Грушынскі фэстываль з беларускім акцэнтам

Самарская абласная арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» прыняла ўдзел у Міжнародным фестывалі аўтарскай песні імя Валерыя Грушына.

На пачатку ліпеня Самарская зямля ў чарговы раз стала цэнтрам бардаўскай песні. Тут з 4 па 7 ліпеня на Маструкоўскіх азёрах праходзіў 46-ы Грушынскі фестываль, на якім працавала пятнаццаць розных тэматычных сцэн-эстрад разам з галоўнай пляцоўкай на вадзе ў форме гітары – традыцыйным месцам правядзення гала-канцэрта і галоўным сімвалам фестывалю.

Беларусы Самарскай вобласці былі запрошаны на пляцоўку «Перамога». Менавіта на гэтай сцэне на працягу ўсіх дзён творчага форуму аўтарскай песні праходзілі мерапрыемствы на ваенна-патрыятычную тэматыку.


ФОТО - 1.jpg

Трыо, у складзе Андрэя Кірылюка, Аляксея Халітава і Сяргея Кузняцова на тэматычнай сцэне «Перамога» Грушынскага фэстывалю аўтарскай песні

– Выступіць на тэматычнай сцэне «Перамога» нам прапанаваў Аляксей Халітаў, яе кіраўнік. Мы з радасцю пагадзіліся і прынялі рашэнне ўсе нашы мерапрыемствы прысвяціць знамянальнай даце – 75-годдзю вызвалення беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якую ў гэтым годзе адзначае наша гістарычная Радзіма, – распавядае Андрэй Кірылюк дырэктар «Руска-Беларускага Братэрства 2000».

Трэба адзначыць, што Андрэй Кірылюк прыняў непасрэдны ўдзел у рабоце сцэнічнай пляцоўкі «Перамога». Трыа ў складзе Аляксея Халітава, аўтара-выканаўцы, кампазітара, паэта, лаўрэата усерасійскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, Сяргея Кузняцова, аўтара, кампазітара, выканаўцы, музычнага кіраўніка Творчага аб'яднання ваенных аўтараў-выканаўцаў «Поющая застава» і Андрэя Кірылюка выканалі песні ваенных гадоў і кампазіцыі Сяргея Кузняцова – «Здравствуйте люди», «Если б в 41-м», «Эх, пехота», «Обнимите друзей»... У выкананні інтэрнацыянальнага трыа прагучала і легендарная «Катюша», якой у мінулым годзе споўнілася восемдзесят гадоў – упершыню песня была выканана 27 лістапада 1938 гада ў Калоннай зале Дома Саюзаў у Маскве. Таксама ўзгадалі мэтра аўтарскай песні, паэта і кампазітара Булата Акуджаву. Сёлета 9 мая яму споўнілася б 95 гадоў. У выкананні творчага калектыву прагучала яго песня «Здесь птицы не поют...»


ФОТО -2.jpg

Андрэй Кірылюк (справа) з ганаровымі гасцямі Грушынскага фэстывалю спеваком і кампазітарам Цімурам Вядзернікавым і спявачкай Кацярынай Кацёначкінай, унучкай знакамітага стваральніка «Ну, погоди!» Вячаслава Кацёначкіна


Ірына Міхайлаўна Глуская, прэзідэнт САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000», з гонарам кажа, што ў Андрэя Кірылюка сапраўдны беларускі характар, таму для яго ўласцівае моцнае пачуццё адказнасці:

– І гэта не выпадкова, яму было ў каго вучыцца і з каго браць прыклад. Яго бабуля Валянціна Біруковіч, па мужу Мусіенка, была родам з Бабруйска. І на творчым форуме аўтарскай песні ён прадставіў беларусаў Самарскай вобласці вельмі годна!


ФОТО - 3.jpg

Барыс Вайханскі, пераможца Грушынскага фэстывалю 1978 гада, фота Аляксандра Ёлкіна


Акрамя самарскіх беларусаў у адборачным туры Грушынскага фэстывалю – 9-м Міжнародным Грушынскім інтэрнэт-конкурсе – бралі ўдзел і беларусы з гістарычнай Радзімы – Рэспублікі Беларусь, і многія з іх у выніку сталі лаўрэатамі і дыпламантамі. Дыплом пераможцы ў намінацыі «Бард» атрымаў Іван Пачывалаў з Гродна за кампазіцыю «Белый груздь, чёрный груздь», прызёрамі ў намінацыі «Бард» сталі Таццяна Салаўёва з Гродна за песню «Ты приходишь издалека» і Любоў Акунёва з Гомеля за песню «Карелия», а ў намінацыі «Паэзія» – прызёркай стала гамяльчанка Алёна Асенчык.

