23 чэрвеня на запрашэнне беларускага таварыства «Крыніца» ў Клайпедзе пабывалі даўгаўпілчане, сябры беларускага таварыства «Уздым» Жанна Раманоўская, Станіслаў і Вольга Валодзькі і ансамбль «Пралескі» (кіраўнік Анастасія Лукашонак) Цэнтра беларускай культуры, які сваім яскравым выступленнем упрыгожыў святочны канцэрт.
У маляўнічым куточку літоўскай зямлі прысутных віталі дарадчык Пасольства Беларусі ў Літве Ірына Зубко, супрацоўнік Цэнтра нацыянальных культур у Мінску Алена Госцева і кіраўнік праектаў Цэнтра нацыянальных культур у Клайпедзе Таццяна Конанава. Цёплыя словы прывітання прагучалі таксама ад дырэктара ЦБК і старшыні тварыства “Уздым” Жанны Раманоўскай.
У свяце прынялі ўдзел беларускія вакальныя калектывы з Клайпеды – “Купалінка” і “Верасок” (мастацкі кіраўнік Валянціна Снігур), з Ліепаі – “Паўлінка” (мастацкі кіраўнік Жанна Буйніцкая), а таксама саліст Сяргей Шабадалаў з Вісагінаса. Свой верш “Дачка лясніка” прачытаў Станіслаў Валодзька. Тут жа прагучала і некалькі песень на яго словы: “Дзічка” – у выкананні “Паўлінкі” і “Касцёр для дваіх” – у выкананні Сяргея Шабадалава. Аўтар музыкі гэтых песен – Альберт Белусь. Ансабль “Пралескі” выканаў песню Райманда Паўлса і Гунтара Рача “Нідзе няма лепей як дома”, а Сяргей Шабадалаў праспяваў песню Алены Васілёк “Галіна”, перакладзеныя Станіславам Валодзькам на беларускую мову. Завяршыўся канцэрт агульным выкананнем песні “Беларускі дом” (словы Станіслава Валодзькі, музыка Аляксандра Рудзя) – гімн Саюза беларусаў Літвы.
А затым пад прыгожыя песні закружыліся карагоды вакол высокага купальскага вогнішча.
Назаўтра старшыня таварыства “Крыніца” і Саюза беларусаў Літвы Мікалай Логвін пазнаёміў гасцей з выдатнымі мясцінамі Клайпеды і захапляльна распавёў гісторыю гэтага горада.
Да новых сустрэч, хлебасольныя беларусы Літвы!
Беларускае таварыства “Уздым”