Як, адпрацаваўшы 17 гадоў у сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі, можна з’ехаць у Канаду, каб выкладаць англамоўным студэнтам французскую? Чым канадскія студэнты адрозніваюцца ад беларускіх? Які статус у канадскім грамадстве мае выкладчык? Пра ўсё гэта – на прыкладзе гісторыі Галіны Туміловіч.
Паводле адукацыі пані Галіна – выкладчыца гісторыі і французскай мовы. Скончыла Беларускі педагагічны ўніверсітэт у Мінску па так званай “ААНаўскай спецыяльнасці”, якая, як тады лічылася, мела адчыняць дзверы ў дыпламатычную кар’еру. Дысертацыю пісала па гісторыі беларускага дваранства. Дарэчы, гэта першае ў айчыннай гістарычнай навуцы спецыяльнае даследаванне вышэйшага саслоўя Беларусі, якое дагэтуль не страціла сваёй актуальнасці.
Галіна Туміловіч – кандыдат гістарычных навук, кавалер Ордэна акадэмічных пальмаў (Францыя), сем гадоў працавала ў кіраўніцтве франка-беларускага факультэта ЕГУ. “Я ніколі не думала і не збіралася з’язджаць. Ад’езд – заўжды вельмі асабістая справа. Могуць быць эканамічныя ці палітычныя прычыны, але само рашэнне заўсёды глыбока праходзіць праз асобу”, – тлумачыць Галіна Мікалаеўна.
Дамо ж слова самой гераіні.
"Купалінка" і "Широка страна моя родная"
Першая паездка ў Францыю была ў 20 гадоў на месячную стажыроўку. Цяпер гэтым нікога не здзівіш, але не ў 1980-я ў часы СССР. Гэта была мая першая сустрэча з гутарковай французскай мовай, з Парыжам і Правансам, з тэатральным фестывалем у Авіньёне… Ці быў гэта культурны шок? Так, але для мяне, выхаванай на бабуліных казках, “Двух капітанах” і дзённіку Тані Савічавай з блакаднага Ленінграда, любоў да радзімы, свайго краю ніколі не ставілася пад сумнеў.
Памятаю, як нехта з нас, дзесяці студэнтаў з усяго Саюза, у самалёце па вяртанні з Парыжу заспяваў Дунаеўскага: “Широка страна моя родная”. Іншыя падхапілі. Пасажыры-французы глядзелі на нас са здзіўленнем. А недзе ў Францыі, спадзяюся, дагэтуль захаваўся запіс з “Купалінкай” у маім выкананні.
Даследаванне шляхты і пачаткі польскай мовы
Па вяртанні было заканчэнне інстытута, пасля аспірантура па гісторыі. Абарона ў 32 гады. Адразу па абароне – дзве прыемныя падзеі: запрашэнне на тэлеперадачу па беларускай гісторыі (дзякуючы П. А. Лойку, светлая памяць). Другая – атрыманне навуковай стыпендыі ў Польшчы тэрмінам на год. З таго варшаўскага перыяду і бярэ пачатак мая польская мова. Яе, паралельна з даследаваннем шляхты, я вывучала не дзе-небудзь, а ў Варшаўскім універсітэце.
Выступ у гатэлі "Элгін" падчас Беларускага біенале (Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі)
“Калі французская – гэта вялікі пакой, то ангельская – шуфляда ў шафе”
А як жа французская? Так, мне яе не хапала: падтрымка сяброўскіх зносінаў з французамі – гэта важна, але недастаткова. І тут мяне, праз маю былую выкладчыцу французскай мовы, запрашаюць у складзе Чарнобыльскага фонду дапамогі дзецям паехаць на месяц у Бельгію настаўнікам і перакладчыкам! Гэта была выдатная практыка, якая доўжылася да сярэдзіны 1990-х. Бельгія ж застанецца са мной назаўсёды праз любых сяброў ды былых “маіх” чарнобыльскіх дзяцей, сувязь з якімі не спынялася год ад году.
Гэтак польская і французская назаўжды ўвайшлі ў маё жыццё. Дагэтуль ведаю іх лепш за ангельскую. Можна згадаць словы Набокава: “Калі мая руская мова – гэта палац, то ангельская – аднапакаёвая кватэра”. У маім выпадку “калі французская – гэта вялікі пакой з высокімі столямі, то ангельская – шуфляда ў шафе. Хай сабе і вялікая, але ўсё ж шуфляда”.
