Містычна трапіў у Парыж і містычна адкрыў магілу Мадыльяні

Дыпламат і мовазнаўца Пятро Садоўскі ў сябе ў фэйсбуку падзяліўся ўспамінамі пра мастака Барыса Заборава.


zaborov-cx11m.jpg

Барыс Забораў. Аўтапартрэт з мадэллю. Галерэя Уфіцы


Барыс Забораў памёр на 86-м годзе жыцця. Для мяне Барыс Забораў — містык, які гаварыў: «А я БАЛЮЧА не прымаю тое, што мне не падабаецца, але ...маўчу, як цютчаўскі лірычны герой...» Тут гучала цярплівая дысідэнцкая інтэлігентная габрэйская іронія з алюзіяй на вядомы «Silentium!».

Любіў чытаць Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава. Іх кніжкі былі ў ягонай вялікай бібліятэцы. Меў добрае беларускае вымаўленне. Аднойчы ў майстэрні чытаў з захапленнем уголас барадулінскую «Багатую Камароўку». Як мне падавалася, да беларушчыны савецкага кшталту ўвогуле ставіўся стрымана... Магчыма, беларускія мастакі і сябры ведалі зусім іншага Заборава.

У творчых цэхах, дзе існуе канкурэнцыя і часам нацыянальныя каштоўнасці, заўважаецца і запамінаецца зусім не тое, што ўбачыць выпадковы чалавек з боку.


200 экзэмпляраў альбома ўручную 

У 70-х гадах мяне звязвалі з Барысам дзелавыя адносіны. Часам здараліся аазісы нічоганяроблення і лёгкіх развагаў уголас. Я дапамагаў яму як перакладчык, калі вяліся перамовы з дрэздэнскім выдавецтвам, што ўзялося выдаць альбом ілюстрацый да «Кроткай» Дастаеўскага, пасля таго, як ён атрымаў залаты медаль за гэтую працу на Лейпцыгскім кніжным кірмашы. Фішкай таго заказу было тое, што 200 экзэмпляраў альбома Забораў павінен быў даілюстраваць уручную некаторымі дэталямі, што рабіла альбом калекцыйным рарытэтам. У той час ён зрабіў шмат графічных ілюстрацый да 200-тамовай серыі ўсясветнай літаратуры на расійскай мове.


Складанасці камунікацыі савецкага часу

Адметнай прыметай часу і прасторы савецкага перыяду былі чаканні аператыўнай тэлефоннай сувязі з так званым далёкім замежжам. Тэлетайпы былі толькі ў лічаных дзяржаўных установах. Яшчэ не было факсаў, не гаворачы ўжо пра электронную пошту ды прыватныя месенджары.

Акрамя тэхнічных складанасцяў пры тэлефонных размовах былі яшчэ цэнзурныя. Прыходзілася чакаць сувязі па некалькі гадзін. Спасылаліся на затрымку з Дрэздэна, часам падключаўся і Ляйпцыг. З нашага боку запісы тэлефонных размоваў аналізаваліся нашымі службамі, з гэдээраўскага (ГДР) боку гэта рабіла «Штазі». Ва ўяўленні нашых спецслужбаў не без удзелу патрыятычных землякоў Забораў быў ледзь не сіяністам. Якраз у той час у ягоных ілюстрацыях да пушкінскіх казак на беларускай мове выдавецтва ўгледзела прапаганду ... праваслаўя, бо выявы людскіх фігур, на думку цэнзараў галоўліту, чымсьці нагадвалі іконы. Прыйшлося яму перарабляць ілюстрацыі на звыклы казачны стандарт. Гісторыя парадаксальная і смешная.

У тых нашых стасунках быў яшчэ адзін камічны казус. Як я стаў пасярэднікам пры перамовах? Казённы перакладчык (не то з Мінкульта, не то яшчэ адкуль) не мог разабраць нямецкую тэлефонную гаворку. З нямецкага боку часам падключаўся да гаворкі 92-гадовы мастак, «дадаіст» з ФРГ з пэўнымі дэфектамі маўлення. Ён кансультаваў Дрэздэнскае выдавецтва з боку таварыства з абмежаванай адказнасцю «з таго боку», з ФРГ. Гаварылі мы па тэлефоне з Барысавай майстэрні, што месцілася на высокім паверсе на вуліцы Першамайскай уздоўж трамвайнай лініі, дзе было кафэ «Лета». Сувязь з майстэрні — пэўна, не выпадкова — амаль кожны раз псавалася, і мы вымушаныя былі ехаць на Галоўпаштамт. (У Барыса былі новенькія «Жыгулі».) Там тэхніка працавала выдатна. Недалёка знаходзіўся дзяржаўны цэнтр тэлекамунікацый, адкуль можна было ўсё чуць і кантраляваць. Пра мяне, як чалавека, які лёгка разбіраў вымаўленне таго дадаіста (ён і стаў ініцыятарам выдання альбома з ілюстрацыямі да «Кроткай»), Барыс узгадаў з нашага ранейшага знаёмства, калі дэлегацыя з трох вельмі не маладых нямецкамоўных сапраўдных «дадаістаў», што асабіста ведалі Эль Лісіцкага, Шагала і Малевіча, была некалькі дзён у Мінску. Тады, акрамя Саюза мастакоў, Таварыства дружбы, яны былі гасцямі ў майстэрнях Арлена Кашкурэвіча, Міхаіла Савіцкага (вязень канцлагера), Заіра Азгура, Івана Стасевіча (візіт быў задуманы як да мастака і «сына палка» часу ВАВ), Нэлі Шчаснай і Барыса Заборава. Мне асабіста было надзвычай цікава назіраць на працягу трох дзён панараму характараў, творцаў і беларускіх грамадзян. Пасля ўсёй серыі візітаў старэнькія нямецкія дзядкі больш за ўсё гаварылі пра Арлена Кашкурэвіча і Барыса Заборава. Арлен акурат тады працаваў над ілюстрацыямі да беларускага «Фаўста» ў перакладзе Васіля Сёмухі.


Містычныя мары Заборава збыліся 

Пра што марыў містык і мастак Забораў? Што ён абавязкова будзе жыць і працаваць у Парыжы. Што там будуць здарацца розныя цуды. Яны сапраўды здарыліся.

Забораў містычным чынам стаў уладальнікам старога закінутага будынка пад майстэрню ў цэнтры Парыжа, які даў яму імпульс працы са старымі фатаграфіямі. Гэта зрабіла яго паспяховым і шчаслівым як творцу. Ён містычна, выпадкова, калі верыць яго словам, адкрыў закінутую магілу Мадыльяні на габрэйскай дзялцы Пэр-Ляшэз, якая пазней не без яго ўдзелу была даведзена да належнага стану. Барыс містычна, як ён лічыць, выпадкова папаў у выбітныя калекцыі лонданскага збіральніка карцін «не па імёнах, а па духу» і вісіць паміж Пікаса і яшчэ нейкай знакамітасцю. Усё гэта вы можаце паглядзець ужо сёння ў інтэрнэце ў фільме «В поисках утраченного времени».

Барыс Забораў быў вельмі цікавы мастак і мысляр, які спрабаваў сябе ў розных тэхніках і жанрах. У выпадковых кампаніях, дзе мне некалькі разоў даводзілася з ім быць, ніколі не паказваў сваю глыбіню і не быў адкрытым. Шмат што балюча не прымаў, але інтэлігентна маўчаў. Нейкі псіхалагічны тумблер шчоўкнуў аднойчы паміж намі, і мы трохі наблізіліся адзін да аднаго. Але гэта — іншая гісторыя.

budzma.by паводле facebook.com/sadouskip