19 лютага ў Харкаўскай абласной дзіцячай бібліятэцы адбылася незвычайная інтэрактыўная віртуальная вандроўка ў Беларусь пад назовам “Маляўнічы край лясоў ды азёр”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. Харкаўскія дзеці пазнаёміліся з цікавымі фактамі пра суседнюю краіну, яе звычаі і мову.
Паводле дадзеных ЮНЕСКА, беларуская мова сёння знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Падтрымка і нагадванне жыхарам Харкава пра лёс суседняга народа – важная сацыяльна-культурная місія, міжкультурны і міждзяржаўны мост паразумення, развіццё сяброўскіх адносін паміж краінамі праз знаёмства з культурай ды літаратурай, развіццё ўзаемнай павагі і ведаў ўкраінцаў пра Беларусь.
Імпрэза складалася з некалькіх блокаў: пазнавальнай прэзентацыі пра Беларусь, інтэрактыўнай гульні “Што вы ведаеце пра Беларусь?”, выставы кніг беларускіх пісьменнікаў з фондаў бібліятэкы ды прыватных калекцыяў – класікаў і сучасных.
Старшыня Харкаўскага гарадскога нацыянальна-культурнага аб’яднання беларусаў “Сябры”, сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Васіль Астаповіч звярнуўся да прысутных з гісторыяй пра сваё дзяцінства ў Беларусі і падараваў бібліятэцы зборнік вершаў дзвюхмоўнай (украінска-беларускай) харкаўскай паэткі і перакладчыцы Майі Львовіч.
Такія культурныя ініцыятывы дапамогуць пашырыць веды дзяцей праз знаёмства з іншай культурай ды паспрыяюць развіццю талерантнасці ўкраінскага грамадства.
Аляксандр Кузьменка, Харкаў