“Пасля закрыцця ЕГУ я… проста разгубілася”
Пасля была праца ў ЕГУ. Спачатку мяне запрасілі туды на пост намесніка дэкана франка-беларускага факультэта палітычных навук, потым я стала дэканам. Адначасова выкладала па-французску сацыяльныя дысцыпліны. Жыццё працякала імкліва: Мінск-Парыж-Рэн-Ліль-Страсбург-Бардо… Бліскучая, але няпростая кар’ера. І ў цэнтры ўсяго – Sacha Tolstoi, ці, як я заўсёды звярталася да яго, Аляксандр Мсціслававіч Талстой, саветнік па культуры ў першым складзе французскай амбасады ў Беларусі, стваральнік нашага факультэта і яго першы дэкан з французскага боку.
Пасля забароны ЕГУ ў Беларусі ўніверсітэт часткова з’ехаў у Вільню, але без нашага факультэта, бо апошні быў праектам МЗС Францыі ў Беларусі (і кіраваўся амбасадай Францыі ў Мінску). Так скончыўся найбуйнейшы акадэмічны праект Францыі ва ўсёй Усходняй Еўропе і адначасна на абшарах былога СССР. Шчыра кажучы, я сама не хацела з’язджаць у Вільню. І дасюль феномен “універсітэта ў выгнанні” – не маё. Тады, пасля закрыцця ЕГУ у Мінску, я... проста разгубілася.
На святкаванні 100-годдзя БНР
“Радзіма – гэта наша сям’я, наша мова, але не “гэта ўсё”!”
Пасля закрыцця ЕГУ ўжо былыя калегі па-рознаму пачалі да мяне ставіцца. Нехта нават перастаў заўважаць на прыёмах у пасла Францыі. Іншыя працягвалі камунікаваць і нават прапаноўвалі працу. Так, адным з запрашэнняў было ісці дацэнтам у БДУ. Добра памятаю: іду я па чырвонай дарожцы з зялёнай акантоўкай, партрэты вядомыя вісяць… І тут я сказала сабе: "Галя, не! Ты з 20 гадоў не хадзіла па чырвоных дарожках. Так лёс склаўся – жыла ў паралельным свеце. Так і працягвай. Радзіма – гэта мама, тата, уся твая сям’я, мова. Але не "гэта ўсё!"
“Не ведаю як і чаму, але я згадзілася”
Лёс часта вырашаецца выпадковымі акалічнасцямі (а мо і не выпадковымі?). Патэлефанавалі мне неяк знаёмыя з Канады, каб павіншаваць з новым 2006-м годам. Дазналіся пра ЕГУ і запыталіся, ці не хацела б я прыехаць на год выкладчыцай французскай мовы для англамоўных функцыянераў/чыноўнікаў. Ведаеце, білінгвістычны статус Канады патрабуе ад супрацоўнікаў урада ведання французскай. Цяжка нават цяпер адказаць, чаму я пагадзілася. Мабыць, была ў такім стане. Але і да сёння лічу, што гэта было самае цяжкае, неадназначнае рашэнне, якое я калі-небудзь прымала ў жыцці.
“Першы поспех: з сёмага разу чыноўнік здаў мову!”
1 красавіка 2006 г. я апынулася ў Атаве і пачала выкладаць. Спачатку гэта была праца сам-насам – адзін з прынятых тут фарматаў навучання мове.Першым маім вучнем быў функцыянер вельмі высокага рангу з Міністэрства аховы здароўя. Вельмі адукаваны і разумны, ён меўся здаць вусны экзамен па французскай мове, каб захаваць пасаду. Дагэтуль ён спрабаваў здаваць яго 6 разоў (!), але не праходзіў. І тут, пасля чатырох месяцаў штодзённай працы са мной, у яго атрымалася – здаў. Гэта была наша з ім перамога! Гэты першы поспех мяне моцна натхніў.
Восень у Атаве
10 гадоў у Carleton University
Пасля двух гадоў працы мне стала цесна ў такім манатонным фармаце. У Атаве два ўніверсітэты (калі не лічыць асобнага каталіцкага): білінгвістычны і англамоўны. У апошні, Карлтан, я даслала сваё рэзюмэ, прайшла суразмову, і вось сёлета будзе ўжо 10 гадоў, як я выкладаю ў складзе французскага дэпартамента. Ці падабаецца мне? Так, бо я люблю кампус, студэнтаў і сваю справу.
