Пачатак лютага ў гэтым годзе іркуцянам запомніцца моцнымі маразамі. Але іркуцкія беларусы лютаўскага холаду не спалохаліся. 2 лютага актывісты Іркуцкага Беларускага клуба “Крывічы” сабралі іркуцянаў на востраве Юнацтва, каб правесці традыцыйны беларускі абрад “Грамнiцы”.
На сустрэчу зімы з летам сабралася каля 40 чалавек. Акрамя іркуцянаў і беларусаў былі і госці – студэнты Міжнароднага факультэта Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта з ЗША і Германіі.
Дзяўчаты па чарзе выклікалі Грамніцу – стукалі драўлянай калатушкай па жалезным кальцы. А пасля ўсе прысутныя падзяліліся на дзве каманды і пачаліся спаборніцтвы паміж «Зімой» і «Летам». Перамога каманды «Лета» азначала б, што халады хутка адступяць, але перамагла каманда «Зіма», таму цеплыні нам давядзецца яшчэ доўга чакаць. Спаборнічалі каманды ў традыцыйных беларускіх гульнях: “Кавенька”, “На сілкі” і “Цягалкі”.
У кавярні “Востраў”, куды затым перамясціліся госці свята, мужчыны высеклі з крэменю рытуальны агонь і запалілі ад яго галоўную грамнічную свечку. Ад галоўнай свечкі кожны пераняў полымя да сваёй і загадаў жаданне. Магічную моц свечкі ўзмацніла выкананне падчас абраду песні “Зіма з летам сустрэлася” ў выкананні Ансамбля аўтэнтычнай песні “Крывічы”.
Кожнае беларускае свята не можа абыйсціся без танцаў – імі і завяршыліся “Грамнiцы”.
“Крывiчы” зноў падарылі шмат уражанняў, і не толькі тым, хто прыйшоў на свята ўпершыню, але і сталым удзельнікам абрадаў.
Да сустрэчы на “Гуканьні Вясны”.
Паводле Вікторыі Канінай, г. Іркуцк