Івонка Сурвілла: Год БНР

Дарагія мае суродзічы ў Беларусі і ў сьвеце!

Віншую Вас з Новым 2018 годам і жадаю, каб гэты вялікі наш юбілей – 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — быў для ўсіх нас пасьпяховым і шчасьлівым.

У 2017 годзе Канада сьвяткавала свае стопяцідзесятыя ўгодкі. І як прыемна было бачыць, што ня толькі ўлады, але і кожны горад, кожнае мястэчка, кожная вёска адзначалі гэты юбілей. Людзі ўдзельнічалі ў афіцыйных імпрэзах, але таксама стараліся з гэтай нагоды зьдзейсьніць нейкія юбілейныя праекты, адсьвяткаваць юбілей асабіста, кожны па-свойму.

Дык вось, зьвяртаюся да вас сёньня з заклікам: давайце і мы, усе мы, у Беларусі і ў замежжы, адзначым наш Юбілей – сто гадоў адноўленага існаваньня нашай дзяржавы. Пачатак быў нялёгкі, ва ўмовах вайны на нашай зямлі між чужымі нам імпэрыямі, ва ўмовах дагавораў між імі, у якіх іы ня бралі ўдзелу. Але нашыя продкі ўсё ж здолелі абвясьціць сьвету, што беларускі народ жыве і жадае быць незалежным, паўнавартасным гаспадаром свае зямлі.

Дзякуючы адвазе і вытрываласьці нашых продкаў, незалежнасьць Беларусі была абвешчаная, прызнаная суседзямі, і нават бальшавікі ня здолелі зноў зрабіць з нас расейскую губэрнію. Усе мы ведаем, што без БНР не было б БССР і сёньня не існавала б незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь.

Беларуская дыяспара адзначала 25 Сакавіка як найвялікшае сваё сьвята. Там, дзе былі сьвятыні, адпраўлялі малебен за Беларусь, якія заўсёды завяршаліся малітвай “Магутны Божа”. Дзеці чыталі вершы, выступалі са сьпевамі. Дарослыя зь цікавасьцю слухалі даклады на тэму абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Рабілі іх найбольш паважаныя дзеячы эміграцыі. Часта чула словы, менавіта калі дзень 25 Сакавіка збліжэўся да Вялікадня: “Хрыстос уваскрос, уваскрэсьне і наша Беларусь!”. Рабілі супольныя абеды, ладзілі выставы беларускага народнага мастацтва. Усё гэта напаўняла сэрца радасьцю і верай, што “дачакаемся”.

У гэтыя сотыя угодкі БНР, заклікаю кожнага з Вас, мае дарагія суродзічы, адзначыць падзеі 1918 году на нашай зямлі гэтак, як адзначаюць такія сьвяты грамадзяне вольных краінаў. Або ўрачыстымі сустрэчамі, прысьвечанымі БНР, канцэртамі, гутаркамі, імпрэзамі. У замежжы, дык я абсалютна ўпэўненая, што прынамсі 25 Сакавіка адсьвяткуюць урачыста і з радасьцю. Забудземся ў гэты дзень на тое, што яшчэ не нармальна ў нашым краі, бо верым, што дачакаемся і мы тае вольнай, беларускай Беларусі, пра якую ўсе марым.

Што да асабістых праектаў, прысьвечаных стагодзьдзю БНР, прапаную, каб нашыя мастакі зарганізавалі ў 2018 годзе выставу, прысьвечаную Беларускай Народнай Рэспубліцы, каб паэты выказалі сваю любоў да Бацькаўшчыны ў сваіх юбілейных вершах, каб пісьменьнікі выдалі нарысы на тэму стагодзьдзя. І каб дзеткі ў школах папрасілі настаўнікаў расказаць ім пра падзеі ў Менску стогадовай даўніны, пра значнасьць незалежнасьці для кожнага народу, пра месца БНР у нашай гісторыі. Мяне вучылі пра ўсё гэта мае бацькі. Зьвяртаюся да нашай дыяспары – мо і вы перадалі б сваім дзеткам пачуцьцё гонару звацца беларусамі, якое перадалі нашыя бацькі майму брату і мне ў далёкім замежжы?

Дык вітаю ўсіх вас, мае дарагія суродзічы, і жадаю, каб гэты юбілейны год БНР быў для вас асабліва плённым і шчасьлівым!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,
Студзень 2018