У сувязі з «Усебеларускім народным сходам», які праходзіў 11-12 лютага ў Мінску, ініцыятыва «Мірны супраціў СПб» правяла некалькі адзіночных пікетаў у Санкт-Пецярбургу ў знак салідарнасці з народам Беларусі.
Таксама члены ініцыятывы выступілі са сваім гледжаннем на тое, што адбывалася ў беларускай сталіцы 11 і 12 лютага.
«Мы вырашылі выйсці 12 лютага ў пікеты, пачынаючы з пляцоўкі ля амбасады ў Пецярбургу, каб падтрымаць народ Беларусі, які змагаецца з дыктатурай Лукашэнкі, менавіта тады, калі ў Мінску адбывалася здзеклівая па сутнасці сваёй інсцэніроўка народаўладдзя — УНС. Гэты сход, які дыктатар крывадушна называе «народным веча», праходзіць кожныя 5 гадоў, але ў гэты раз ён рабіў неаднаразовыя публічныя заявы, што гатовы да дыялогу з паўсталым супраць узурпацыі ўлады народам менавіта ў рамках гэтага сходу», — пішуць члены ініцыятывы.
Далейшы тэкст:
«Вынікі чарговага «з'езда КПСС» у Мінску, на які не быў дапушчаны ні адзін прадстаўнік апазіцыі:
— Ні аб якім «прымірэнні і народным яднанні» гаворкі няма і не прадбачыцца. Іншадумства будзе карацца.
— Усе партыі абавяжуць прайсці перарэгістрацыю ў адпаведнасці з новым Законам аб партыях. Будзе створана марыянэткавая партыйная сістэма з фэйкавымі апазіцыйнымі партыямі, фундаванымі з бюджэту. Ёсць падставы меркаваць, што досведам «апазіцыяводства» з Лукашэнкам падзяліўся ягоны расійскі калега, які да таго ахвотна дзяліўся і расійскім бюджэтам, і расійскімі зомбавяшчальнікамі для тэлевізіі, каб захаваць дыктатуру ў Беларусі.
— Прыняцце новай Канстытуцыі плануецца толькі праз год — пачатак 2022 года — на «реферэндуме». А гэты антынародны сход — УНС — атрымае статус канстытуцыйнага органа. Тут у частцы здзекі над канстытуцыяй вопыт «першаабнулянта» Лукашэнка быў ужыты ў Расіі ў 2020 годзе, а цяпер Беларусь чакае чарговы віток канстытуцыйнага обнаўленчаства па расійскаму сцэнару і сіламі падобнага расійскага кардэбалету падхалімаў, якія паказваюць «працоўны народ» і «творчую інтэлігенцыю». Церашкову адправяць з Масквы асобным рэйсам, калі нешта пойдзе не так.
— Амністыі палітвязняў не будзе, «таму што іх няма».
— Прыватны бізнес павінен будзе альбо працаваць на рэжым Лукашэнкі, альбо ляснуцца.
Гэтая атмасфера вернападданніцкіх выліванняў па ўзоры сталінскага перыяду ў Палацы Рэспублікі ў Мінску парушалася аўтамабільнымі гудкамі абураных грамадзян краіны. Беларусы патрабуюць ад Лукашэнкі толькі аднаго — прызнання сваёй паразы на выбарах і складання паўнамоцтваў.
Некалькі месяцаў бесперапынных масавых пратэстаў ва ўсёй Беларусі — толькі пачатак дэмакратычнай рэвалюцыі, якая ўжо змяніла краіну і абавязкова пераможа. Але ўчора стала відавочна, што дыктатар, які ўзурпаваў уладу, не мае намеру пачынаць нават перамовы аб лакальных саступках, як абяцаў у перыяд самых масавых пратэстаў. Ён адказаў узмацненнем рэпрэсій, значыць, барацьба чакае доўгая. І гатоўнасць учапіўшагася «сінімі пальцамі» за ўладу Лукашэнкі оптам і ў розніцу гандляваць з Крамлём нацыянальным суверэнітэтам Беларусі дзеля яе ўтрымання зноў пацвярджаюцца.
На новых перамовах з Пуціным Лукашэнка будзе прасіць аб новых фінансавых укладаннях у захаванне сваёй улады. А значыць, нас, грамадзян Расіі, гэта наўпрост тычыцца.
Мы захапляемся мужнасцю народа Беларусі, жадаем яму перамогі ў гэтай гераічнай барацьбе за сваю свабоду і годнасць. Мы разумеем, наколькі цесна звязаная ўстойлівасць страціўшай легітымнасць улады Лукашэнкі з дапамогай Пуціна, таму ўхіляцца ад праблем беларускага народа не маем права нават на фоне нарастання рэпрэсіўнага ціску ў Расіі.
Жыве Беларусь!»