На свяце Купалля ў беларусаў Літвы

У беларусаў Літвы ёсць даўняя традыцыя разам адзначаць беларускае народнае свята “Купалле” і запрашаць на гэта свята гасцей. І зараз у 21 раз Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы ладзіла прыгожае свята “Купалле” ў маляўнічым куточку на беразе возера непадалёк ад Тракая.

Усіх прысутных вітаў Паўнамоцны і Надзвычайны пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Міхайлавіч Кароль. Шматгадовыя вядучыя свята Сяргей і Вольга Шабадалавы адразу запрасілі на сцэну ганаровых гасцей з Даўгаўпілса дырэктара Цэнтра беларускай культуры і старшыню таварыства “Уздым” Жанну Раманоўскую і сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзьку і пачулі ад іх словы падзякі за плённае супрацоўніцтва і спадзяванне, што добрыя стасункі будуць мець працяг у будучым. Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “Ты мая Купалінка”. Затым выступалі вакальныя калектывы “Раніца” з Салечнікаў (мастацкі кіраўнік Францішак Міцкевіч), ансамбль беларускай песні “Світанак” (мастацкі кіраўнік Алена Пішчыкене) і фальклорны ансамбль “Сузор’е” (мастацкі кіраўнік Ніна Мельнікава) з Вісагінаса, саліст Сяргей Шабадалаў і вакальны гурт з Мінска “Беларускі гасцінец” (мастацкі кіраўнік Ларыса Красна). Тут сярод многіх беларускіх народных і аўтарскіх песен прагучалі песні на словы Станіслава Валодзькі “Зязюля”, “Касцёр для дваіх” і “Беларускі дом” кампазітараў Аляксандра Рудзя і Альберта Белуся. Павесялілі прысутных нардныя гульні і карагоды. У свяце прымалі ўдзел дэлегацыі беларскіх суполак Літвы і іх кіраўнікі Алег Давідзюк, каардынатар беларускага культурнага цэнтра “Крок” (Вісагінас); Рэгіна Дзьмухаўская, дырэктар беларускага культурнага цэтра “Раніца” (Салечнікі); старшыня Пабрадскага філіяла клуба «Сябрына» Марыя Рабовіч, старшыня Таварыства беларусаў Швянчонскага раёна Алег Сусвіла, старшыня Суполкі «Надзея» Варэнскага раёна Іван Саковіч, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны Дыяна Стахновіч.

Пасля заходу сонца была магчымасць палюбавацца феерверкам пасярод возера ў гонар гэтай падзеі.

Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”