Наша Паліна — беларуская дзяўчына

З 16 па 21 кастрычніка пад Масквой, у Нара-Фамінску працаваў ІІІ Усерасійскі патрыятычны міжнацыянальны маладзёжны лагер “Поколение” — пад эгідай Федэральнага Агенцтва па справах нацыянальнасцяў Расіі. Маладыя людзі абмяркоўвалі праблемы міру, дружбы, патрыятызму, адзінства нацый ды іншыя пытанні жыцця грамадства. Бранскую вобласць прадстаўлялі ў лагеры дзве дэлегаткі: Паліна Марозава — ад Беларускага зямляцтва, Зарына Алімава — ад таджыкскай дыяспары вобласці.


img-20191018-wa0000.jpg

Паліна Марозава і Зарына Алімава ў маладзёжным лагеры


Палінаю мы ганарымся: яна цяпер — аспірантка, стажор-даследчыца Сколкаўскага інстытута навукі й тэхналогій. Пасля працы лагера дзяўчына расказала, што паўдзельнічала ў патрыятычным зборы 170 маладых дэлегатаў з 52 расійскіх рэгіёнаў. Многія пасябравалі, абменьваліся тэлефонамі, адрасамі — каб і надалей не губляцца. Цікава, што апошнім акордам у працы лагера стала падвядзенне вынікаў працы над кароткаметражкамі, якія стваралі 8 груп удзельнікаў на тэму міжнацыянальных адносін, маладзёжных праблем. Журы вызначыла з іх 5 найбольш удалых, змястоўных і рэкамендавала Федэральнаму Агенцтву па справах нацыянальнасцяў Расіі да паказу на рэгіянальных тэлеканалах. А Гран-пры атрымаў фільм “Не прыгай!”, у стварэнні якога паўдзельнічала, прычым актыўна, Паліна Марозава. Дарэчы, яна была ў лагеры адзіная ад беларускіх суполак у Расіі.

Сярод розных цікавых імпрэзаў, якія ладзіліся ў лагеры, была й сустрэча з касманаўтам, Героем Расіі Алегам Арцем’евым, у якога — беларускія родавыя карані, а бацькі яго жывуць у Віцебску. На сустрэчы з Марыяй Захаравай, дырэктарам Дэпартамента інфармацыі й друку Міністэрства замежных спраў Расіі, Паліна Марозава мела магчымасць задаць пытанне пра развіццё Саюзнай дзяржавы, уніфікацыю законаў дзвюх брацкіх краін — і атрымала змястоўны адказ.

Мікалай Голасаў, кіраўнік Беларускага зямляцтва Браншчыны, "Голас Радзімы"