Напярэдадні міжнароднага дня роднай мовы, які быў уведзены ЮНЕСКА с мэтай захавання моўнай і культурнай разнастайнасці, пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка ўрачыста адкрыў вечар беларускай мовы ў культурным цэнтры пасольства. Вечар адбыўся 19 лютага 2018 года і стаў чарговым яскравым прыкладам павагі да беларускай мовы і неабыякавасці да яе лёсу. Гэтаму паспрыялі і дыпламаты пасольства, і госці з Беларусі, і беларусы Масквы.
«Сёння матчына мова, як і любоў да роднай зямлі, застаюцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці нашага народа. Яна — аснова самабытнай і багатай культуры беларусаў, шматграннай і разнастайнай беларускай літаратуры», — адзначыў пасол І.Петрышэнка на добрай беларускай мове і заўважыў, што, нягледзячы на прадказанні некаторых моўных аналітыкаў аб знікненні беларускай мовы ў 21-м стагоддзі, мова жыве і пашырае свой уплыў у жыцці грамадства. Мы можам ганарыцца, што маем глыбокія традыцыі кнігадрукавання і адзначылі летась у сусветным фармаце 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, пачатак якому даў Францыск Скарына. Пасол падкрэсліў, што ў Беларусі дзяржаўнай мовай з’яўляецца таксама руская мова і што ад яе як аднаго з носьбітаў агульнасусветнай культуры краіна не адмовіцца.
Вельмі кранальна выступіла на мерапрыемстве ў пасольстве кіраўніца Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры філалагічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага універсітэту ім. М.Ламаносава Ала Шэшкен. Яна адзначыла цікавасць да беларушчыны з боку студэнтаў, падтрымку з боку кіраўніцтва універсітэту і ініцыятыўнасць з боку партнёраў і калегаў з Гродзенскага універсітэту. А.Шэшкен падкрэсліла таксама сваё беларускае паходжанне і асабістае жаданне падтрымаць радзіму Беларусь, як некалі радзіма падтрымала яе ў час дзяцінства і вучобы.
Праграму вечара ў пасольстве склалі спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім.Я.Коласа «Калісь глядзеў на сонца я...», сумесная выстава Міністэрства культуры, Нацыянальнага гістарычнага музея, Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры «Творы беларускіх класікаў на сцэне. Чытаем класікаў разам», а таксама выступ гурту “Лірыца” Гомельскай абласной філармоніі.
Артысты-коласаўцы з Віцебску з натхненнем данеслі да слухачоў цудоўныя вершы Багдановіча. Спектакль быў мілагучна названы як “Аповяд пра М.Багдановіча”, які за сваё кароткае жыццё паспеў зрабіць самае важнае – закласці зерне беларускасці ў нашых сэрцах.
На згаданай вышэй выставе былі прадстаўлены рэдкія выданні беларускіх пісьменнікаў, эскізы дэкарацый і касцюмаў да вядомых спектакляў: «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага, «Паўлінка» Я.Купалы, «Салавей» З.Бядулі, «Пінская шляхта», «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча, “Чорт і баба” Ф.Аляхновіча, а таксама партрэты І.Буйніцкага, Ул.Галубка і г.д.
Кіраўніца грамадскай арганізацыі «Беларусы Масквы» Ала Тужылкіна звярнула ўвагу на тое, што ў Маскве рэгулярна праводзяцца дні беларускай мовы і літаратуры і заклікала далучацца да арганізацыі і ўдзельнічаць ў мерапрыемствах. У прыватнасці, А.Тужылкіна нагадала аб месяцы беларускай культуры, што праводзіцца ў лютым у Славянскім культурным цэнтры Бібліятэкі замежнай літаратуры ім. М.І.Рудаміно.
Шчыра кажучы, на вечарыне ў культурным цэнтры пасольства Беларусі ў Маскве (слова мерапрыемства тут сапраўды не падыходзіць!) было рэдкае адчуванне беларускага свята, яднання ўсіх прысутных беларусаў Масквы вакол жыццёва важнай і актуальнай тэмы захавання моўнай спадчыны. Хацелася б спадзявацца, што ў наступным годзе мы пашырым свята роднай мовы на маскоўскіх прасторах і будзем не толькі ў культурным цэнтры пасольства Беларусі. І будуць сярод нас шматлікія, вядомыя расіяне беларускага паходжання – палітыкі, вайскоўцы, прадстаўнікі навукі, культуры, грамадзкіх колаў, сродкаў масавай інфармацыі і г.д. Яны ж таксама павінны памятаць пра свае карані і родную мову.
Віктар Чайчыц,
Масква