Ля кансуляту Беларусі ў Нью-Ёрку прайшоў мітынг у падтрымку абаронцаў Курапатаў

11 жніўня ў Нью-Ёрку перад будынкам, у якім месціцца Генеральны кансулят Рэспублікі Беларусь, прайшоў мітынг у падтрымку абаронцаў Курапатаў.

Акцыя сабрала 17 чалавек з ліку неабыякавых беларусаў, якія пражываюць у ЗША.

Як адзначаюць удзельнікі мітынгу, яго мэтай было прыцягнуць увагу да таго, што адбываецца ў Курапатах, дзе ўлады на чале з Лукашэнкам не жадаюць галосна прызнаць злачынствы камуністычнага рэжыму і праяўляюць наплявальніцкае стаўленне да памяці нявінна забітых НКУС і пахаваных у Курапатах людзей.

Мітынгоўцы трымалі ў руках адпаведныя плакаты на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.


03-1_223.jpg


«Я лічу блюзнерствам і здзекам са свайго народу дазвол пабудаваць на месцы расстрэлаў рэстаран. Цалкам падтрымліваю тых, у каго засталіся сілы пратэставаць з нагоды той ганьбы, што адбываецца цяпер у Курапатах. Такая мая пазіцыя», — сказаў адзін з арганізатараў акцыі, сябра БНФ Аляксей Сманцар з Барысава.

Пратэсты супраць рэстарана «Поедем поедим» ля Курапатаў трываюць ужо другі год. Штодня ўдзельнікі Курапацкай варты выходзяць да брамы рэстарацыі, раздаюць наведвальнікам улёткі пра мемарыял, тлумачаць, чаму лічаць недапушчальнай працу забаўляльнай установы ля месца масавых расстрэлаў.

novychas.by