Так ужо гістарычна склалася, што Сібір стала другім домам для шматлікіх беларусаў і беларусак. Кожны са сваёй прычыны апынуўся далёка ад дома, але ўсіх аб’ядноўвае адно – Беларусь заўсёды была ў іх сэрцах, ёсць і будзе. І для кожнага Радзіма – гэта штосьці сваё, асабістае, запаветнае. Аднойчы, у нашага цэнтра з’явілася ідэя аб’яднаць этнічных беларусак розных узростаў і прафесій, з рознымі інтарэсамі і марамі ў калектыўнай творчасці. Так пачалася праца над праектам “Гісторыі беларусак у асобах”, у якім фота – не проста выява, а адлюстраванне чалавечага лёсу.
Чаму ж у фотапраекта жаночы твар? Па-першае, у беларускай дыяспары прадстаўніц жаночага полу значна больш, чым мужчын. Па-другое, жанчыны заўсёды ахвотней згаджаюцца на ўдзел у розных творчых эксперыментах. Ну і па-трэцяе, хто, як не этнічная беларуска ў нацыянальным касцюме можа перадаць прыгажосць і аутэнтычнасць свайго народу. Так у выніку творчага саюза з таленавітым фатографам Андрэем Чардаковым і з’явіўся фотапраект пра беларускіх дзяўчын і жанчын, якія пражываюць у Новасібірскай вобласці, атрымаўшы назву “Гісторыі беларусак у асобах”.
Людміла Бяляўская
“Гармонік бацькі… ветэран вайны і працы, ён не раставаўся з ім да апошніх дзён. Бацькоўская хата, за акном квітнеючыя яблыні з іх адуральным водарам. Блакітнае, бязхмарнае, як усё у дзяцінстве, неба. Калі я наведваю сваю Радзіму – горад Кіраўск, што на Магілёўшчыне, заўсёды падсілкоўваюся жыццёвай энергіяй.” Такія цёплыя ўспаміны пра Беларусь захоўвае ў душы самая мудрая і вопытная гераіня Людміла Бяляўская, якая, дарэчы, з’яўляецца членам Саюза журналістаў Расіі. Найбольш яскравыя ўражанні пра Беларусь з дзяцінства і ў Анжалікі Нясцёркінай. “Я часта ўспамінаю вёску Дзямідавічы Нясвіжскага раёну, адкуль родам мой бацька. У памяці ўсплывае ельнік, з узлеску якога адкрываўся від на сажалку, дзе мы любілі купацца. Канешне ж, хата з печкай, у якой бабуля гатавала нам беларускія стравы – няхітрыя, але вельмі смачныя!”
Каля 40 гадоў жывуць у Сібіры і дзве Валянціны – сяброўкі з дзяцінства. Яны жылі ў суседніх вёсках, вучыліся ў адной школе і разам паехалі заваёўваць Сібір.
Валянціна Самсонава
Валянціна Нячаева дагэтуль бачыць у снах сваю родную вёску Вятранка Быхаўскага раёну. “Вырасла я ў лесе, слухаючы гоман дрэў і спевы птушак. Гэта мне сніцца і сёння…” – успамінае яна. А вось яе сяброўку Валянціну Самсонаву радкі Якуба Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы…” пераносяць ў суседнюю з Вятранкай вёску Кузьковічы. “Нарадзілася я на хутары, можна сказаць, у беларускіх балотах. І ўсё яшчэ памятаю птушыныя спевы, пах скошанай травы…”
Марыя Белакурская
Марыя Белакурская – салістка Новасібірскага акадэмічнага тэатра оперы і балета – лічыць беларускае паветра нейкім асаблівым. “Родам я з Мінску. Для мяне нідзе больш няма такога свежага і “смачнага” паветра, як на Радзіме” – дзеліцца з намі Марыя. Следам за мужам паехала ў Сібір Марына Лапкіна – ураджэнка Смаргоні, якая большую частку жыцця пражыла ў Мінску. Для яе Беларусь – гэта “родная хата, бацькі, спакой, прыгожыя твары людзей… буслы, валошкі, шматлікія азёры і пах сапраўдных яблыкаў”.
Таццяна Нялюбіна, Маша Гасюк, Анастасія Дзяменцьева
Ёсць сярод гераінь праекта і тыя, чые бабулі і дзядулі родам з Беларусі. Кіраўнік Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Анастасія Дзяменцьева заўсёды з гонарам кажа: “Мая бабуля – беларуска!” А калі цікавішся падрабязнасцямі, дадае: “Звалі яе Зашчытава Кацярына Лук’янаўна і родам яна з Гомельшчыны. У дзяцінстве я нават уявіць не магла, што беларускія песні бабулі так паўплываюць на мой лёс”. Алеся Матвеева таксама ўспамінае, як мамуля перад сном спявала ей песні, але засыпала яна толькі пад беларускую калыханку.
Соня Дуліна
Удзельніцай фотапраекта стала і ўнучка першага кіраўніка нашага цэнтра – Соня Дуліна. “Мая бабуля Кабанава Ніна Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Лазаравічы Быхаўскага раёну. На працягу 15 гадоў яна ўзначалівала Новасібірскі цэнтр беларускай культуры. Я ганаруся сваёй бабуляй! Менавіта дзякуючы ёй ў мяне і з’явілася цікавасць да творчасці.”
Найбольш юныя гераіні Света Басава і Паліна Сямёнава вельмі ганарацца сваімі прадзядулямі.
Света Басава
Света – праўнучка Драздова Ўладзіміра Паўлавіча, старшыні Сібірскага рэгіянальнага саюза “Чарнобыль”.
Паліна Сямёнава
А прадзед Паліны Сямёнавай Роўба Мікалай Паўлавіч – ваенны ў адстаўцы – прыехаў з Міншчыны ў Сібір па службе.
Прэзентацыя праекта адбылася 16 кастрычніка, дзе кожная гераіня атрымала невялічкі падарунак – каляндар на наступны год з фотаздымкамі ўдзельніц. Яшчэ на працягу месяца кожны можа пазнаёміцца з выставай у Доме нацыянальных культур імя Г.Д. Завалокіна.
Фотапраект “Гісторыі беларусак у асобах” дазволіў з’яднаць сібірскіх беларусак і праз прызму фотаздымкаў расказаць пра кожную гераіню. Бо, у кожнай – сваё жыццё, своё лёс, свая гісторыя…
Таццяна Нялюбіна, метадыст Новасібірскага цэнтра беларускай культуры,
фота Андрэй Чардакоў