Фестывальная мазаіка аўтарскіх песень

19 верасня ў Белай залі Дома адзінства ў Даўгаўпілсе адбыўся ІІ фестываль беларускай аўтарскай песні, звязаны з імем барда Арыка Крупа.

Пачаўся фестываль з праслухоўвання аўдыёзапісу ягонай песні «Беларусь» Арыка Крупа ў аўтарскім выкананні.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся генеральны консул Беларусі ў Даугаўпілсе Ілля Лапуць.

І загучалі песні ў выкананні даўгаўпілскіх бардаў і гасцей з Вентспілса. Андрэй Парневіч выканаў песню Арыка Крупа «Леса Беларуси» і песню на мае словы і музыку Дзмітрыя Пятровіча «Рабіны». У выкананні Алены Віткевіч і Валерыя Ермачэнкі прагучала, перакладзеная мной на беларускую мову, песня Арыка Крупа «Беларусь». Свой верш, прысвечаны фестывалю, прачытала Лілія Воранава.

Я быў рады пазнаёміцца і дамовіцца аб супрацоўніцтве з бардам з Вентспілса, ураджэнкай Беларусі Кацярынай Варкалавай, якая цудоўна спявае свае песні на рускай і беларускай мовах.

У фестывальным канцэрце таксама прымалі ўдзел Марыя Гербрэдэр, Віталь Міхайлаўскі, Аляксандр Мірвіс, Юры і Таццяна Саксаганскія.

Фестываль быў арганізаваны беларускім таварыствам «Уздым» пры падтрымцы Даўгаўпілскай гарадской думы. Праект мерапрыемства падрыхтаваны старшынёй «Уздыму» Жаннай Раманоўскай.


Арык Круп (Арон Якаўлевіч Круп) нарадзіўся ў кастрычніку 1937 г. у Даўгаўпілсе. З 1964 года жыў у Мінску. Быў лаўрэатам конкурсаў турыстычнай песні І і ІІ Усесаюзных паходаў моладзі ў Брэсце і Маскве. Захапляўся горным турызмам і альпінізмам, удзельнічаў у складаных паходах па Саянах, Кольскім паўвостраве, Прыпалярным і Палярным Урале. У сакавіку 1971 г. загінуў у паходзе ва Ўсходніх Саянах.



Арык Круп

БЕЛАРУСЬ

Поры года – цудоўныя ўсе яны.

Бор сасновы нас вабіць у верасні.

Па зіме лыжы цягнуць на Поўнач нас,

І да Прыпяці зноў – як гукне вясна.


Адыходзім то летам, то восенню.

Па краіне усёй ногі носяць нас.*

Бездарожжамі дальнімі нам ісці.

І заўжды Беларусь наша ў памяці.


Прыпеў:

Ў цягніках і ў машынах, і часта пяшком,

На байдарках, на лыжах з гарой-рукзаком,

Не за школьнай чысцюткаю партай

Маем шчасце даўно: тваю карту

Вывучаць у любую пару,

Беларусь, Беларусь.


Ад дзядоў, Беларусь, – тваё неба нам

І пясчаныя стромы над Нёманам,

Сцены Брэста світальна-чырвоныя

І лясы твае вечна зялёныя.


Беларусь зарасла абеліскамі,

І таму зоркі сталі нам блізкімі,

Не нябесныя зоркі – салдацкія

Ў промняў пяць над магіламі брацкімі.


Прыпеў.


Птушкі ў вырай збіраюцца, ды не ўсе. –

Курс на Афрыку з Беларусі.

Мы ж не птушкі, надвор’ем спужаныя,

Ў нашай звязцы – сябры і каханыя.


Ў нашай звязцы – сябры і каханыя.

І разрэзаць не ў сілах самім яе.

А разрэзаць – да смерці ў тым каяцца. –

Ў кола нашы шляхі замыкаюцца.


Прыпеў.


*Маецца на ўвазе Савецскі Саюз.


Пераклад з рускай мовы С. Валодзькі


Станіслаў Валодзька,
фота: М. Памецька