Кожны дзень бі гэту сцяну

Калі я кожны дзень кажу пра тое, што мы не спыняемся і перамагаем, я маю на ўвазе што мы абавязаны працягваць ціск на ўладу да таго часу, пакуль яна не сядзе за сапраўдны стол перамоваў дзе на роўных будзе абмяркоўваць будучыню краіны, напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Андрэй Стрыжак.

ТУРЭМНЫЯ СЦЕНЫ — НЕ ПЛЯЦОЎКА ДЛЯ РОЎНЫХ ПЕРАМОВАЎ

Толькі пасля безумоўнага вызвалення і зняцця абвінавачанняў з усіх палітвязняў магчымыя нейкія перамовы аб будучыні краіны. Не варта ўпадаць у эйфарыю ад таго што сёння адбылося, таму што ўсе нашы людзі па-ранейшаму ў турмах, таму што па-ранейшаму арыштоўваюць нашых актывістак і актывістаў, таму што па-ранейшаму ў Беларусі ўлада падтрымлівае атмасферу страху і гвалту. Аднак, яшчэ два месяцы таму народ і яго прадстаўнікоў у краіне ніхто не лічыў суб'ектамі, а сёння узурпатар асабіста цісне руку тым, каго ўчора называў злачынцамі.

СЛАБАСЦЬ АБО ВЫКРУТ?

Безумоўна выкрут. Лукашэнка адыгрывае цяпер сцэнар сярэдзіны 90-х, які скончыўся разгонам Вярхоўнага Савета. Тады ён таксама доўга займаўся імітацыяй перамоўнага працэсу і ў рэшце рэшт раздушыў ВС і выкінуў апазіцыйных дэпутатаў з Дома ўрада. Трэба разумець што ўсё што адбываецца — гэта спроба вярнуць сабе кантроль над парадкам дня, які выслізнуў з некалі моцных "ручышч". Аднак, кожны бок выкарыстоўвае кожную інфанагоду ў сваіх інтарэсах. І мяч можа ўляцець як ў адны, так і ў другія вароты.

ПРОДАКТ ПЛЕЙСМЕНТ

Як у танным кіно, раз за разам з'яўляецца рэклама спонсараў, часам ператвараючы фільм у доўгі рэкламны ролік, так і Лукашэнка спрабуе прымазаць сваю канстрэформу да нашага парадку дэмантажу сістэмы і рэформы ўсёй краіны. Саша, так не працуе. Нельга бясконца замазваць язвы танальнікам і такім спосабам вырашыць праблему носу, які правальваецца ад пранцаў. Хвароба нашай краіны, якой ты яе заразіў 26 гадоў таму, не лечыцца касметычнымі мерамі. Тут трэба сур'ёзнае медычнае ўмяшанне і яго правядзе лепшы спецыяліст у асобе беларускага народа і яго абраных прадстаўнікоў.

УСЁ ШТО АДБЫВАЕЦЦА — ВЫНІК КОЖНАГА ДНЯ НАШАГА ЦІСКУ

Пратэсты, італьянская забастоўка, Адмова ад прадукцыі дзяржаўных прадпрыемстваў, вывешванне сцягоў, праца фондаў дапамогі і салідарнасці — кожны з нас робіць на сваім месцы ўсё, што можа для набліжэння дня перамогі. Кожны з нас — важны элемент агульнага магутнага і няўхільна ціску на сістэму, якой не застаецца нічога іншага, як спрабаваць здушыць наша партызанскае і падпольнае супраціўленне на кожным кроку. Штыкі і гвалт — дрэннае крэсла. Бясконца доўга на ім ўседзець не атрымаецца.

Заўтра на вуліцах будуць дзясяткі і сотні тысяч людзей, якія ведаюць што праўда на іх баку.

Не спыняемся і перамагаем! Працуем далей.

Падтрымаць каманду Фонду салідарнасці; https://bit.ly/36yIPj7

Падпісацца на канал у ТГ t.me/stryzhak

МАЕШ ПАТРЭБУ Ў ДАПАМОЗЕ ЦІ ХОЧАШ ДАПАМАГЧЫ? ТАБЕ СЮДЫ: https://bit.ly/3kz4b3H

novychas.by