Іркуцкі ансамбль „Ленушка“ стаў лаўрэатам I ступені на VI Міжнародным фестывалі „Садружнасць талентаў“

Падведзены вынікі VI міжнароднага фестывалю-конкурсу нацыянальных культур і сучаснай творчасці „Садружнасць талентаў“. Арганізатары: прадзюсарскі цэнтр «La Star» (Таганрог), Рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія „Беларусы Растоўскай вобласці“, МНКА „Беларусы Таганрога“.

Удзельнікі – творчыя калектывы Расіі і Беларусі розных нацыянальнасцяў, узростаў і жанраў. У намінацыі „Фальклор“, ва ўзроставай групе „26+“, традыцыі беларусаў Іркуцкай вобласці прадставіў сямейны фальклорны ансамбль „Ленушка“ Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі „Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага“ (мастацкі кіраўнік Таццяна Сіпакова). Журы высока ацаніла творчасць калектыву, прысудзіўшы Дыплом Лаўрэата I ступені.

Некалі гэта быў дзіцяча-юнацкі калектыў, які працаваў на базе ўстаноў дадатковай адукацыі, а сёння „Ленушка“ – сямейны ансамбль. Найчасцей яго ўдзельнікі спяваюць для сябе і за сямейным сталом, за „бяседай“, не канцэртуючы, але рэдкія выступы да радасці аматараў традыцыйнай культуры ўсё ж такі здараюцца. А яшчэ «Ленушка» заўсёды прымае ўдзел у зводных хорах беларусаў Іркуцкай вобласці.

Пра творчы шлях калектыву чытайце ніжэй, у нататцы Тацяны Сіпаковай.


02.jpg


І льецца песня-рака...

Невядома колькі гадоў нясе свае воды Лена-рака, шырока, прывольна, убіраючы ў сябе жыццё вялікіх і малых паселішчаў. Яна славіцца не толькі сваёй паўнаводнасцю, але і працавітасцю! Жыхары Поўначы клічуць яе карміцелькай, сібірскай прыгажуняй, складаюць у яе гонар балады, песні і ганарацца сваёй прыналежнасцю да яе велічы. Шырокая рака, крутыя яе берагі, у начной цішыні далёка чуецца гудок парахода, а цягучыя ленскія песні рэхам разносяцца па наваколлі.

Поўная ласкі Кірэнская зямля, горад рачнікоў, лётчыкаў і паляўнічых стаў радзімай для дзіцячага спеўнага калектыву ў 1989 годзе, і імя яны ўзялі сабе ад Лены-ракі, ласкавае, пявучае – Ленушка!


01.jpg

Сямейны фальклорны ансамбль „Ленушка“, 2020. Алена, Кася, Таццяна


Упартасць і талент маладых певунняў, звонкія галасы дзяўчат знайшлі свайго слухача, рознахарактарныя рускія народныя песні і сямейныя песні беларусаў перасяленцаў прыйшліся даспадобы.

Трыццаць гадоў таму гульні і карагоды на Масленіцу, Каляды і Вялікдзень былі дзівосамі, але колькі гульнявых праграм з прымаўкамі ды пацехамі было згуляна – не пералічыць. На сцэнах упершыню разгарнулася абрадавае дзеянне каляндарных святаў. Вучыліся самі і перадавалі веды аб традыцыях і звычаях народных святаў нашым гледачам.


03.jpg

Адкрыццё Беларускага цэнтра, Новасібірск, 2000 г.


У 1992 годзе ансамблю было нададзена званне „дзіцячы ўзорны калектыў“, і ў тым жа годзе адбыўся першы выезд на абласны фальклорны фестываль, дзе ансамбль увайшоў у тройку прызёраў. Гэта быў трыумф! Дзяўчыны красныя ды зграбныя, а ў нас яшчэ і касцюмы былі чырвоныя, на што і свая прыказка была: „Якія дзеўкі, слаўныя ды красныя! Ды самі вы чырвоныя, а мы пявучыя ды гаваручыя“. Адным словам, заслужылі сваю долю славы.

Кірэнск нас выгадаваў, а Іркуцк адкрыў шлях да далёкіх перспектыў. Воляю лёсу зрабіўшыся ў 1996 годзе іркуцянамі, доўга прызвычайвацца не давялося. Рэпертуар быў напрацаваны багаты, спеўны досвед захаваўся, і ўжо ў кастрычніку ансамбль заявіў пра сябе самастойна арганізаваным святам „Рамяство есці не просіць, а хлеб прыносіць“ на сцэнічнай пляцоўцы іркуцкага Палаца дзіцячай творчасці. Нас вельмі падтрымала і натхніла на новыя здзяйсненні Ніна Кукарына, дырэктарка Палаца, чалавек, стрыманы на хвалу, які ўмее адрозніць сапраўднае ад наноснага. Яна дала магчымасць выступаць у гарадскіх канцэртных праграмах, што ў той час было зусім не проста.


04.jpg

Кірэнск, 1995 г.


Багатая геаграфія нашых выступаў прывяла да знаёмства з беларускай грамадой у асобе Алега Рудакова. Зоркі спрыяльна сышліся: таварыству патрэбны быў калектыў, правадыр беларускай культуры, а нам трэба было паглыбіцца ў песенную культуру беларусаў, бо свае перасяленскія песні мы ўжо перараслі. Тандем склаўся плённы, разам мы выйшлі на новую прыступку ў засваенні і прапагандзе беларускай народнай культуры праз святы, канцэртныя праграмы, гастролі.

Больш за дзесяць гадоў ансамбль „Ленушка“ быў візітоўкай беларускага таварыства, годна і прафесійна прадстаўляючы грамадскую арганізацыю на самых розных узроўнях, ад гарадскога да міжнароднага. Маладосць, запал, прыгажосць дзяўчат, сцэнічны артыстызм заўсёды мелі ў аўдыторыі водгук, захапленне і заслужаныя апладысменты. Гэта быў магутны рывок у развіцці як арганізацыі, гэтак і ансамбля. І сёння ўсцешна ўсведамляць сваё дачыненне, як той казаў: „...мы былі першымі на абраным шляху...“.


05.jpg

Дзень Беларусі ва Усольі-Сібірскім


Цячэ рака часу, але гэта няпраўда, што немагчыма ўвайсці ў адну раку двойчы, можна! Толькі адчуванні ўжо будуць іншымі, больш асэнсаванымі, філасофскімі і нават больш пачуццёвымі. Душа заўсёды просіць песні!


06.jpg

Каляды ў беларусаў


У „Ленушкі“ зараз новы статус – сямейны ансамбль! Спяваем для душы, ад душы, вось ужо і ўнучкін голас упэўнена ўплятаецца, а гэта значыць: крыніцы народнай песні ніколі не перасохнуць!

І будзем спяваць! І будзем жыць!

Таццяна Сіпакова, кіраўніца фальклорнага ансамбля «Ленушка»