Да нядаўняга часу існаванне савецкіх палонных у Нарвегіі было таямніцай. Рэдакцыя «Новага Часу» атрымала ліст ад журналіста з Нарвегіі Пэра Еўнэ. Ён дапамагае даследчыцы з Осла, спадарыні прафесару Ліў М’елдэ, якая шукае народжаных у апошнія гады Другой сусветнай вайны ў нарвежскіх лагерах дзяцей савецкіх ваеннапалонных. Сярод іх былі і беларусы.
Макет скульптуры Юрыя Сальнікава «Жанчына на вятры». Фота: planeta.ru
Нажніцы фірмы «Золінген»
У 2005 годзе прафесар Ліў М’елдэ прыехала ў Санкт-Пецярбург і пазнаёмілася з Міхаілам Сальнікавым, які распавёў, што яго бацька, мастак Юрый Сальнікаў, нарадзіўся ў Нарвегіі ў 1944 годзе, але не ведаў, дзе менавіта. На працягу 45 гадоў Юрый Сальнікаў спрабаваў раскрыць таямніцу свайго нараджэння. У свае маладыя гады ён верыў у тое, што быў народжаны ва Уладзівастоку. Але ў 1961 годзе воляй выпадку ён даведаўся, што нарадзіўся ў лагеры для ваеннапалонных, які размяшчаўся ў Нарвегіі недалёка ад Паўночнага палярнага круга.
Прафесар Ліў М’елдэ. Фота Тамары Сушко
Сапраўдную гісторыю знаёмства бацькоў распавёў Юрыю яго дзядзька. Аднойчы Юрый убачыў нажніцы фірмы «Золінген», пакінутыя на стале ў гасцёўні яго бабулі. Ён спытаў свайго дзядзьку: «Не падобна, што гэтыя нажніцы зробленыя ў Савецкім Саюзе. Адкуль яны?» Дзядзька распавёў, што нажніцы прывезла маці Юрыя з нарвежскага палону ў жніўні 1945 года. Яна вярнулася з Юрыем на руках, парай бляшанак рыбных кансерваў і нажніцамі фірмы «Золінген».
Выявілася, што 17-гадовая Галіна Караленка і 24-гадовы Фёдар Савін-Сальнікаў аказаліся ў Нарвегіі ў 1942 годзе. Былі савецкімі палоннымі, у перыяд з 1942 па 1945 гады прымусова працавалі на рыбным заводзе непадалёк ад невялікага горада Будзё на поўначы Нарвегіі. Яны ніколі не дзяліліся з сынам сваімі ваеннымі ўспамінамі і не распавядалі пра яго нараджэнне ў Нарвегіі. Ні словам не ўзгадвалі яны і свае цяжкія выпрабаванні ваеннага часу.
Галіна і Фёдар атрымалі пасведчанне аб нараджэнні Юрыя ва Уладзівастоку праз два гады, 18 сакавіка 1947 года. У той дзень Галіна нарадзіла другога хлопчыка, і Юрый ды яго малодшы брат былі зарэгістраваныя народжанымі ў адзін дзень як блізняты. Юрый думаў, што яму было 14 гадоў на той момант, калі дзядзька распавёў яму праўду. У той дзень ён даведаўся, што яму 16 і што ён быў народжаны на тэрыторыі Нарвегіі. Аднак дакладнае месца нараджэння Юрыя засталося таямніцай, якую яго бацькі забралі з сабой у магілу.
Кашалёк з рыбінай скуры з надпісам «Будзё. 194?» і некалькі фотаздымкаў, якія датаваліся апошнімі днямі вайны, — усё, што засталося па смерці Юрыных бацькоў у 1990-х гадах. Гэтая інфармацыя стала адпраўной кропкай даследавання. Пазней імёны Юрыя і яго бацькоў былі выяўленыя ў спісах работнікаў рыбнай фабрыкі ў Лангстрандзе, замацаванай за рускім лагерам для ваеннапалонных на тэрыторыі камуны Будзін, недалёка ад горада Будзё.
Карта фабрыкі Frostfilet A / S за межамі Будзё падчас Другой сусветнай вайны. Фота прадастаўлена Музеем вайны ў Будзё
100 000 мужчын і 1400 жанчын
Прафесарка Ліў М’елдэ пачала вывучаць гісторыю савецкіх ваеннапалонных. І ўстанавіла, што нацысты звозілі на прымусовыя працы ў Нарвегію людзей, сярод якіх былі і жанчыны, што нараджалі дзяцей у зняволенні.
