“Кніга могілак” і “Кніга некралогаў”

Пад патранатам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) рыхтуецца да выдання ўнікальны двухтомнік, прысвечаны мемарыяльна культуры беларусаў на Захадзе.


01-KnihaMohilak2-1i-358x500.jpg


Першы том будзе ўяўляць сабою альбом-даведнік “Кніга могілак: Беларускія магілы на Захадзе”, у якім будуць утрымлівацца звесткі пра беларускія могільнікі і паасобныя пахаванні ў 12 краінах свету (Аўстралія, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Чэхія, Швецыя). У альбоме будуць прадстаўлены вядомыя сёння месцы пахавання беларускіх эмігрантаў ад пачатку ХХ ст., пададзены звесткі як пра цэлыя беларускія могільнікі, гэтак і пра раскіданыя па агульных могільніках беларускія магілы. Выданне будзе складацца з больш як тысячы фотаздымкаў пахаванняў і выяваў асобаў, а таксама біяграфічных звестак пра пахаваных.


02-KnihaMohilak2-2i-206x300.jpg


Другі том “Кніга некралогаў” будзе складацца з публікацый з нагоды смерці розных асобаў, што з’яўляліся на старонках двух найбольш значных беларускіх газет на Захадзе: “Бацькаўшчына” (Мюнхен, 1947-1966) і “Беларус” (Нью-Ёрк, ад 1950 г.). У выданні будуць пададзеныя некралогі як суродзічаў-эмігрантаў, гэтак і вядомых ку-льтурных ці палітычных дзеячаў метраполіі, а таксама знакавых для беларусаў замежнікаў. Гэтыя тэксты адлюстроўваюць своеасаблівую сістэму каштоўнасцяў беларусаў на Захадзе, іх ўяўленняў пра “сваіх” і “чужых”. Асобны раздзел кнігі будзе прысвечаны таксама памятным карткам – спецыфічнаму элементу пахавальнай культуры беларускіх эмігрантаў.

Планаванае выданне з’яўляецца плёнам некалькіх дзесяцігоддзяў збіральніцкай працы розных асобаў. Укладальнікамі двух-томніка выступаюць даследчыкі эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Плануецца, што абодва тамы пабачаць свет у 2021 годзе. Больш падрабязную інфармацыю пра выданні можна атрымаць праз электронную пошту: nhardzijenka@gmail.com.

“Наша слова”