
Дзевяностагоддзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча было шырока адзначана ў Беларусі. Нават ва ўмовах пандэміі ў многіх месцах былі зладжаны прысвечаныя пісьменніку імпрэзы, з’явіліся публікацыі ў друку, інтэрнэце.
Не засталіся ўбаку ад юбілейнай даты і беларусы, якія жывуць у Канадзе. 28 лістапада з ініцыятывы Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Канадзе і Згуртавання Беларусаў Канады была падрыхтавана, выпушчана ў эфір і размешчана на Youtube праграма “Вечар, прысвечаны 90-годдзю з Дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча”.
Незвычайны анлайн-фармат вечара дазволіў выступіць удзельнікам, якіх, безумоўна, немагчыма было б сабраць разам іншым спосабам: з Канады (Атава, Таронта, Уотэрлу, Бэры, Оквіл, Кінгардэн), з Беларусі (Мінск), а таксама з Бразіліі і Іспаніі.
Ініцыятыву ў падрыхтоўцы праявілі паэт Юрась Шамецька і яго жонка Ўладзя. Яны прадумалі праграму і кампазіцыю вечара, запрасілі выступоўцаў, якія ў далейшым тым ці іншым чынам прынялі ўдзел у гэтай незвычайнай віртуальнай сустрэчы, якая аб’яднала тых, хто ведаў Караткевіча, альбо быў захоплены яго творчасцю ці заклапочаны ўшанаваннем памяці пра яго. Юрась Шамецька выступіў і як вядучы, і як выступоўца, Уладзя грала на скрыпцы.
Першапачаткова была задума зладзіць вечар успамінаў, але праграма пашыралася, дапаўнялася, і ў выніку атрымалася своеасаблівая літаратурна мастацкая кампазіцыя, разнастайная па сваім змесце.
Адкрыўся вечар песняй, “Ой косю мой, косю”, у выкананні самога Уладзіміра Караткевіча. Запіс у свой час быў зроблены сябрам пісьменніка Сяргеем Панізнікам, які яго і даслаў на імпрэзу. Яшчэ раз голас класіка прагучаў у відэафрагменце выступлення Караткевіча на ягоным 50-годдзі, калі ён пранікнёна выказаў удзячнасць сваім чытачам.
Верш Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду” прачытала Аляксандра Логвін. Пакладзеныя на музыку вершы пісьменніка прагучалі ў выкананні Валянціны Шаўчэнка, Міхася Рыкава і Ўладзі Шамецька. Урыўкі з празаічных твораў Караткевіча агучылі Алена Лявончанка і Яфім Падвойскі.
Успамінамі пра Уладзіміра Караткевіча падзяліўся яго сябра, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. Ён быў як ніхто блізка знаёмым з ім, рэцэнзаваў яго творы, напісаў кнігу ўспамінаў. Паэт Сяргей Панізнік таксама добра ведаў Караткевіча і аповед пра сустрэчы з ім ілюстраваў уласнымі фотаздымкамі. Пісьменніца і паэтка Вольга Іпатава паведаміла, што творчасць Караткевіча абудзіла ў яе цікавасць да гістарычнай тэмы і натхніла на напісанне аповесцей з часоў сівой даўніны.
Беларусаў Канады вітаў у сваім лісце доктар філалагічных навук, прафесар, сябра Уладзіміра Караткевіча Вячаслаў Рагойша. Таксама ён паведаміў, што да юбілею выдаў дакументальна-мастацкае эсэ “Дзесяць саг пра Караткевіча”, якое існуе і ў электронным варыянце.
У прывітальным лісце, які даслаў літаратуразнавец, крытык кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей, таксама згадваліся сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам, а яшчэ работа па падрыхтоўцы Збору твораў пісьменніка ў 25-і тамах, ініцыятарам і арганізатарам якой цяпер выступае навукоўца. Тэму збору твораў падхапіў і літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька, які расказаў пра падрыхтаваны ім першы ў гісторыі беларускай тэксталогіі том малюнкаў пісьменніка.
Ці не асаблівую значнасць і вагу вечару надалі навукоўцы, якія займаюцца даследаваннем творчасці Караткевіча. Іх выступленні – бясспрэчна важкі ўнёсак у даследаванне творчасці пісьменніка.
Вось тэмы іх навуковых паведамленняў і прозвішчы даследчыкаў:
-
“Чалавек, які спрычыніўся да будаўніцтва нацыі. Да юбілею У. Караткевіча”, cтаршыня Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе, доктар і грамадскі дзеяч Пётра Мурзёнак.
-
“Тэма беларускай інтэлігенцыі”, прафесар універсітэта Ўотэрлу (Канада) Зінаіда Гімпелевіч.
-
“Рагачоўскі дзённік Ул. Караткевіча: ля вытокаў”, кандыдат гістарычных навук Галіна Туміловіч.
-
“Цыкл “Таўрыда” У. Караткевіча і цыкл “Крымскія санеты” А. Міцкевіча”, Юрась Шамецька.
Паэт і перакладчык з Іспаніі Анхела Эспіноса Руіс сказала прачулыя словы пра Уладзіміра Караткевіча і прачытала два сваіх пераклады яго вершаў.
Пра дзейнасць беларускай суполкі ў Бразіліі і сваё ўспрыняцце творчасці Уладзіміра Краткевіча апавядалі Воля і Патэрсан Франка.
Вечар доўжыўся больш за дзве гадзіны. Тэхнічную падтрымку забяспечылі Іна і Алесь Каралькевічы і Сяргей Мазгавы.
У шматлікіх водгуках на прагледжаны ў інтэрнэце запіс вечара выказваюцца словы падзякі яго арганізатарам і ўдзельнікам і пажаданні ладзіць падобныя вечары і надалей.
M.W., zbsb.org