Нашы суайчыннікі ў розныя гады станавіліся лаўрэатамі Грушынскага фэстывалю. Упершыню – яшчэ на 10-м Грушынскім фэстывалі ў 1977 годзе. Гэта быў творчы калектыў з Мінска «Геликтит». А трыа «Фиеста» з Маладзечна (Таццяна Багавец – гітара, вакал, Наталля Паўлюшчык – гітара, вакал, Святлана Кулашка – флейта, перкусія, вакал) зрабілася лаўрэатам ў 1993 годзе.


ФОТО - 4.jpg

Ліпень 1978 года, г. Куйбышаў на Грушынскім фэстывалі: Барыс Вайханскі (з лыжкай), Міхаіл Валодзін і Вераніка Доліна (з міскай), Ала Бяляўская (Акерман) (падае хлеб) і Уладзімір Бобрыкаў (глядзіць на трапезу), фота Эрыка Фраймана


Чатыры разы беларускія барды атрымлівалі галоўныя прызы і ў аўтарскай намінацыі. Адзін з іх, Барыс Вайханскі з Мінска, дыплом пераможцы атрымаў у 1978 годзе за песню «Прощайте, милые места».

Грушынскі фэстываль, гэты найбуйнейшы ў свеце творчы форум аўтарскай песні, пачынаючы з 1968 года штогод збірае дзесяткі тысяч аматараў з усіх куткоў нашай планеты. За ўвесь час яго існавання каля 200 аўтараў і выканаўцаў, дуэтаў і ансамбляў сталі лаўрэатамі і атрымалі пуцёўку ў творчае жыццё. Пацвярджэннем гэтага можа служыць творчасць нашага суайчынніка Барыса Вайханскага. Па сцвярджэнні саміх наведнікаў Грушынскіх фэстываляў, нават просты ўдзел у ім можа кардынальна змяніць жыццё...

– У 1995 годзе я скончыла Іванаўскае абласное вучылішча культуры, рэжысёрскі факультэт, – распавядае сваю гісторыю Любоў Акунёва, прызёрка 9-га Міжнароднага Грушынскага інтэрнэт-конкурсу. – Працавала актрысай, рэжысёрам, педагогам тэатральных класаў. А пасля Грушынскі фєстываль змяніў усё маё жыццё. Я была мастацкім кіраўніком сцэны «Кольскі Грудок» і там у 2010 годзе пазнаёмілася з беларускім волатам Аляксеем, які павёз мяне ў Гомель. Зараз у нас трое дзетак. Калі выйду з дэкрэтнага адпачынку, вярнуся ў Гомельскі клуб аўтарскай песні гарадскога Цэнтра культуры, дзе працавала да нараджэння малодшай дачкі.

Мікалай Бойка


P.S.: Якраз 12 верасня 2019 года ў Мінску ў канцэртнай зале «Верхні горад» адбудзецца аўтарскі вечар Галіны, Барыса і Каці Вайханскіх.




Барыс Вайханскі пра свае Грушынскія фестывалі


Мае першыя песенныя фэсты прыпалі на пачатак 70-х. Усё пачыналася са студэнцкіх турыстычных злётаў, у праграме якіх у абавязковым парадку былі конкурсы песні пад гітару.

У той час я вучыўся ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі і ўваходзіў у склад зборнай інстытута па спартыўным арыентаванні. Але, шчыра кажучы, бралі мяне на спаборніцтвы ў асноўным з-за маіх песень, дзякуючы якім я не раз прыносіў роднаму ВНУ лаўрэацкія званні.

Пасля заканчэння інстытута я прыйшоў у 1975 годзе ў Мінскі клуб аўтарскай песні «Крыніца». І ўжо наступны год адзначыўся для мяне выездамі ў складзе клуба на ўсесаюзныя песенныя фэсты. Вясной 76-га я ўжо спяваў у Кіеве, затым у Маскве, Адэсе і, нарэшце, у пачатку ліпеня прыляцеў на знакаміты «Грушынскі»...


