Магільная пліта Яна Баршчэўскага знайшлася на Валыні

Жыхары украінскага горада Чудніў выкапалі ў сваім двары магільную пліту, якая імаверна належыць Яну Баршчэўскаму, паведамляе сайт chudnivnews.in.ua.

Падводзячы газ да ўласнага двара, мясцовы жыхар знайшоў старажытную пліту з чыгуна, якую доўгі час выкарыстоўваў з гаспадарчымі патрэбамі.

Уладальнік двара распавёў, што ў 2002 ці ў 2003 годзе, капаючы траншэю для пракладкі газавай трубы, знайшоў чыгунную пліту, якая знаходзілася ў зямлі на глыбіні 50 сантыметраў. Знаходка была досыць цяжкай, вагой прыкладна 30-35 кілаграмаў, і мела пэўны надпіс, які пад таўшчынёй іржы немагчыма было расчытаць. 10 гадоў цяжкая пліта проста стаяла пад хлявом, пакуль гаспадар не вырашыў зацэментаваць двор і для эканоміі цэменту закрыў частку ўчастка знойдзенай раней плітой.


02-f4fd7e32f3e1cabf79206968a6af0dda.jpg


З часам пад уздзеяннем надвор'я іржа з пліты сцерлася, і надпіс на ёй стаў выразна бачны. Гаспадары лічылі, што надпіс на нямецкай мове і таму не надавалі яму ўвагі, пакуль ён днямі не зацікавіў іхнюю дачку Лену, якая вучыцца цяпер у чацвёртым класе. Дзяўчынка перапісала інфармацыю з пліты і адшукала ў сеціве інфармацыю пра Яна Баршчэўскага, вядомага беларускага і польскага пісьменніка.


03-8d9593adc7261fa77421655b1988d59b.jpg


Як вядома, апошнія гады жыцця Ян Баршчэўскі правёў акурат Чудніве, дзе і памёр у 1851 годзе. Ранейшыя спробы адшукаць яго магілу плёну не прыносілі. Цалкам імаверна, што адшуканае надмагілле належыць аўтару знакамітай кнігі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

budzma.by паводле chudnivnews.in.ua