«Крык народаў»

Французская прэса міжваеннага перыяду ігнаравала беларускую тэму, бо бачыла на іншым баку Еўропы хіба Расію-СССР. Так было і з прычыны адсутнасці рэальнай беларускай дзяржавы, і з прычыны моцных сувязяў паміж Расіяй і Францыяй. Ім зручней было ігнараваць геапалітычныя змены і хварэць на геаграфічную слепату.

Афіцыйных франка-беларускіх стасункаў у той перыяд папросту не існавала. Але неафіцыйная гісторыя французскай беларусікі безупынку пісалася, напаўнялася новымі героямі, падзеямі. Некаторыя французскія газеты выбіваліся з агульнага малюнку: так, левая газета «Le Сri des peuples» («Крык народаў»), заснаваная адданым еўрапейцам, камуністам і атэістам Бернарам Лекашам, цягам 1928–1929 гадоў друкавала шмат артыкулаў і зацемак пра прыгнечаныя народы Еўропы і свету, у тым ліку беларусаў. У прадмовах рэдактара часта паўставала беларуская тэма ў звязку з «польскай барбарыяй» і прыгнётам беларусаў у так званых «Крэсах».

«Крык народаў» з’яўляўся голасам, крыкам беларусаў у Францыі, бо масавыя, папулярныя і праафіцыйныя газеты захоўвалі дыпламатычнасць да польскіх уладаў і замоўчвалі тое, што дзеялася ў аўтарытарнай Польшчы. Толькі праеўрапейскі і пракамуністычны «Крык народаў» дазваляў сабе зацята крытыкаваць Варшаву ў пытанні маргіналізацыі меншасцяў і ўздымаць нязручныя для афіцыйнікаў пытанні і тэмы.

Варта вярнуць імя Бернара Лекаша беларускім чытачам, бо гэта яшчэ адна невядомая старонка беларуска-французскай сувязі, гэта яшчэ адзін сімпатызант беларускай справы, які дасюль застаецца не вядомым у Беларусі. Нарэшце, па матчынай лініі яго лучыць Беларусь, Магілёў. Бернар Лекаш — вядомы французскі журналіст, рэдактар газеты «Крык народаў», пісьменнік, палітык, праваабаронца і заснавальнік у 1927 годзе Міжнароднай Лігі супраць антысемітызму — Ligue internationale contre l’antisémitisme (LICA). У 1979 годзе Ліга супраць антысемітызму стала называцца Міжнароднай Лігай супраць расізму і антысемітызму (LICRA).


02-zdymak_bernar_lekasz_logo.jpg

Бернар Лекаш


Бернар Лекаш паходзіў з усходнееўрапейскіх яўрэяў. Маці Бернара Лекаша — Муся Шымёнаўна Жак — паходзіла з магілёўскіх яўрэяў, а бацька Ёзаф Абрамавіч Леках — з херсонскіх яўрэяў. Напрыканцы ХІХ стагоддзя сям’я эмігравала ў Францыю, дзе нарадзіўся Бернар Леках, прозвішча якога зыначылася, набыўшы французскае гучанне — Лекаш. Зацікаўленасць Усходняй Еўропай, адначасова яўрэйскай, беларускай і ўкраінскай тэмамі застануцца да канца жыцця ў цэнтры дзейнасці змагара за правы прыгнечаных народаў. Ён валодаў рускай мовай, вандраваў па Украіне, Расіі, быў сябрам Камуністычнай партыі Францыі.

Дзякуючы кнізе-рэпартажу «У краіне пагромаў: калі памірае Ізраіль» (1927), паспрыяў вызваленню забойцы атамана Пятлюры анархіста Самуіла Шварцбарда. Самуіл Шварцбард забіў Пятлюру, бо той быў ініцыятарам шматлікіх пагромаў ва Украіне, дзе загінулі бацькі анархіста. Забойцу пагражала гільяціна, і толькі апраўдальная кампанія, распачатая Бернарам Лекашам, у межах створанай Лігі супраць пагромаў, вызваліла асуджанага.

Што датычыць прабеларускай дзейнасці рэдактара і газеты ў цэлым, то тут асабліва каштоўнымі, эмацыйнымі і чуллівымі з’яўляюцца прадмовы шматлікіх нумароў «Крыку народаў» рэдактара Лекаша, у якіх чытаюцца яго сімпатыі да ўсіх прыгнечаных народаў, у прыватнасці да беларусаў і ўкраінцаў. У 1928–1929 гадах асноўная крытыка рэдакцыі ў беларускім пытанні ішла ў бок Польшчы, бо скручванне беларусізацыі ў БССР толькі пачыналася, і пра гэта на Захадзе стала вядома значна пазней. Адсюль адсутнасць крытыкі ў бок СССР у міжваенны перыяд, тады як пасля Другой сусветнай вайны Бернар Лекаш накінуўся з крытыкай на СССР з-за сталінізму і з-за цкавання яўрэяў.

У нумары за 27 чэрвеня 1928 Бернар Лекаш змясціў адкрыты ліст удзельнікам XXVI Сусветнага Кангрэсу Міру, які адбываўся ў Варшаве 25–29 жніўня 1928 года, у якім заклікаў не крывадушнічаць і не гуляцца са словам «мір», калі польскія ўлады замоўчваюць гвалт у беларускіх вёсках і мястэчках, пра цкаванні супраць беларускай мовы і беларусаў наогул.


03-adkryty_list_b.jpg

Адкрыты ліст Б. Лекаша


Асобнае пасланне скіроўваў рэдактар «Крыку народаў» спадару Фердынану Бюісону, французскаму педагогу, палітычнаму дзеячу, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 1927 года, які прымаў удзел у кангрэсе ў Варшаве. Бернар Лекаш заклікаў аўтарытэтнага французскага палітыка ў імя дэмакратыі і французскага змагарства за мір запытацца ў польскіх уладаў пра Вільню, арыштаваных беларускіх і ўкраінскіх актывістаў.

