На Купаллі ў Клайпедзе

23–24 чэрвеня сябры беларускага культурна-асветніцкага таварыства „Уздым“ на чале са старшынёй таварыства Жаннай Раманоўскай прынялі ўдзел у свяце „Купальскае гулянне“ ў Клайпедзе. У маляўнічым куточку, у сядзібе „Гервайчу“, на беразе ракі Мінія адбыўся яскравы канцэрт з удзелам вакальных калектываў: „Купалінка“, „Верасок“ (Клайпеда), „Світанак“ (Вісагінас), „Раніца“ (Шальчынінкай), „Спадкі“ (Тарту), „Сябры“ (Нарва), „Паўлінка“ (Ліепая), „Купалінка“ (Даўгаўпілс) і ансамбля з Беластоку. У выкананні даўгаўпілскай „Купалінкі“ разам з беларускімі народнымі песнямі прагучала латгальская народная песня „Auga, аuga rūžeņa“ („Ой, вырасла ружачка“) у маім перакладзе на беларускую мову. Я прачытаў свой верш „Купальская ночка“. Акрамя песень удзельнікі ансамбля „Купалінка“ прадставілі дзве народныя гульні, у якіх маглі паўдзельнічаць усе жадаючыя. У свяце сярод ганаровых гасцей былі амбасадар Беларусі ў Літве Валеры Бараноўскі і саветнік амбасадара Ірына Зубко. Гулянне прадоўжылася да позняй ночы з карагодамі каля вогнішча.

На наступны дзень цікавай была наша вандроўка на кацеры ўздоўж Куршскай касы і пешая прагулка па старым городзе.

Выказваем падзяку за запрашэнне і гасціннасць гаспадароў свята і асабіста кіраўніка ансамбля „Світанак“ саліста Сяргея Шабадалава і старшыню Аб’яднання беларускіх суполак Літвы Мікалая Логвіна.


3.png


Купальская ночка

Кола палаючы коціцца – сонца,
Быццам ад смеху заходзіцца, сонца, –
Хутка надыдзе Купальская ночка,
Як і дагэтуль, потым бясконца...

Ой, дзяўчыночка, –
Купальская ночка!
Кветачкай ты ў карагодзе-вяночку.
Ой, дзяўчыночка, –
Купальская ночка!
Чый да твайго прытуліўся вяночка?

Вогнішча б’ецца, да зорачак рвецца,
Вогнішча, быццам вялікае сэрца.
Так і дзявочае сэрца трапеча,
Вырвецца птушкаю з клеткі, здаецца...

Ой, дзяўчыночка, –
Купальская ночка!
Чый да твайго прытуліўся вяночка?
Ой, дзяўчыночка, –
Купальская ночка!
Што ў тым вяночку так звоняць званочкі?

Дзеўкі ад хлопцаў жартоўна ўцякаюць, –
Зорачку шчасця у пушчы шукаюць.
Раптам знайшоўшы, –
Ў абдымках сціскаюць,
Вусенкі прагныя вусны шукаюць...

Ой, дзяўчыночка, –
Купальская ночка!
Ранак надыйдзе, а ты – жанчыночка.
Кветачкай шчасця –
Купальская ночка!
Зараз дачушку чакай, ці сыночка.

Станіслаў Валодзька