На фестывалі “Сябры” спявалі

Летняя пара — своеасаблівае зацішша, “не надта высокі сезон” у працы беларускіх суполак замежжа. І тым не менш актыўнасць яны праяўляюць. Таму сведчаннем і допісы ў сацсетцы Фэйсбук.


01-obrazcovyy_ansambl_narodnoy_pesni_svyatki_g._minsk_i_ansambl_narvskogo_belorusskogo_obshchestva_syabry.jpg

Ансамбль “Святкi” з гуртом беларускага таварыства “Сябры” і дыпламатам Аляксандрам Татаркіным.


На старонцы Беларускага таварыства Сябры з Нарвы — вестка: 2-4 жніўня ў Пярну прайшоў XІX Міжнародны фестываль нацыянальных культур “Мультыкультурны Пярну”. Больш за 180 удзельнікаў з Эстоніі, Латвіі, Беларусі ды Расіі паказвалі сваё мастацтва. Звыш 4 гадзін доўжыўся 3 жніўня канцэрт на галоўнай плошчы горада. На імпрэзе сярод ганаровых гасцей былі й беларусы. У прыватнасці, з вітальным словам да шматнацыянальнай грамады звярнуліся як памочнік мэра Пярну Марка Шорын, так і Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі Аляксандр Татаркін.

Вельмі цёпла сустрэлі гледачы ўзорны ансамбль народнай песні “Святкі” з Мінска. Юныя таленты, якімі кіруе Марына Рудкоўская, цудоўна спявалі беларускія народныя песні. Нарву ж на фестывалі прадстаўляў і ансамбль беларускай суполкі “Сябры”. “Хочацца ж нам асабліва падзякаваць Алене Гаранінай, арганізатарцы імпрэзы, — чытаем захапленне ў Фэйсбуку. — Вельмі ўразіла ўсіх удзельнікаў фестывалю яе несуцішная энергія! Ну адкуль гэта ў Алены столькі сіл, ды й цярпення, каб і весці канцэрт, і самой выступаць-саліраваць у ансамблі “Родные напевы”, і сачыць, каб усім гасцям было добра-камфортна? Вялікі дзякуй, Алена, за тваю дабрыню й клопат!”

Інтэрнэт падказвае, што сяброўка беларусаў Алена Гараніна — мастацкая кіраўніца ансамбля “Родные напевы”, які створаны пры Саюзе нацыянальных меншасцяў “Радуга”.


02-elena_garanina.jpg

Алена Гараніна


А Зінаіда Клыга, кіраўніца суполкі “БЭЗ” з эстонскага павета Іда-Вірумаа, напісала пра каштоўны досвед — ужо традыцыйную штогадовую вучэбна-азнаямляльную паездку сяброў Круглага стала нацыянальна-культурных аб’яднанняў Іда-Вірумаа. Яе ладзіць Інтэграцыйны цэнтр Іда-Вірумаа пры падтрымцы Мінкультуры Эстоніі. На гэты раз прадстаўнікі дыяспар наведалі Вільяндзі й Паламузе. Бярыце такую справу на заметку, шаноўныя актывісты беларускіх суполак замежжа! Разам вандраваць — гэта заўсёды карысна.

Асабліва моцнае ўражанне выклікала ў спадарыні Зінаіды і не толькі ў яе наведванне ў Вільяндзі Цэнтра фальклорнай музыкі: “Група энтузіястаў, якія й заклалі традыцыю штогадовага фолк-фестывалю, для пашырэння дзейнасці вырашылі ўладкаваць былы свіран пры памешчыцкай сядзібе. Цяжка ўявіць, колькі сіл спатрэбілася і сродкаў, каб з вялізнага каменнага хлява зрабіць вельмі функцыянальны будынак, прыдатны для велізарных мерапрыемстваў, канцэртаў, канферэнцый ды іншых імпрэз, а яшчэ зладзіць там інфармацыйна-вучэбную базу. І самае важнае пры тым: цэнтр, які робіць вялікі ўнёсак у культурнае жыццё Вільяндзі, жыве па прынцыпе самаакупнасці, арандуючы ў горада будынак”.

Паводле Івана Іванава, "Голас Радзімы"