Пазваніў з Масквы Мікалай Андрэевіч Чаркашын. Пісьменнік-марыніст, ваенны журналіст. Зямляк: нарадзіўся ў Ваўкавыску ў 1946 годзе. Служыў у Ваенна-Марскім Флоце намеснікам камандзіра па палітычнай частцы на падводнай лодцы. І часта бывае ў Беларусі. Напісаў некалькі кніг, звязаных з ваеннай гісторыяй нашай Айчыны. “Хацелася б хутчэй наведацца ў Навагрудак”, — сказаў Мікалай Андрэевіч у тэлефоннай размове. Ён і раней не аднойчы прыязджаў на радзіму Адама Міцкевіча, добра ведае музей паэта.
Расказаўшы пра гэты званок дырэктару Міцкевічаўскага музея ў Навагрудку, апантанаму збіральніку памяці пра класіка польскай літаратуры Міколу Гайбе, я пачуў у адказ: “Арганізуем сустрэчу з Мікалаем Андрэевічам, пакажам яму Навагрудак і Навагрудчыну літаратурную. Горад і наша старонка звязаны з імёнамі многіх пісьменнікаў…”
Давайце й мы паспрабуем успомніць, хто з паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў мае дачыненне да старажытнага горада.
Канешне ж, у Навагрудку хапае адрасоў, звязаных з імем Адама Міцкевіча (1798–1855). Пры мясцовым кляштары з 1751 па 1831 год дзейнічала дамініканская школа. Там у 1807–1815 гадах і вучыўся аўтар “Пана Тадэвуша”. Разам з Адамам Міцкевічам у школе дамініканцаў вучыўся і Ян Чачот, будучы польскі паэт, збіральнік фальклора. Праз гады Ігнат Дамейка так напіша пра двух легендарных вучняў: “Два нашыя студэнты Наваградскай школы з гадоў маленства ведалі добра літоўскі люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася й тое, што малое мястэчка Наваградак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха й народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў. Ян жа да смерці заставаўся верны роднай паэзіі…”
Барэльеф у гонар класіка
Па міцкевічаўскіх мясцінах і правядзе нас Мікола Гайба. Канешне ж, самая грунтоўная частка экскурсіі — у самім Доме-музеі, які першапачаткова быў адчынены ў 1938 годзе. У гады Другой сусветнай вайны музей быў моцна пашкоджаны. І аднавілі гэты асяродак асветніцтва, культуры ўжо ў 1955 годзе. У 1989–91 гадах правялі чарговую рэканструкцыю. А сучасны выгляд музей набыў у 2001 годзе.
“У нашай экспазіцыі, фондах музея захоўваюцца некалькі тысяч экспанатаў, — расказвае Мікола Гайба. — Вялікая калекцыя твораў выяўленчага мастацтва. Дарэчы, у нас заўсёды шмат наведнікаў: летась у музей прыйшло больш за 80 000 чалавек. Гэта і ўражвае, і прымушае шукаць самыя розныя формы арганізацыйнай, даследчыцкай актыўнасці”.
Разам з Міколам Гайбам, гуляючы па Навагрудку, згадваем таксама іншых літаратараў — ураджэнцаў старажытнага паселішча. У 1707 годзе тут нарадзіўся польскі паэт і каталіцкі прапаведнік, доктар тэалогіі Юзаф Бака. Пасля й служыў ён у родным мястэчку місіянерам. Выдаў некалькі кніг духоўнай прозы на лацінскай і польскай мовах. Юзаф Бака — і аўтар двух зборнікаў вершаў. Пры жыцці да паэта ставіліся досыць крытычна, творы яго называлі “безгустоўшчынай”. Быў і такі выраз: “Вершы а ля Бака”. А ў канцы XІX — на пачатку XX стагоддзяў вырастала зацікаўленасць творчасцю Юзафа Бака. Сёння яго лічаць самым слынным паэтам позняга барока. Дарэчы, ва Уладзіслава Сыракомлі ёсць праграмны верш “Наследаванне Баку”.
З горадам Міцкевіча звязаны й лёс беларускага паэта Алеся Бажко (1917–2013), які ў 1936–1938 гадах вучыўся ў Музычным інстытуце імя Станіслава Манюшкі ў Наваградку. Пасля заканчэння тае ўстановы малады чалавек паступіў вучыцца ў Варшаўскую кансерваторыю. Вучоба была спынена з пачаткам Другой сусветнай вайны. Алесь Бажко вярнуўся на Карэліччыну ды некаторы час працаваў дырэктарам Мірскага раённага дома культуры.