Вядома, Кангрэс Міру нічога не змяніў, аднак, прынамсі, спробы «Крыку народаў» пашырыць веды пра масавыя здзекі ў Беларусі былі падхопленыя іншымі газетамі і арганізацыямі.

Апрача таго ў некаторых нумарах друкаваліся крытычныя артыкулы, падпісаныя дасюль не ідэнтыфікаваным журналістам, які добра разбіраўся ў беларускім пытанні, і які падпісваўся псеўданімам Szystok (Шысток). Напрыклад, 10 красавіка 1929 года газета надрукавала артыкул «Польская дзяржава забараняе ўсякую культуру ў анексаванай Беларусі» (L’Etat polonais supprime toute culture en Blanche-Russie annexée). Аўтар проста пачынае артыкул: «Няма ніякай польскай дэмакратыі, пакуль Польшча здзекуецца з Беларусі…»

Далей аўтар закранае пытанне афіцыйнага перапісу, паводле якога ў рэгіёне ад Вільні да Валыні, заселеным пераважна беларусамі, пражывае — раптам — усяго толькі 360 тысяч беларусаў. Тады як неафіцыйная польская статыстыка ўказвае на лічбу, якая вар’юецца ад 1 мільёна 250 тысяч да 1 мільёна 600 тысяч. А лічба, агучаная паслом Ярэмічам у 1926 годзе, дасягае 2 мільёнаў 500 тысяч беларусаў.

Шысток да ўсяго сабраў сведчанні некаторых удзельнікаў перапісу, якія пазначалі, як пад пагрозай арышту беларусаў запісвалі палякамі, а цэлыя беларускія вёскі, у якіх былі касцёлы, наогул не перапісваліся ўжывую, а аўтаматычна занатоўваліся як польскія. На заканчэнне аўтар тлумачыць сітуацыю наступным чынам: «Такія скокі лічбаў перапісу вынікаюць, няма сумневу, з першапачатковай хлусні польскіх уладаў і з палітыкі культурнага вынішчэння забытай еўрапейскай нацыі — беларусаў».


04-artykul_szystok_1_logo.jpg

Артыкул, падпісаны псеўданімам Szystok (Шысток)


Яшчэ адзін журналіст Іван Войда (Yvan Voyda) пісаў артыкулы пра Украіну і Беларусь. Звестак пра яго пакуль знойдзена зусім мала, каб можна было зразумець, адкуль яго інтарэс да Беларусі. На беларускую тэму асаблівай увагі заслугоўвае яго артыкул з серыі «Польшча без маскі» — «За вашу і нашу свабоду…» (Pour notre liberté et la vôtre…). Трапна і крытычна журналіст прадэманстраваў, як Польшча Пілсудскага цалкам забыла ці перакруціла важны для палякаў, беларусаў і летувісаў слоган «За вашу і нашу свабоду», пакінуўшы свабоду хіба адным палякам. Да ўсяго аўтар нагадаў французам пра актыўнае мінулае Беларусі ў ВКЛ, пра мінулае Беларусі, якая не паўстала толькі што, а існавала ў гісторыі Еўропы здаўна.

Іван Войда крытыкуе не толькі афіцыйную Варшаву, якая падманвае Еўропу і метадычна вынішчае беларускую актыўную супольнасць (справа 480 беларусаў Грамады), але і польскую левіцу, якая таксама глядзіць на Крэсы як натуральны працяг Польшчы. Аўтар заклікае Польшчу ўзгадаць пра сапраўднае пасланне слогану «За вашу і нашу свабоду», бо пакуль яно не мае сэнсу для беларусаў.


05-vokladka_hazeta_le_cri_des_peuples_logo.jpg

Вокладка газеты "Le Cri des peuples"


Існаванне газеты «Крык народаў» — цікавы прыклад французскай заангажаванасці ў падтрымку прыгнечаных народаў Еўропы і свету, прыклад французскай адкрытасці і зацікаўленасці еўрапейскай перспектывай, бо часцей і традыцыйна Францыя не цікавілася Усходняй Еўропай. Гэта адзін з апошніх глабальных франкамоўных журналісцкіх праектаў па змаганні супраць замоўчвання маргіналізацыі, а часам вынішчэння нацыянальных, рэлігійных і моўных меншасцяў як унутры Еўропы, так і па-за яе межамі.

Ніводная іншая французская газета не цікавілася і так актыўна не пісала пра Беларусь і беларусаў. А таму «Le Сri des peuples» займае асобнае месца ў гісторыі франка-беларускіх стасункаў і мусіць быць прыкладам сучасным французскім газетам, якія пішуць пра Беларусь часцяком з крывой перспектывы з Масквы ці Варшавы.

Паступова французская мова губляла статус і ўплыў, а разам з тым з арэны сыходзілі франкамоўныя актары, якія займаліся праваабарончай дзейнасцю ў маштабах міжваеннай Еўропы. Са знікненнем газеты ў 1929 годзе Беларусь (як і тая, што была за Польшчай, так і тая, якая, паводле газеты, «жыла ўпэўненей за Саветамі») згубіла сябра і мажлівасць знаёміць надалей франкамоўных еўрапейцаў са сваімі праблемамі. Такім парадкам, крык народаў, у прыватнасці беларусаў, сціх, і Францыя зноў — аж да самай незалежнасці Беларусі ў 1990-я гады — чула толькі голас Польшчы і Расіі.

Уладзіслаў Гарбацкі, “Новы Час”