
Джузепэ Карбоні — вялікі сябар нашай краіны. Ён Ганаровы консул Беларусі ў Кальяры (Аўтаномны рэгіён Сардзінія — Італія). Быў ён і на першай Канферэнцыі ганаровых консулаў, якая на пачатку кастрычніка праходзіла ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. На форуме, паўдзельнічалі ў якім прадстаўнікі 53 краін, гаварылі пра культурныя стасункі паміж дзяржавамі, эканамічныя, турыстычныя ды іншыя. Вядома, што праца ганаровых консулаў — добраахвотная. Да таго ж не заўсёды прыкметная. Аднак менавіта дзякуючы ім часам вырашаюцца многія няпростыя пытанні, паляпшаюцца двухбаковыя стасункі паміж краінамі, знаходзяцца шляхі для супрацоўніцтва ў розных сферах.
Пасля сустрэч у Мінску мы пагаварылі з Джузепэ Карбоні.
— Спадар Карбоні, у чым, на Ваш погляд, значнасць Канферэнцыі ганаровых консулаў?
— Гэта вельмі карыснае мерапрыемства. Сустрэліся з калегамі, абмяняліся досведам: нам усім ёсць чаму павучыцца. Вельмі ўдзячны Міністэрству замежных спраў Беларусі за арганізацыю сустрэчы. І я спадзяюся, што будуць яны і надалей. Асноўнай тэмай канферэнцыі было эканамічнае супрацоўніцтва, прыцягненне інвестыцый у краіну. Сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, кіраўнікамі дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, навуковых і адукацыйных арганізацый дазволілі нам больш даведацца пра вялікі патэнцыял Беларусі.
— Што значыць для Вас быць ганаровым консулам Беларусі?
— Для мяне гэта вялікая адказнасць і гонар. Займаю пасаду ўжо 10 гадоў, аднак і раней, калі быў прэзідэнтам Асацыяцыі дружбы з Беларуссю, заўсёды працаваў дзеля развіцця, умацавання стасункаў між краінамі.
Як вядома, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларускіх дзяцей прымалі на аздараўленне дзясяткі тысяч жыхароў вострава Сардзінія. Падпісаны шматлікія пагадненні аб супрацоўніцтве: паміж Сардзініяй і Мінскай вобласцю, Рэгіянальным навуковым паркам Sardegna Ricerche і Паркам высокіх тэхналогій Беларусі, Універсітэтам горада Кальяры ды многімі беларускімі ВНУ, аэракасмічным кансорцыумам рэгіёну Сардзінія і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. І яшчэ: мне вельмі прыемна, што 2017-ы год, калі адзначаецца 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Італіяй і Беларуссю, быў абвешчаны Годам беларускай культуры на Сардзініі. Пра многія імпрэзы, з ім звязаныя, паведамлялася і ў вашай газеце. Беларусы таксама мелі магчымасць пазнаёміцца з італьянскай культурай: у Мінску з поспехам прайшоў канцэрт сардзінскай спявачкі Марыі Луізы Конджу, а этнічны хор TenoresdiThiesi выступіў у Бабруйску пад час Міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы”. І адзін з найвядомых сардзінскіх кінематаграфістаў Джанфранка Кабідду прадставіў у Мінску свой апошні фільм “La stoffa dei sogni”, які стаў пераможцам шматлікіх конкурсаў.
Беларускую Масленіцу ў аграгарадку Міханавічы пад Мінскам святкавалі і госці з Італіі
— Ці ёсць на Сардзініі беларусы, і што гэта за людзі?
— На востраве шмат беларусаў, у асноўным гэта жанчыны, якія выйшлі замуж за сардзінцаў, а таксама ўдачароныя і ўсыноўленыя дзеці родам з Беларусі. Цяпер штогод прыязджаюць да нас і студэнты з Беларусі, многія з якіх раней бывалі ўжо на Сардзініі па праграмах аздараўлення. Некаторыя маладыя людзі застаюцца тут жыць і працаваць.
Консул. Сям’я. Калізей
— Як складваліся вашы кантакты з Беларуссю? Ці часта бываеце ў нашай краіне?
— Пасля заканчэння вучобы ў Маскве, 24 гады таму, мне пашчасціла вучыцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Там я і сустрэў будучую сваю жонку, Іну Мікалаеўну: цяпер на Сардзініі яна выкладае рускую мову. Нарадзілася ж у горадзе Жодзіне, там і цяпер жывуць яе бацькі. Сёлета мы адзначылі 23 гады нашага шчаслівага сямейнага жыцця: трошкі менш, чым 25-годдзе ўстанаўлення дыпадносін паміж Італіяй і Беларуссю, але ж таксама прыгожая лічба! Дарэчы, я прыязджаю ў Беларусь часцей, чым жонка: па шэсць-сем разоў на год. І ўсё дзякуючы працы Ганаровага консула... З роднымі жонкі ў Беларусі ў нас вельмі цёплыя стасункі, мы часта сустракаемся. Як бачыце, сувязі з Беларуссю ў нас вельмі моцныя: на розных узроўнях. Нашы сыны, Уладзімір і Герман, калі ў іх пытаюцца, хто яны, без сумненняў адказваюць: “Сардзінцы, італьянцы, беларусы!” Старэйшы вывучаў паліталогію ва Універсітэце горада Падуі (тым самым, што звязаны і з лёсам знакамітага Францыска Скарыны: там у Зале Сарака ёсць нават яго партрэт), а малодшы яшчэ вучыцца ў ліцэі. Абодва плануюць прадаўжаць адукацыю ў Беларусі, маюць вельмі моцнае жаданне вывучыць і беларускую мову.
— А пра што марыце Вы?
— Вельмі б хацеў аднойчы атрымаць беларускае грамадзянства! Я б тады перастаў быць адзіным “іншаземцам” у нашай сям’і: мае жонка й сыны маюць беларускія пашпарты. Не ведаю, ці ажыццявіцца калі такая мара, бо існуюць пэўныя заканадаўчыя фармальнасці... Я вельмі люблю Беларусь, і быць яе Ганаровым консулам — гэта ўжо вялікі гонар для мяне!
Джузепэ Карбоні паведаміў нам, што на Сардзініі ў Год беларускай культуры ў канцы кастрычніка падпісана пагадненне аб пабрацімстве беларускага горада Бабруйска і сардзінскага Іглезіаса. У лістападзе на Сардзініі прайшла міжнародная канферэнцыя па рэабілітацыйным турызме. І беларускія спецыялісты прадстаўлялі санаторна-аздараўленчую сістэму краіны. У снежні група выкладчыкаў з Мінскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка прыязджала на востраў для працы над сумесным праектам па інклюзіўнай адукацыі з калегамі з Універсітэта Кальяры. У Ганаровага консула ёсць і цікавыя задумы на будучы год. Правесці, напрыклад, Дні адукацыі ды навукі Беларусі на Сардзініі, зладзіць сардзінска-беларускі форум па супрацоўніцтве ў аэракасмічнай сферы.