Галіне Сяргеевай – 80!

16 кастрычніка 80 гадоў споўнілася сябру Згуртаваньня Беларусаў Канады Галіне Гаўрылаўне Сяргеевай, кандыдату гiстарычных навук, у мiнулым загадчыцы аддзелу мiжнародных сувязяў Iнстытуту гiсторыi Aкадэмii навук Беларусi на працягу 10 год, вучонаму сакратару навуковае рады пры iнстытуце па абароне доктарскiх i кандыдацкiх дысертацыяў, аўтару шэрагу працаў па тэматыцы беларускае дыяспары i iнш.

У Дзень Народзінаў Спадарыні Галіны прадстаўнікі Згуртаваньня Беларусаў Канады павіншавалі яе з юбілеем. У лісьце Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады, накіраваным Спадарыні Галіне Сяргеевай, ёсьць такія радкі: “...Ганарымся тым, што маем Вас у нашай Беларускай Канадзе. Вы не так даўно далучыліся да тутэйшага беларускага арганізацыйнага жыцьця, але пасьпелі ўжо шмат у чым дапамагчы нашай грамадзе. Акадэмічны ўзровень і зьмястоўнасьць Вашых выступаў на гістарычныя тэмы, Ваш актыўны ўдзел у грамадзкіх і культурных імпрэзах заўсёды шчыра вітаюцца грамадой. Вашыя сьціпласьць, дабразычлівасьць і прыязнасьць дужа прыцягальныя, яны па-сапраўднаму нашы, беларускія. Вас паважаюць, з Вас бяруць прыклад. Цешымся, што маем сярод нас не толькі навукоўцу высокага ўзроўню, але й шчырую беларуску, прыгожую жанчыну! Верым, што і надалей будзеце дапамагаць нам сваімі глыбокімі ведамі, жыцьцёвым досьведам і добрай парадай. Многая Лета, Спадарыня Галіна!”

Siarhiejeva.jpg

У сваёй прамове спадарыня Галіна адзначыла, што ёй пашанцавала, бо пры ейным жыцьці адбылося здабыццё незалежнасьці Беларусі, і магчымасць пажыць у новай Беларусі зрабіла яе вельмі шчасьлівай. У эміграцыі ж яна апынулася праз рашэньне сваіх дзяцей наладзіць жыцьцё ў іншай краіне – паехала, каб дапамагчы ім усталявацца. Добрая старонка жыцьця ў яе была і тут: дзеці і ўнукі добра ўладкаваліся ў Канадзе, а сама яна знайшла тут тых людзей, што падтрымалі яе адчуваньне ды разуменьне беларускасьці, яе адносіны да Беларусі, да беларускае нацыі. Спадарыня Галіна падзялілася тым, як усьцешаная тым, што мае гонар знаходзіцца ў шэрагах Згуртаваньня Беларусаў Канады.

Таксама віншавані спадарыні Галіне даслала галоўная рэдактарка выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Ларыса Языковіч. Яна згадала часы свайго навучання ў аспірантуры Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і падзякавала юбілярцы за веды аб працы з дакументамы і гістарычнымі першакрыніцамі, за шматлікія прафесійныя і жыццёвыя парады.

Далучыўся да вітанняў і дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель, згадаўшы сваё знаёмства са спадарыняй Галіна падчас працы Першага Кангрэса Беларусістаў у яшчэ савецкім Мінску, дзе тая была адзінай і дазваляла амерыканскім прадстаўнікам поўную свабоду выказванняў.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла пазычыла юбілярцы, “каб споўніліся нашыя агульныя мары пра будучыню нашай Бацькаўшчыны”, а старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк пажадаў моцнага здароўя і дзейнай энэргіі дзеля агульнай Беларускай справы і дарагой Бацькаўшчыны.

Канадыйская дызайнерка Ірына Варабей, якая пазнамілася са спадарыняй Галінай ужо ў Канадзе, выказала шкадаванне праз тое, што ім даводзіцца стасавацца радзей, чым гэтага хацелася б, і зазначыла, што вельмі ганарыцца іхным сяброўствам.

Да віншаваньняў, што з усяе Эўропы й Амэрыкі йшлі у адрас спадарыні Галіны Сяргеевай, таксама далучыліся галоўная рэдактарка газэты “Беларус” Ганна Сурмач, і доктарка Галіна Туміловіч з Атавы.

Алесь Кот


Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” далучаецца да віншаванняў і зычыць спадарыні Галіне Сяргеевай моцнага здароўя і заўсёды добрага настрою!
Тэгі: Канада