На тэрыторыі кампусу пры ўніверсітэце
“Канадскія студэнты зацыкленыя на выніках: канкурэнцыя”
Студэнты тут вельмі патрабавальныя: не ў плане ведаў, але ў плане адзнак. Але ж “выдатна” мы не можам ставіць усім: ёсць такое няпісанае правіла. Так, кожны студэнт амаль што зацыклены на сваіх выніках. Яны разумеюць, што пасля ВНУ іх чакае жорсткая канкурэнцыя, бо заканчэнне ўніверсітэта не дае ніякіх гарантыяў. Гэта па-першае. А па-другое, большасць студэнтаў імкнецца атрымаць тую ці іншую стыпендыю, якая б істотна скараціла ці нават “скасавала” аплату за навучанне. Таму да навучання яны ставяцца патрабавальна, нават жорстка.
Праз кампус цячэ канал і рака - гэта ўлюбёныя месцы адпачынку студэнтаў
“Madame, я не спаў чатыры ночы…”
Некаторыя студэнты кажуць мне часам падчас сесіі і па-за ёю: “Madame, я не спаў чатыры ночы запар…” У свой час менавіта ад студэнтаў я ўпершыню пачула статыстыку: другое месца па смяротнасці сярод моладзі пасля ДТЗ займаюць самагубствы. Навучанне – вялікі стрэс. І не кожнаму дадзена яго пераадолець.
“Да 50% студэнтаў паралельна працуюць”
Матэрыяльны фактар – рухавік матывацыі для студэнтаў. “Не плаціць, плаціць меней ці хаця б мець не надта вялікую матэрыяльную запазычанасць пасля ўніверсітэта” – мэта кожнага студэнта. Багата хто з іх паралельна працуе: ад 30% да паловы групы і нават больш (з майго вопыту). Працуюць у барах, кавярнях, крамах…
Тыя, каму пашанцавала, пачынаюць яшчэ са студэнцтва працаваць у пажаданых установах, напрыклад, у тым ці іншым міністэрстве (памятайма, што Атава як сталіца – найперш месца знаходжання федэральнага ўрада). Гэта штодзённасць студэнтаў Канады. Мне здаецца, што ў Беларусі не так. Хаця сучаснай карціны я не ведаю.
“Паміж школай і ВНУ – прорва”
А яшчэ ёсць вялізная розніца паміж узроўнем сярэдняй школы і ВНУ. Прорва! У школах вучням кажуць: “Зрабіў – ну і малайчына! Цудоўна!”
– за выключэннем, праўда, некаторых вядомых прэстыжных спецыялізаваных школаў. Таму дасведчаныя бацькі імкнуцца выбіраць школы для дзяцей і нават мяняюць з гэтай нагоды месца жыхарства. Аднак наогул карціна іншая, і ва ўніверсітэце былых школьнікаў чакае жорсткая канкурэнцыя і насычаная праграма, да якой яны ў большасці выпадкаў не гатовыя.
Я гэта разумею і стаўлюся адпаведна. Не пагражаю другарадным, дазваляю здаваць працу пазней, спакойна стаўлюся да пропускаў, не караю нізкімі адзнакамі, стараюся заахвоціць да навучання праз любоў да мовы, пагаджаюся на дадатковыя кансультацыі на ўмовах валанцёрства і інш. Усё таму, што разумею: без напругі вучыцца немагчыма, нават калі вучышся там, дзе любіш і хочаш.
“Гуманітарныя навукі – не для іх. Канадцы практычныя і сучасныя”
Канадцы больш наіўныя за беларусаў. Гістарычна ў іх не было такіх цяжкасцяў, як у нас. Калі ёсць чыпсы і хакей, то “ўсё добра” – гэта калі вельмі агульна (як і ў рэшце свету). Канадцы жывуць далёка не ў powerful state, як ЗША, а ў дзяржаве, якая доўгі час жыла ціха ў дабрабыце. Народ сціплы, ізноў жа таму, што гэта не супердзяржава.
Англаканадцы – на першы погляд суровыя, закрытыя і нешматслоўныя людзі. Разам з тым яны надзейныя і спагадлівыя. На іх можна разлічваць. Сацыяльныя і гуманітарныя навукі – не для іх (за выключэннем прафесіяналаў). У гэтым сэнсе беларусы падаюцца мне нашмат больш прасунутымі і адукаванымі ў сэнсе агульнай гуманітарнай культуры: так склалася. Ізноў жа, памятаем, Канада як дзяржава – сучасная і маладая, яна толькі ў мінулым годзе святкавала сваё 150-годдзе.