Яркая фігура сярод наваградскіх літаратараў — пісьменнік-мемуарыст Ігнацій Яцкоўскі (1800–1873). Працаваў ён адвакатам. У часе паўстання 1830–1831 гадоў дзейнічаў разам з наваградскімі паўстанцамі. Ваяваў у складзе 13‑га ўланскага палка ў атрадзе Генрыка Дэмбінскага. Пасля паражэння паўстання хаваўся ў Кракаве. У 1833‑м з Трыеста выехаў у Паўночную Амерыку, а праз некаторы час пераехаў у Лондан. Кіраваў польскай друкарняй ды кнігарняй у Тотэнхеме, прыгарадзе Лондана. У 1857‑м годзе атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. Жыў пад Наваградкам. Пісаў і друкаваў публіцыстычныя артыкулы, нарысы ўспамінаў, вершы. Аўтар публіцыстычных кніг “Палітычныя творы” (Лондан, 1853), “Трохгадовае знаходжанне на Усходзе” (Лондан, 1857). У мемуарах “Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды” (першае выданне выйшла ў Лондане ананімна ў 1854 годзе) змясціў верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” разам са звесткамі пра яго аўтара — Паўлюка Багрыма. (Цяпер, праўда, ёсць вялікія сумненні: ці быў менавіта Паўлюк Багрым аўтарам знакамітага верша, ды гэта ўжо тэма іншай гаворкі. — Рэд.)
У Наваградку нарадзіўся вядомы рускі філосаф, юрыст, журналіст, публіцыст, літаратурны крытык Сямён Лур’е (1867–1927). Працаваў ён у часопісе “Русская мысль”, газеце “Русские ведомости”. Друкаваўся ў часопісах “Историческое обозрение”, “Восход”, “Мир искусства” ды іншых выданнях. У 1919 годзе эміграваў у Францыю.
“Здаецца, якое дзесяцігоддзе ні вазьмі — паўсюль па часе раскіданы ў Навагрудку літаратурна-краязнаўчыя памяткі, — гаворыць наш гід Мікола Гайба. — Мяркуйце самі… Мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі ў ХVІ стагоддзі служыў падсудкам наваградскага земскага суда. Па дарозе ў Гродна ў адной з блізкіх да мястэчка вёсак спынілася з‑за хваробы славутая пісьменніца, драматург Францішка Уршуля Радзівіл. Яе прывезлі ў бальніцу ў Наваградак, дзе яна й памерла. У Наваградку служыў ваяводам князь Юзаф Аляксандр Яблонскі, прычым пятнаццаць гадоў служыў: з 1755 па 1772. Вядомы ён і як гісторык, бібліёграф, перакладчык, паэт. Літаратарам быў і другі наваградскі ваявода — Мікалай Хрыстафор Халецкі. Ён служыў раней за Яблонскага: у 1650–53‑м. На цэлае стагоддзе раней. Ягоны першы літаратурны твор — панегірык гетману Яну Замойскаму — быў надрукаваны ў Францыі ў 1606 годзе. Халецкі — аўтар многіх навуковых трактатаў, гістарычных даследванняў. Імёнаў можна згадваць безліч… У Навагрудку закончыў гарадское вучылішча яшчэ задоўга да Першай сусветнай вайны паэт, сатырык, гумарыст Анатоль Дзяркач”.
Цяжка й пералічыць, колькі пісьменнікаў прыязджалі ў Навагрудак напрыканцы XX — на пачатку XXІ стагоддзя. Польскія, рускія, беларускія… Імёны шмат каго з іх можна ўзнавіць, зазірнуўшы ў кнігу наведнікаў Дома-музея Адама Міцкевіча. А будзеце мець крыху болей часу — зазірніце яшчэ і ў Навагрудскі краязнаўчы музей. І там не абышлося без памятак літаратурна-краязнаўчых…
Алесь Карлюкевіч, „Голас Радзімы“
Мікола Нікалаеў
Ад рэдакцыі „Голаса Радзімы“. З цяперашніх вядомых беларусаў замежжа, якія маюць непасрэднае дачыненне да Навагрудка, згадаем старшыню Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў, доктара філалагічных навук Міколу Нікалаева. Дзякуючы яму пабачыла свет “Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі ХVІІ стагоддзя” — і яна прэзентавалася ў лютым 2015 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў плыні круглага стала “Старажытнасці Навагрудчыны”. У кнізе пададзены арыгінальны тэкст і пераклад на сучасную беларускую мову выдання 1673 года, там ёсць гістарычныя звесткі, апісанне цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы. Аўтар змясціў у кнізе й кароткі гістарычны нарыс Наваградка ў часы атрымання абраза, а таксама мясцовай рэзідэнцыі ордэна езуітаў. Арыгінал кнігі, якой карыстаўся аўтар пры падрыхтоўцы выдання, знаходзіцца ў Пецярбурзе, у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы. Цікавасць да гісторыі Наваградчыны ў Міколы Нікалаева не выпадковая: ён жа вучыўся ў навагрудскай СШ № 4, дзе пад уплывам настаўніка гісторыі Пятра Мазуры й пачаў захапляцца вывучэннем даўніны. Мікола Нікалаеў — аўтар шматлікіх манаграфій па беларускай кніжнай культуры: “Палата кнігапісная”, “Беларускі Пецярбург”, “Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага” ды іншых.