ФОТО -5.jpg

Старшыня журы Грушынскага фестывалю 1978 году Юрый Візбар на галоўнай сцэне - Гітары ўручае Барысу Вайханскаму Гран-пры,  аўтар фота Эрык Фрайман


Фестываль імя Валерыя Грушына 1976 года урэзаўся ў маю памяць не толькі нечаканым для мяне лаўрэацтвам, але перш за ўсё той неверагоднай сяброўскай атмасферай, якая панавала на гэтым свяце песні.

Усе былі роўныя, і ўдзельнікі конкурсу, і члены журы – вядомыя і любімыя барды. Усе жылі ў палатках. І галасы мэтраў гучалі не толькі з галоўнай сцэны «Гітара», якая ляжыць на хвалях, але і ля «хатніх» вогнішчаў, размешчаных па ўсім фестывальнаму лагеры. Можна было ісці па начной фестывальнай паляне, цёмнай ад тысяч намётаў, выбіраючы кірунак на знаёмыя і зусім новыя галасы. Вось там, напрыклад, ля вогнішча спяваў Юрый Візбар, там – Таццяна і Сяргей Нікіціны, а далей гучаў голас Вадзіка Ягорава... Кожны выбіраў «свой» голас па душы...

Песні ў тыя гады разляталіся па ўсім Савецкім Саюзе імгненна і без усялякага інтэрнэту. Варта было толькі ўзяць гітару, прысеўшы ля якога-небудзь фестывальнага вогнішча, і праспяваць песню, і вакол тут жа збіраліся людзі з магнітафонамі і з вудамі, да якіх былі прыкручаныя мікрафоны. Ты спяваў, цябе запісвалі, час ад часу прасілі назваць імя і горад, з якога ты прыехаў. І літаральна праз пару тыдняў табе прыходзіў ліст з Сібіры або раздаваўся тэлефонны званок з Уладзівастока. І незнаёмыя людзі запрашалі цябе ўжо на «свае» фэсты або канцэрты, прызнаючыся ў любові да тваіх песень, пачутых з магнітафонаў сяброў, якія прыехалі з Грушынскага або нейкага іншага злёту.


ФОТО - 6.jpg

Барыс і Галіна Вайханскія, аўтар фота Георгій Ліхтаровіч


Той Куйбышаўскі фестываль быў галоўным сродкам сувязі з аматарамі песеннага жанру велізарнай краіны з назвай СССР. Колькі сапраўдных сяброў ён падарыў мне тады – не злічыць. З яго лёгкай рукі маё песеннае жыццё напоўнілася асаблівым сэнсам. І хто ведае ці трапіў бы я ў канцы 80-х на прафесійную сцэну, каб у мяне не было «ахоўнай граматы» для чыноўнікаў Міністэрства культуры – звання лаўрэата «Грушынскага».

Яшчэ два гады запар я прылятаў на гэтае свята, з гонарам прадстаўляючы мінскую школу аўтарскай песні. І калі 1977-ы год стаў годам не майго трыумфу, а трыумфу беларускіх ансамбляў і выканаўцаў, то 1978-ы зноў падарыў мне галоўную ўзнагароду фестывалю ў самай прэстыжнай «Аўтарскай» намінацыі за песню «Прощайте милые места...». Юрый Візбар, які быў тады старшынёй журы, уручыў мне ў якасці прыза акустычную гітару.

Прайшлі гады, і мы з маёй жонкай Галінай ў складзе сямейнага дуэта тройчы прыязджалі на фестываль – цяпер ужо ў якасці ганаровых гасцей і членаў журы. Але трэба сказаць, што тыя першыя «мае» фэсты з далёкіх 70-х па-ранейшаму жывуць у маім сэрцы. І хаця апошнія гады члены журы на «Грушынскам» акружаны значна большай увагай і клопатам з боку арганізатараў фэсту, мне па-ранейшаму сняцца вогнішчы 76–78 гадоў, у якіх мы спявалі разам з Візбарам плячом да пляча...


ФОТО - 7.jpg

Барыс Вайханскі – аўтар фота Сяргей Алейнікаў


Я памятаю, як у 1978 году Юрый Іосіфавіч, заўважыўшы мяне сярод слухачоў на імправізаваным начным канцэрце каля яго палаткі, памахаў мне рукой і сказаў усім: «Знаёмцеся, вось таленавіты малады аўтар з Мінска – Бора Вайханскі». Ён пасадзіў мяне побач і папрасіў мяне выканаць свае творы, і я праспяваў некалькі сваіх песень...

Вось такой мне запомнілася Груша 70-х.

ліпень, 2019 г.