Даследчыца напісала кнігу «Сакрэт пары нажніц» (Saksens hemmelighet), прысвечаную савецкім жанчынам, іх працы, жыццю і нараджэнню дзяцей у нямецкіх лагерах для ваеннапалонных на поўначы Нарвегіі. Аўтарка прасачыла за лёсамі некаторых з іх і ўзяла інтэрв’ю.
Прыблізна 100 000 мужчын і каля 1400 жанчын з Савецкага Саюза працавалі на розных вытворчых прадпрыемствах на тэрыторыі Нарвегіі на працягу акупацыйнага перыяду.
Жанчыны «з усходу» працавалі ў паўночнай частцы краіны на прадпрыемствах па апрацоўцы рыбы, якія імкліва разрасталіся. Заводы, размешчаныя ў Хамерфэсце, Свольверы, Будзё, займаліся раздзелкай рыбы. Праца кантралявалася нямецкім і нарвежскім начальствам.
Савецкія жанчыны нарадзілі ў нарвежскіх лагерах каля 150 дзяцей. Прыкладна 50 дзяцей нарадзілася ў лагеры ў Лангстрандзе недалёка ад Будзё ў 1944–1945 гадах, і Юрый Сальнікаў быў у іх ліку. Але адсачыць іх лёсы — складаная задача.
Спіс дзяцей, народжаных савецкімі жанчынамі ў Будзё
У Нарвегіі факт нараджэння дзяцей не рэгістраваўся ні ў грамадзянскіх актах, ні ў царкоўных метрыках. Юрыю Сальнікаву ў кастрычніку 2005 года мінула 60 гадоў, калі ён нарэшце атрымаў пацверджанне таго, што быў народжаны ў Нарвегіі ў канцы 1944 года. Пацвердзіць гэтыя звесткі атрымалася дзякуючы электронным архівам, якія захоўваюць спісы з імёнамі савецкіх палонных, перапраўленых у Савецкі Саюз з нарвежскага Нарвіка праз шведскі партовы горад Лулеа летам 1945 года.
Савецкія ваеннапалонныя, як і грамадзянскія асобы, так званыя «остарбайтары», былі адпраўленыя ў Нарвегію яшчэ ў жніўні 1941 года з прычыны дэфіцыту насельніцтва, гатовага займацца некваліфікаванай працай. Іх даставілі ў Будзё ўжо ў верасні 1941 года. 22 чэрвеня 1942 года нямецкі марскі транспарцёр «Левантэ» даставіў у Хамерфэст 700 савецкіх ваеннапалонных. 150 маладых жанчын, захопленых у палон на тэрыторыі ўсходнееўрапейскіх дзяржаў і СССР, былі прымусова адпраўленыя на працу на рыбазаводы. Гэта першы даступны дакумент, які сведчыць аб прыбыцці жанчын з Усходняй Еўропы, аднак вядома таксама, што палонныя дастаўляліся і ўвосень 1942 года.
Пачынаючы з чэрвеня 1942 года савецкія ваеннапалонныя і мірныя жыхары, адпраўленыя на прымусовыя работы, дастаўляліся на завод «Фростфіле» ў Лангестрандзе. Яны працавалі поплеч з нарвежскімі супрацоўнікамі. Жанчыны на новым канвееры па падрыхтоўцы рыбнага філе займаліся раздзелкай, узважваннем і пакаваннем.
Фабрыка Frostfilet A / S за межамі Будзё падчас Другой сусветнай вайны. Фота прадастаўлена Музеем вайны ў Будзё
Хто яны — савецкія палонныя ў Нарвегіі?
Да нядаўняга часу існаванне савецкіх палонных, іх уклад у развіццё прамысловасці Нарвегіі ў гады вайны, роўна як і гісторыі іх лёсаў пасля вяртання ў Савецкі Саюз, заставалася таямніцай. Некаторыя нарвежцы самі ўспамінаюць пра рускіх палонных, аднак выяўлена вельмі мала дакументаў, якія сведчаць пра іх знаходжанне ў Нарвегіі і іх далейшыя лёсы.
