Нацыянальную прэмію “Грамадзянская ініцыятыва” заснаваў Камітэт некамерцыйнай арганізацыі “Фонд Кудрына па падтрымцы грамадзянскіх ініцыятываў”. Яе праводзяць ужо ў 25-ы раз на знак грамадскага прызнання за сацыяльныя праекты, сярод якіх барацьба з прыцясненнем грамадзянскіх свабод, ініцыятывы ў сферы адукацыі, навукі, культуры, мастацтва, дапамога пацярпелым ад стыхійных бедстваў, экалагічных, прамысловых або іншых катастроф, дапамога ў пошуку зніклых. У 2018 годзе жыхары Іркуцкай вобласці прадставілі 204 сацыяльна значныя праекты ў 13 намінацыях.
У Іркуцку цырымонію ўзнагароджання лаўрэатаў рэгіянальнага этапу арганізавалі ўпершыню. Адзначыць лепшых прыехаў прадстаўнік Камітэта грамадзянскіх ініцыятываў, вядомы расійскі рэжысёр Юлій Гусман.
– За час правядзення прэміі мы пераканаліся, што ёсць тысячы людзей і арганізацый, якія робяць мноства добрых спраў. Гэта наша багацце, – зазначыў ён у сваім выступе. – Клопат, дабрыня, міласэрнасць павінны быць часткай нашай грамадзянскай супольнасці, таму што ўскладаць усе свае надзеі і планы на чыноўнікаў – няправільна. Мы гаспадары ў сваім доме і павінны быць гаспадарамі ў сваім горадзе, у сваёй краіне. Гэта падмурак той грамадзянскай супольнасці, якую мы будуем. Гэта прэмія для людзей, якія робяць добрыя справы бескарысліва, у гэтым яе сэнс і значэнне.
Рэжысёр Юлій Гусман і кіраўнік праекта “Фестываль нацыянальных культур “Сузор'е дружбы” Алена Сіпакова
Найбольшую колькасць галасоў набраў праект “Фестываль нацыянальных культур “Сузор'е дружбы” рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага” ў намінацыі “Наш агульны дом – Расія”.
– Гэты праект дапамагае кожнаму задумацца, адкуль прыехала яго сям'я, адкуль яго род. Фестываль “Сузор'е дружбы” яшчэ раз даказаў: наша шматнацыянальная Іркуцкая вобласць паважае і добразычліва ставіцца да нацыянальных пачуццяў іншых народаў, бо кожны народ – гэта дар божы, – падзялілася уражаннямі кіраўнік праекта Алена Сіпакова.
Праект «Сузор'е дружбы»
Ідэя фестывалю: Дыялог культур. Фестываль “Сузор'е дружбы” – гэта творчая пляцоўка для захавання адзінай культурнай прасторы і ўмацавання міжнацыянальнага супрацоўніцтва, стабільнасці і кансалідацыі народаў на аснове агульнага інтарэсу да расійскай культуры.
Мэта фестывалю: Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Прыбайкалля; захаванне і развіццё традыцый розных нацыянальных культур, якія пражываюць на тэрыторыі вобласці, фарміраванне ў дзяцей і моладзі павагі да гісторыі і культуры народаў Расіі.
Задачы фестывалю:
- знаёмства з культурамі народаў, якія насяляюць тэрыторыю Іркуцкай вобласці;
- умацаванне культурных сувязяў паміж дзіцячымі творчымі калектывамі і нацыянальна-культурнымі цэнтрамі вобласці;
- прапаганда і развіццё этнічных культур Прыбайкалля;
- папулярызацыя сярод шырокіх слаёў насельніцтва народнай культуры ва ўсёй яе разнастайнасці;
- выяўленне таленавітых дзяцей, стварэнне ўмоў для рэалізацыі іх творчага патэнцыялу.
Аб'яднанне і каардынацыя намаганняў і ініцыятываў грамадзянаў, грамадскіх арганізацый і дзяржаўных службаў, скіраваныя на дасягненне вышэйпералічаных мэтаў праз:
- удзел у гарадскіх і абласных міжнацыянальных мерапрыемствах;
- бескарыслівае прадастаўленне ўласнага досведу правядзення падобных праграмаў;
- дапамогу ў выяўленні, размеркаванні і каардынацыі калектыўных дабрачынных рэсурсаў.
Да ўдзелу запрашаюцца:
• калектывы навучэнцаў школ;
• калектывы народнай творчасці розных жанраў;
• асобныя аўтары, выканаўцы і носьбіты традыцыйнай народнай культуры;
• творчыя калектывы нацыянальных культурных цэнтраў;
• клубы гістарычных рэканструкцый, адзінаборстваў, народных гульняў і г.д.;
• майстры-рамеснікі, якія працуюць у традыцыйных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці;
Мэтавая аўдыторыя: Гасцямі фестывалю з'яўляюцца жыхары рэгіёну і госці горада, грамадскія і нацыянальна-культурныя аб'яднанні. Фестываль скіраваны да людзей розных узроставых катэгорый, але ў асноўным – дзяцей і падлеткаў, навучэнцаў.
Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага,
фота Андрэя Фёдарава і Аляксея Галаўшчыкова