Пра пачатак новай палітычнай дзейнасці Андрэй распавядае чытачам «Новага Часу».
— У тваёй біяграфіі, змешчанай на партыйным сайце, гаворыцца, што апошнія 20 гадоў ты быў па-за палітыкай. Што прымусіла зноў заняцца гэтай няўдзячнай справай?
— Чалавек можа выдатна ўстрымлівацца ад актыўнага палітычнага жыцця. Асабліва калі мае шмат працы, вялікую сям’ю, гаспадарку. Але заўсёды хочацца чагосьці большага — нейкага драйву, новых сяброў, успомніць рэвалюцыйную маладосць, урэшце... Назіраць за палітычным жыццём бывае вельмі цікава. А рабіць яго — яшчэ цікавей.
Борман з сябрамі-анархістамі Лёлікам Ушкіным і Паўлюком Канавальчыкам. Фота з архіву Бормана.
— Чаму ты абраў менавіта Партыю піратаў?
— Адна з прычынаў, чаму я так доўга ўстрымліваўся ад палітыкі, — тое, што не было партый, з якой бы мне гэта хацелася супрацоўнічаць. Палітычнае жыццё ў Чэхіі традыцыйна лічыцца экстрэмальна брудным і амаральным бізнесам. Паводле сацыялагічных апытанняў, нават чорнарабочы на будоўлі ці асенізатар маюць у вачах грамадзян вышэйшы рэйтынг. І раптам з’явіліся «піраты», якія, здаецца, нясуць змены.
— Чэшская Партыя піратаў — гэта, без сумневаў, феномен. Заснаваная ў 2009 годзе структура ледзь не трапіла ў Еўрапарламент, ужо мае сенатара, бургамістра. Зараз у яе добрыя шансы стаць парламенцкай партыяй. Чаму арганізацыя, якая пазіцыянуе сабе як абаронцу правоў і свабод у інтэрнэце, знайшла адносна вялікую падтрымку ў чэшскім грамадстве?
— Нават калі б Партыя піратаў засталася ў нішы абароны свабоды слова ў інтэрнэце, яна б і тады мела пэўныя шанцы. Але недастатковыя для таго, каб выйсці ў вялікую палітыку. Таму «піраты» высадзіліся на бераг і пачалі пашыраць свае ідэалы ў рэальным свеце. Першым была поўная адкрытасць — у нас няма закрытых унутрыпартыйных дыскусій, усё рашэнні абмяркоўваюцца і прымаюцца на кожным адкрытым партыйным форуме. У нас няма патаемных спонсараў — кожная крона, якую атрымлівае партыя, бачная на транспарэтным рахунку. У атмасферы татальнай карупцыі, кліенталізму і хлусні — гэта рэчы, якія даюць Партыі піратаў вельмі вялікі крэдыт даверу. Ёсць шмат людзей, якія разыходзяцца з намі па шматлікіх праграмных рэчах, але наша адкрытасць прыцягвае і іх. А пасля такіх асобаў прасцей пераканаць і праграмна.
— Як арганізаваныя парламенцкія выбары ў Чэхіі? Ці ёсць у цябе шанец стаць дэпутатам?
— Парламенцкія выбары ў Чэхіі адбываюцца паводле прапарцыйнай сістэмы. Краіна падзеленая на 14 краёў — адміністрацыйных адзінак, што адпавядаюць беларускай вобласці, але троху меншыя. Кожнаму краю належыць пэўная колькасць мандатаў (у залежнасці ад колькасці насельніцтва). Рэгіянальныя партыйныя арганізацыі ствараюць свае спісы. Па выніках выбараў лічыцца, колькі назбіралі партыі па краіне наогул. Тыя, што не маюць 5%, выходзяць з гульні. Галасы, атрыманыя гэтымі партыямі, дзеляцца паміж пераможцамі. А пасля пачынаюць дзяліць мандаты ў краях паводле лакальных галасоў. У нашым (Пардубіцкім) краі я на шостай пазіцыі ў партыйным спісе. Каб стаць дэпутатам, трэба атрымаць вельмі шмат — працэнтаў 40.
— А як чэшскія выбаршчыкі ставяцца да таго, што ў парламент іх краіны ідзе этнічны беларус?
— Большасць выбаршчыкаў пра гэта не даведаецца. Нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасці кандыдатаў у бюлетэнях няма. А чытаць поўныя біяграфіі на партыйных сайтах цікава мала каму. Галасуюць пераважна за партыю альбо за партыйнага лідара.
— У еўрапейскай прэсе можна пабачыць тэксты, у якіх гаворыцца, што гэтыя выбары для Чэхіі фатальныя. Маўляў, пасля іх Чэхія папоўніць клуб краін, дзе палітычную моду задаюць папулісцкія партыі. Маецца на ўвазе, што фаварыт выбараў — партыя ANO 2011, якая, па сутнасці, ёсць асабістым праектам алігарха Андрэя Бабіша. Ці ёсць падставы спяваць рэквіем па чэшскай дэмакратыі?
— Партыя Бабіша — папросту прыватная алігархічная структура, якую можна было б параўноўваць з партыяй Лукашэнкі, калі б тая існавала. Значна больш небяспечным, мне падаецца, ёсць рост нацыянал-папулісцкай (зноў жа, прыватнай) партыі Томіа Акамуры, якая штурмуе рубеж у 10%. Акамура — прафесійны дэмагог, які будуе кампанію на ксенафобіі і ісламафобіі, заклікае да выхаду з ЕС, падтрымлівае анексію Крыма і гэтак далей. Ён, а не Бабіш, выступае сілай, якой палохаецца Еўропа. Не выключана, што пасля выбараў Бабіш і Акамура створаць кааліцыйны ўрад. Так што гэта яшчэ не рэквіем па дэмакратыі, але сітуацыя вельмі цікавая.
— Што ўяўляе сабой беларуская грамада ў Чэхіі? Каму яна сімпатызуе на гэтых выбарах?
— Беларуская грамада не вельмі кансалідаваная. Большасць беларускіх актывістаў жыве ў Празе, дзе мяне няма. Акрамя таго, ёсць некалькі беларускіх суполак у фэйсбуку. Як звычайна бывае, дзе два беларусы — там тры партыі. Думаю, што сваіх беларускіх сімпатызантаў мае хіба не кожная чэшская партыя з 31-й, што бяруць удзел у гэтых выбарах.
Борман на Плошчы Незалежнасці. Фота Уладзіміра Кармілкіна.
— Ці дапускаеш ты варыянт вяртання на радзіму? Калі так, у якой якасці? На тваю думку, ці магчыма аднавіць у Беларусі Партыю аматараў піва?
— У якасці пенсіянера. Партыю адрадзіць можна і трэба. Але выключна пры ўмове працуючых дэмакратычных механізмаў і прапарцыйнай выбарчай сістэмы.