Суворыя зімовыя сібірскія ночы, цёмныя. А маразы! Але прырода зрабіла падарунак – разгарнула Сонца з Зімы на Лета, і гэты настрой падхапілі іркуцкія беларусы.
Апранулі кажухі, маскі, ўзялі Зорку і выправіліся ад хаты да хаты паведамляць добрую вестку, спяваць песні, вадзіць Казу і Мядзведзя ў кампаніі Механошы і Дзеда. На Іркуччыне гэтую традыцыю шануюць ад часоў з’яўлення першых перасяленцаў з цэнтральнай часткі Расіі, Беларусі і Украіны.
Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Чэрскага” штогод на Каляды збірае сваіх сябраў, а таксама жыхароў і гасцёў горада, не забываючыся правесці ўрачыстасці і ў рэгіянальных аддзяленнях арганізацыі: у Чэрчэце, Андрушыне, Тургенеўцы, Марыінску і Жызнеўцы – у вёсках свята атрымліваецца яшчэ больш яскравым, натуральным, аўтэнтычнейшым.
У гэтым годзе арганізатары пастараліся надаць мерапрыемству сямейны характар, і таму сабралі людзей усіх узростаў – госці прыходзілі цэлымі сем’ямі, каб паўдзельнічаць у беларускіх гульнях, у “спеўным сходзе”, танцах і варажбе, пакалядаваць. Асобна была арганізавана дзіцячая пляцоўка, дзе самых малых гасцей свята забаўлялі аніматары-старшакласнікі, удзельнікі новага моладзевага праекту ТБК – агітбрыгады “Зорка”.
Гэтая сустрэча адбылося дзякуючы плённай працы беларускай фальклорнай студыі “Беларусы Прыбайкалля” пад кіраўніцтвам старшыні Іркуцкага гарадскога аддзялення Юліі Пермінавай і актыўнаму ўдзелу Наталлі Усанінай і Галіны Міхно.
Мы дзякуем АДКУ “Цэнтр сацыяльных і інфармацыйных паслуг для моладзі” і Пятру Андрэевічу Трэскіну за магчымасць скарыстацца малой залай “Дома афіцэраў”; фотаслужбе “Усходняя Сібір” і Аляксандру Барысавічу Данілаву за прафесійны і яскравы рэпартаж.
Дарагiя сябры!
Няхай ў новым годзе ўсе спраўдзяцца мары,
Трывогі пакінуць, развеюцца хмары,
Няхай толькі добрае ўсім вам спрыяе,
Зямля зноў аддзячыць спаўна ураджаем.
Калядная зорка шлях ўказвае шчыра,
Сонца і шчасця, здароўя і міру!
Алена Сiпакова,
фота Аляксандра Данілава