На выставе работ мінскага фотамайстра Паўла Сушчонка, якая дэманстравалася ў гарадах Літвы, былі сярод іншых і фотаздымкі з балета “Вітаўт” Вялікага тэатра Беларусі.
Па ініцыятыве нашага Таварыства беларускай культуры “Спадчына”, пры падтрымцы мэрыі горада-курорта Друскінінкай з 6 па 28 лютага ў гарадскім цэнтры рамёстваў “Menu Kalve” дэманстравалася выстава работ мінскага фотамайстра Паўла Сушчонка “У палоне прыгожага”. На фотаздымках — імгненні з балетных спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы й балета Беларусі.
Для экспазіцыі абраны былі фрагменты нацыянальных балетаў Вячаслава Кузняцова “Вітаўт” (лібрэта Аляксея Дударава, мастацкае асэнсаванне вобразу вялікага князя ВКЛ Вітаўта) і “Анастасія” (лібрэта Анатоля Дзялендзіка, зварот да гісторыі жыцця князёўны Анастасіі Слуцкай) у пастаноўцы народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна. На выставе мы ўбачылі й фотамоманты з спектакляў “Спартак”, “Кармэн-сюіта”, “Балеро”, “Карміна Бурана”, “Стварэнне свету” ды іншых у пастаноўцы народнага артыста СССР і Беларусі харэографа Валянціна Елізар’ева.
Людміла Уланцава. Балет “Анастасія”.
На вернісаж прыйшлі мясцовыя фотамастакі, жывапісцы, прадстаўнікі мэрыі, жыхары й госці горада, дзеці з санаторыя “Беларусь”. Цёплыя словы ў адрас Паўла Сушчонка ды арганізатараў выставы казала Ірына Зубко, дарадца па пытаннях культуры Амбасады Беларусі ў Літве. Сам аўтар нам расказаў, як ён ловіць цікавыя імгненні ў ходзе спектакляў. А Вялікі тэатр на адкрыцці выставы прадстаўляла вядучы рэдактар аддзела інфармацыі Алена Балабановіч.
Усе фінансавыя затраты ў падрыхтоўцы, афармленні выставы, размяшчэнні гасцей з Беларусі ўзяла на сябе наша суполка. З Друскенік выстава паехала ў Швянчоніс, аднак прэзентаваць яе ў сувязі з каранавірусам пакуль не ўдалося. Але прыйдзе пара. Наперадзе ў яе таксама іншыя гарады Літвы. Як вядома, у Вялікім тэатры Беларусі шырокі рэпертуар: на любыя густы. Спадзяемся, фотавыстава Паўла Сушчонка зацікавіць літоўскіх прыхільнікаў балета, і некаму захочацца пабываць і ў Вялікім тэатры Беларусі.
Юры Кавалёў. Балет “Вітаўт”.
Нам Павел расказаў, што фатаграфуе даўно. Яго здымкі змяшчаюць розныя друкаваныя беларускія выданні, ёсць яны і ў вонкавай рэкламе: скажам, на афішах міжнародных турніраў па мастацкай гімнастыцы. У 2015‑м у Друскінінкаі праходзіла ўжо выстава фотамайстра “Вечная мелодыя жыцця”: з мінскімі краявідамі. У жанры гарадскога пейзажу Павел Аляксеевіч таксама любіць працаваць. У Друскенікі ён, як і нашы іншыя сябры, прыязджае з вялікім задавальненнем — каб і проста тут адпачыць: на 1–2 дні. Мы, у прыватнасці, з радасцю сустракаем тут і артыстаў заслужанага ансамбля танца Беларусі “Крыжачок” (мастацкі кіраўнік — Ігар Музалеўскі), якія вельмі высока ўзнялі тут планку майстэрства. Ад такіх талентаў і нам — гонар, і нашай Бацькаўшчыне любімай.
Валянціна Іваноўская, старшыня Таварыства беларускай культуры “Спадчына” (Друскінінкай); „Голас Радзімы“