі падраздзяленнямі дывізіі адбівала ўдары нямецкіх танкаў. Малая радзіма для Паўла была вёска Ліцьвяны цяпер Уздзенскага раёна Мінскай вобласці...
Асаблівы беларускі каларыт, у святкаванні Дня Расіі, стваралі выступлення беларускіх вакальных ансамбляў «Каданс» і «Сузор'е» на святочнай сцэне Парку культуры і адпачынку імя Юрыя Гагарына. У выкананні творчых калектываў гучалі рускія і беларускія народныя песні, сярод якіх былі ўжо ўпадабаныя жыхарам і гасцям Самары музычна-песенныя кампазіцыі.
На суд гледачоў вакальны ансамбль «Сузор'е», мастацкі кіраўнік Алена Кірылашава, прадставіў песню «Россия» і беларускую народную песню «Я скакала, плясала», а творчы калектыў-юбіляр «Каданс», мастацкі кіраўнік Іна Сухачэўская падарылі сваім прыхільнікам вядомыя і любімыя песні – «Кадриль», «Золотая ярмарка», «Бульбачка», папуры на тэму беларускіх народных песень і інш.
Сумесны выступ беларускіх вакальных ансамбляў «Каданс» і «Сузор'е» на святочнай сцэне Парку культуры і адпачынку імя Юрыя Гагарына
Кульмінацыяй святочных урачыстасцяў у Самары стаў грандыёзны гадзінны «Парад феерверкаў» на адрэстаўраванай чацвёртай чарзе Набярэжнай. Больш за 55 тысяч жыхароў і гасцей горада сталі ўдзельнікамі грандыёзнага свята, прысвечанага Дню Расіі.
– Удзел у агульнагарадскіх мерапрыемствах дазваляе нам знаёміць гараджан з самабытнай беларускай культурай. Я вельмі ўдзячная нашым педагогам, мастацкім кіраўнікам і салісткам творчых калектываў за іх прафесійны і творчы падыход па прасоўванні беларускіх звычаяў і традыцый на шматнацыянальнай самарскай зямлі, – са шчырай цеплынёй кажа Ірына Міхайлаўна Глуская, прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000».
Мікалай Бойка