Максім Багдановіч нарадзіўся ўзімку: 9 снежня па новым стылі ў яго дзень нараджэння. Было тое ў Мінску 126 гадоў таму, у 1891-м. Знакавы для ўсё беларускай культуры дзень мы адзначаем: 9 снежня актывісты беларускай дыяспары Крыма, прыхільнікі ягонай творчасці, сябры нацыянальна-культурных суполак з розных месцаў паўвострава ўскладаюць кветкі на магілу паэта ў Ялце. Жывучы ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, мы такім чынам умацоўваем з ёй духоўную повязь. Увогуле шмат робім, каб жыла ў Крыме беларуская культура, каб ведалі пра вядомых людзей Беларусі, яе творцаў. І Максім Багдановіч займае пачэснае месца ў тым шэрагу.
Дваццаць гадоў вывучае, апісвае жыццё прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Крыме Дзіна Шаўчэнка. Яна не проста назіральніца-даследчыца: амаль 20 гадоў узначальвае беларускую суполку “Сябры” ў Еўпаторыі. Зладзіла й правяла дзясяткі мерапрыемстваў, што пашыраюць беларускую прысутнасць на старажытнай зямлі пры Чорным моры. Ураджэнка Гомеля заснавала, стала выдаўцом і галоўным рэдактарам часопіса “Крым-Беларусь”: ён 16 гадоў выходзіць у Крыме й Беларусі. Цяпер на аснове дакументаў з архіваў Крыма й Беларусі журналістка рыхтуе новы нумар часопіса. Ён раскажа пра жыццё і дзейнасць беларусаў, якія ў розныя гады гасцявалі й жылі ў Крыме. І як адлюстраваўся Крым у іхняй творчасці. Часопіс працягвае серыю публікацый пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, якога шануюць беларусы паўвострава. І ў тым шанаванні, дарэчы, ёсць пэўныя традыцыі. Адна з іх — наведваць магілу паэта. Згадваць і пра светлы час яго нараджэння, і пра зыход-вызваленне ад цяжкай хваробы.
Вось якія ўспаміны пакінула нам усім Марыя Цямко, гаспадыня кватэры ў Ялце, дзе жыў і памёр Максім. “...Выходзіў Багдановіч увесь час. Злёг за тыдзень да смерці, калі пайшла кроў горлам. Кроў або цякла бруёй, або цякла буйнымі згусткамі. Была запрошана сястра міласэрнасці, якая даглядала яго, мабыць, толькі днём, бо ён памёр зусім адзін ноччу. За некалькі дзён да смерці папрасіў купіць яму суніцы, як бы на развітанне з маці-прыродай і яе вясновым дарам. Пакаштаваў — і больш анічога не еў. Пахавалі яго на ялцінскіх могілках, што недалёка ад Мікалаеўскай вуліцы, у напрамку да гор, на самай ускраіне могілак унізе, у 3 сажнях ад ускраіны, пры дарозе, з боку, процілеглага мору, гэта значыць з боку гор”.
Кветкі на магілу паэта беларусы Крыма ўскладаюць 9 снежня (дзень нараджэння) і 25 мая (дзень зыходу). Традыцыя сфармавалася ў мінулым стагоддзі — жыве й цяпер. І будзе, спадзяемся, жыць і надалей, пакуль мы адчуваем сваю духоўную повязь з Бацькаўшчынай.
Напярэдадні, 2 снежня, у Бібліятэцы імя Лесі Украінкі ў Еўпаторыі беларуская суполка “Сябры” зладзіла творчую сустрэчу “Вакол мяне кветкi прыгожа красуюць...”. Гэта, як вядома, радок з верша Багдановіча. У Зале дружбы гучалі вершы, песні на словы вялікага паэта. Удзельнікі гэтай цёплай, душэўнай імпрэзы сваімі рукамі рабілі папяровыя кветкі, у тым ліку й васількі — любыя ў Максіма. Іх і мяркуем ускласці ў суботу на магілу ў Ялце.
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане