Беларусы і ўкраінцы па-ранейшаму часцей за іншых звяртаюцца за атрыманнем права на пастаяннае альбо часовае пражыванне ў Падляшскім ваяводстве Польшчы.
Паводле дырэктара аддзела па справах грамадзянства і іншаземцаў управы Падляшскага ваяводства Анджэя Гаўкоўскага, якога цытуе беластоцкае “Радыё Рацыя”, за часовым пражываннем найбольш звяртаюцца ўкраінцы. Са слоў чыноўніка, на часовы від жыхарства ад агульнай колькасці тых, хто падаў заявы, прэтэндуюць 50% украінцаў і 40% беларусаў. Аб пастаянным пражыванні ў Падляшскім ваяводстве 80% ад агульнай колькасці тых, хто падаў заявы – беларусы. Канкрэтныя лічбы беларусаў і ўкраінцаў, якія звяртаюцца за часовым альбо пастаянным відам на жыхарства на Падляшшы, чыноўнік не называе.
Гаўкоўскі ўдакладняе, што з Беларусі ў Польшчу прыязджаюць людзі розных нацыянальнасцяў, але большасць з іх тыя, хто жыў на беларуска-польскім памежжы.
Аляксей Міхалёў, "Народная Воля"