Кожны год амерыканскія беларусы збіраюцца разам, каб адзначыць адно з найпрыгажэйшых народных святаў, гісторыя якога налічвае тысячагоддзі. У бягучым годзе святкаванне Купалля ўпершыню адбылося ў адным з рэгіёнаў так званай Новай Англіі, а менавіта – у Нью-Хэмпшыры. У кэмпінг на Лянівай рацэ з’ехалася больш за паўсотні беларусаў Амерыкі з пяці розных штатаў.
На пляцоўцы, упрыгожанай велізарнымі нацыянальнымі сцягамі, адбываўся надзвычайны варушняк – пікнік з барбекью спалучаўся з майстар-класамі па пляценні вянкоў, народным спевам і танцам, а таксама міфалагічнай віктарынай, дабрачыннай латарэей і канцэртам. Мерапрыемства выклікала непадробную цікавасць і сярод амерыканцаў, што адпачывалі ў кэмпінгу, якія шчыра віталі мясцовых беларусаў і распытвалі пра сэнс свята.
Паводле традыцыі, прысутныя абралі Купалінку і Купаліча, правялі пошукі чароўнай параць-кветкі ў лесе і ўтварылі вялікі карагод вакол вогнішча. Спевы пад гітару і шчырыя размова доўжыліся ажно да раніцы. Самыя актыўныя ўдзельнікі і ўдзельніцы зладзілі начное купанне ў рацэ.
На святочнай палянцы месца знайшлося для дарослых і дзяцей, для веганаў і аматараў традыцыйнай кухні, і, больш за тое, - для людзей з рознымі палітычнымі поглядамі, бо свята Купалля – гэта без перабольшвання тое, што яднае ўсіх і мацуе беларускую супольнасць не толькі на радзіме, але і ў далёкім замежжы.