Паняволеных работнікаў з Усходу, якія працавалі на рыбазаводзе ў Лангстрандзе, мясцовыя жыхары часцяком называлі ўкраінцамі. У Хамерфэсце палонных работніц з СССР называлі «русіэнтэ». Пры дэталёвым аналізе стала бачна, што мужчыны былі родам з многіх гарадоў Савецкага Саюза, роўна як і з іншых акупаваных краін. Жанчыны былі захопленыя ў палон і адпраўленыя на прымусовыя работы з Расіі, Беларусі і Украіны, большасць з іх — рускія з гарадоў і вёсак. 52 жанчыны нарадзілі дзяцей у апошні год вайны.
Фабрыка Frostfilet A / S за межамі Будзё падчас Другой сусветнай вайны. Фота прадастаўлена Музеем вайны ў Будзё
Прасачыць лёсы гэтых людзей стала складанай задачай як у Нарвегіі, так і на постсавецкай прасторы. Даследчыкам удалося выявіць пецярых з іх, трох дзяцей і дзвюх маці. Надзеі Лакуцінай, Юрыю Сальнікаву і Валянціне Сцёпінай ужо за 70. Дзве прымусовыя работніцы, Ганна Каляда і Марфа Максімаўна Сцёпіна, яшчэ нядаўна былі жывыя, яны далі інтэрв’ю, іх успаміны былі часткова запісаныя.
У Лулеа 8 траўня 2005 года была адкрыта мемарыяльная пліта, якая ўвекавечыла памяць 24 399 савецкіх ваеннапалонных і прымусовых работнікаў, якія былі перапраўленыя на цягніках з Нарвіка ў Лулеа для вяртання ў СССР летам 1945 года.
Карта фабрыкі Frostfilet A / S падчас Другой сусветнай вайны. Фота прадастаўлена Музеем вайны ў Будзё
У сваю чаргу, мастак Юрый Сальнікаў стварыў макет для скульптуры, якую хоча падарыць гораду Будзё, дзе ён нарадзіўся. Скульптура выяўляе жанчыну, якая стаіць на вятры, — яна так і называецца «Жанчына на вятры». Вецер і холад былі штодзённымі спадарожнікамі палонных на іх шляху з лагера на фабрыку раніцай і ўвечары. Сёння ёсць магчымасць усталяваць мемарыял, прысвечаны гэтым людзям, калі аўтар знойдзе фінансавую падтрымку.
Вядома, што бацькі некаторых дзяцей, што нарадзіліся ў лагеры ў горадзе Будзё падчас вайны, паходзілі з Беларусі. Так, ваеннапалонны з Беларусі Міхаіл Дамінікавіч Петручэня з Салтанаўшчыны быў змешчаны на ферму пад Тронхеймам, дзе ён атрымліваў ежу і лячэнне ў апошнія месяцы вайны. На ферме ў яго з’явіўся добры сябра, 11-гадовы хлопчык па імені Колбейн. Некалькі гадоў таму нарвежскі журналіст Пэр Еўнэ знайшоў Міхаіла і прывёз Колбейна ў Беларусь, каб яны маглі сустрэцца зноў.
Беларус Міхаіл Петручэня (злева) і яшчэ адзін ваеннапалонны, а таксама 11-гадовы Колбейн і яго мама. Фота прадастаўлена Пэрам Еўнэ
А вось імёны людзей з Беларусі, якіх усё яшчэ шукаюць:
Курэева (Кірэева?) Кацярына Фёдараўна (1925) з Магілёва. Яе сын Яўген Міхайлавіч, нарадзіўся ў Нарвегіі 05.01.1944.
Арлоўская Марыя Васільеўна (01.01.1922) з Магілёва. Яе дачка Арлоўская Святлана Аляксандраўна, нарадзілася ў Нарвегіі 01.01.1945.
Сяднёў Яўген Пятровіч, нарадзіўся ў Нарвегіі 16.12.1944. Бацька Пётр Васільевіч (1920), маці Сяднёва Зінаіда Аляксееўна (1910).
«Ці магчыма сёння знайсці гэтых дзяцей ці іх сем’і?» — задаецца пытаннем журналіст Пэр Еўнэ.
Мы паспрабуем дапамагчы нарвежскім даследчыкам. «Новы Час» ужо накіраваў запыты пра гэтых людзей у Архіў органаў ЗАГС Магілёўскай вобласці, а таксама ў Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. Мы таксама просім вас, дарагія чытачы, адгукнуцца, калі вы ведаеце штосьці пра іх лёсы, каб яны не былі забытыя.