Мастацкі кіраўнік „Свабоднага тэатру“ драматург Мікалай Халезін у сваім тэлеграм-канале „ХЗ. ХалезинЗнает“ выказаў сваю асабістую версію прычын і абставінаў арышту Юрася Зяньковіча, Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва:
„«Беларускія спецслужбы прадухілілі міжнародную змову», – так мусілі выглядаць загалоўкі дзяржаўных медыя з нагоды арышту некалькіх грамадскіх і палітычных дзеячаў. Але наўрад ці гэта можна будзе чытаць без саркастычнай усмешкі.
Што ж папярэднічала шумным арыштам? Беларускі КДБ стварыў групу з некалькіх аператыўнікаў, якія мусілі выйсці на кантакт з кімсьці з грамадскіх дзеячаў ад імя асобы з ліку прабеларускі настроеных вайскоўцаў, аб’яднаных ва ўмоўны Камітэт вызвалення ад дыктатуры, і прапанаваць супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы ваеннага перавароту. З волі лёсу мэтай быў абраны былы сябра БНФ, які з’ехаў у ЗША, атрымаў там юрыдычную адукацыю і грамадзянства – актывіст Юрась Зяньковіч.
У выніку Зяньковіч прыляцеў у Маскву на перамовы, дзе і быў арыштаваны. У кампанію да яго спецслужбы дадалі тых, з кім Зяньковіч меў зносіны – літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту і цяперашняга кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва. Уявіць сабе змову вайскоўцаў пад іх кіраўніцтвам – гэта не смешна, а хутчэй нават сумна, бо дае поўнае ўяўленне пра цяперашні ўзровень спецслужбаў. А наступныя серыі «Манкуртаў», як я разумею, ужо здымаюцца. Прэм’еры нядоўга чакаць“.
Паводле t.me/nicolai_khalezin