Так выглядае дом Галіны Туміловіч, пачатак восені 2018 году
“На нас, калі мы едзем штогод у Беларусь, глядзяць як на вар’ятаў”
Калі тут робіш кар’еру – то ідзеш, прыкладам, ва ўрад. Як не, то ідзеш у прыватны бізнес, і тады галоўнае – толькі money-money-money. Ты павінен дабіцца поспеху – тым ці іншым чынам. На гэтым, як вядома, палягае ўся пратэстанцкая этыка паўночнаамерыканскага грамадства. Ведаю шмат паспяховых людзей з фінансавай сферы, архітэктуры і медыцыны, якія ніколі не едуць на радзіму продкаў, напрыклад, у Ірландыю ці Шатландыю. Маўляў, як гэта адарвацца ад працы на два тыдні?..
Калі ж мы штогод едзем у Беларусь і наогул у Еўропу, то глядзяць як на вар’ятаў ці разумова адсталых. Не разумеюць (тут я маю на ўвазе суседзяў, жыхароў дарагога, upper-middle-class,
раёна горада). Для нас жа грошы – гэта тое, што зарабляеш, каб выдаткоўваць. Вернешся і зноў будзеш зарабляць. Чула гэтым разам у Мінску, што ёсць на радзіме людзі, якія могуць нават пазычыць грошы, каб паехаць адпачыць (амаль як у рускага чалавека: "займи, но выпей"). А вось канадцы так не могуць.
Інтэр'еры дому Галіны Туміловіч
“Еўропа і Амерыка непараўнальныя”
Няма ніякага абстрактнага “заходняга грамадства”. У Францыі – адно, ужо ў Бельгіі – нешта іншае, а ў ЗША ці Канадзе – зусім-зусім іншае. Няма нічога супольнага, калі мы гаворым пра тонкія рэчы – культуру, "душу", культурную антрапалогію нацый у цэлым. Заходнееўрапейская і амерыканская цывілізацыі цалкам розныя, у пэўным сэнсе непараўнальныя. Ёсць “Вялікая васьмёрка”, эканамічныя саюзы, але ўсё гэта пра грошы і палітыку. У плане культуры ўсё інакш. Калі не жыць у Канадзе, яе цяжка зразумець. Напрыклад, жыццё англаканадцаў і франкаканадцаў. Але гэта тэма асобнай размовы, пра гэта я ўжо пісала і, магчыма, яшчэ некалі апавяду.
“Статус настаўніка ў сярэдняй школе вельмі высокі”
Напрыканцы вернемся яшчэ раз да працы настаўніка. Не выкладчыка на ўзроўні ВНУ, але да настаўніка сярэдняй школы. Іх статус ці, правільней, заробак, вельмі высокі (я не ведаю ніводнай іншай краіны з такім станам рэчаў). Пра настаўніцтва ў школе можна толькі марыць – туды не трапіш.
Праўда, некалі, яшчэ гадоў 10 таму, было значна лягчэй: выкладчыкам французскай мовы перадусім і мне, напрыклад, прапаноўвалі такую магчымасць. Не скарыстала, не пагадзілася. На сёння магу канстатаваць, што канкурэнцыя толькі ўзрасла, усе месцы занятыя. Маладыя спецыялісты (і не толькі) гатовыя ехаць на неймаверна халодную поўнач, каб атрымаць такую працу.
Разам з калегамi з французкай кафедры
“Свабоды няма нідзе, але кожны можа быць асабіста свабодным”
Паколькі я звычайны выкладчык і не раблю кар’еру, то адчуваю сябе свабоднай. Свабода для мяне галоўнае, як паветра. Ведаеце, свабоды няма нідзе, кажучы пра краіны і грамадствы, якія я добра ведаю, дзе я жыла. Але асабіста чалавек можа быць свабодным у рамках сваёй прафесіі ці нават без яе – калі яму ёсць на што жыць.
Калі не робіш кар’еры, не рвешся на пасады, то належыш толькі сабе. З гэтай прычыны мая ўжо далёкая і тым не менш яскравая еўрапейская кар'ера застаецца ў памяці як цяжкае выпрабаванне і вялікі здабытак адначасна, за якія я ўдзячная свайму лёсу. А цяпер я – вольная птушка і магу скарыстаць тое, што назапасіла цягам жыцця.
Алесь Кіркевіч, budzma.by,
фота з архіву Галіны Туміловіч