17–20 кастрычніка ў Таронта візітавала этна-трыа „Тройца“, гурт, заснаваны ў 1994 годзе вядомым зьбіральнікам фальклёру Іванам Кірчуком. У сучасны склад гурта таксама ўваходзяць барабаншчык Юры Паўлоўскі і гітарыст Юры Дзмітрыеў.
Заля клюбу падчас канцэрту
За час існаваньня гурт даў сотні канцэртаў, не толькі ў Еўропе, а нават у Чылі і Малайзіі. І вось, нарэшце, надышоў час для візіту ў Паўночную Амэрыку з адзіным канцэртам у канадыйскім горадзе Таронта, які адбыўся 18 кастрычніка.
Лідар гурта Іван Кірчук
Доўгачаканы пятнічны вечар. У Таронта прыбылі нашыя суродзічы з розных гарадоў Антарыё. Памяшканьне клюбу напоўнілася беларускай гамонкай сотняў людзей. У праграме этна-трыа гучалі сьпевы „Русальная“, „Вясельная Мар’я“, „Шэльма“, „Яблынь мая“, „Семь чарак гарэлкі“, „Зіма з Летам“, „Мядзьведзь“ ды іншыя. Гэта трэба было бачыць, якія карагоды вадзілі ў залі клюба пад сьпевы „Тройцы“! Незвычайная чаруючая музыка, незвычайныя словы сьпеваў, незвычайнае адзеньне Майстра, нtзвычайныя адчуваньні аўдыторыі. Чаканьні спраўдзіліся. Мары здзейсьніліся. Цуд здарыўся.
Лідар Тройцы Іван Кірчук, гаспадыня Арт-гасьцёўні „Родны Край“ Ірына Тоўсьцік, арганізатар візітаваньня Тройцы ў Канадзе Зьміцер Леановіч
З выказваньняў аднаго з наведнікаў канцэрту: „Падавалася, што ўся беларуская грамада правінцыі сабралася ў Моd Тheatre Club. Шыкоўнае выступленьне. Ацэньваю на дзесяць з дзесяці. Усе вельмі задаволены. Выдатнае дэманстрацыя нашага нацыянальнага мастацтва праз сучасныя формы выкананьня! Жыве Традыцыя! Жыве Беларусь!“
Арт-лекцыя
Беларусы Таронта, што ня мелі магчымасьці трапіць у Моd Тheatre Club у пятніцу, у суботу 19 кастрычніка выправіліся ў даунтаун мегаполіса, дзе на Сэнт Клэрэнс авеню мелася адбыцца сутрэча з легендарным гуртом, арганізаваная парафіяй Сьв. Кірылы Тураўскага (БАПЦ), Згуртаваньнем Беларусаў Канады і арт-гасьцёўняй „Родны Край“. У праграме сустрэчы была сумесная з этна-трыа „Тройца“ сяброўская вячэра, аўтограф-сэсія і прэзентацыя Івана Кірчука „Магія беларускага фальклёру“. Ягоная лекцыя літаральна зачаравала запоўненую залю Беларускага Цэнтру ў Таронта. Дзіўныя гукі разнастайнымх музычных інструмэнтаў перамяжаліся сьпевамі незвычайных тэмбраў з багатаю гамаю гукавых адценьняў. Нават дзеткі, звычайна гаманлівыя, гэтым разам глядзелі й слухалі не варухнуўшыся. Разняволены, бадзёры стыль вядоўцы вечарыны Ірыны Тоўсьцік спрыяў агульнаму настрою і раслабленасьці прысутных. Безумоўна, тую дзею, што мела месца ў прыгожы сыботні вечар ў Беларускай Хаце, трэба сапраўды бачыць і чуць, каб ацаніць хараство высокага майстэрства. Па сканчэньні монаспектаклю больш за 70 удзельнікаў вечарыны працяглымі авацыямі, стоячы, шчыра дзякавалі Івану Кірчуку, Юру Паўлоўскаму і Юру Дзмітрыеву.
Алесь Кот уручае кнігі і сьцяг Канады гурту Тройца
Першаярарх БАПЦ Архіяпіскап Сьвятаслаў і старшыня Галоўнае Ўправы Алёна Лявончанка падзякавалі ўдзельнікам „Тройцы“ за расповед, музыку і сьпевы, за сьвята, падараванае беларускай грамадзе ў Канадзе. Апрануты ў старажытныя літвінскія строі, Алесь Кот выказаў колькі добрых словаў на адрас „Тройцы“ ад імя прысутных у залі ўдзельнікаў мастацкае вечарыны і аддзячыў артыстам кнігамі. Кожны з сябраў этна-трыа атрымаў кнігі „Беларускія фестывалі й выстаўкі ў Нью-Джэрзі“ Янкі Запрудніка, факсімільнае выданьне „Мова ў гісторыі беларускага пісьменства“ Аўгена Калубовіча, „Дэпутаты Незалежнасьці“ Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка і „Палын-палын“ Зянона Пазьняка. Асобна кіраўніку „Тройцы“ Івану Кірчуку была ўручаная кніга Зянона Пазьняка „Тэрра Дэй“, а ўсяму гурту – чырвона-бел-чырвоны канадыйскі сьцяг.
За аўтографамі да спадара Івана выстраілася чарга. Узрушаныя ўбачаным і пачутым у гэты дзень, людзі не разыходзіліся з Беларускага Цэнтру Таронта амаль да паўночы.
Кнігі гасьцям
Колькі пазітыву прыўнесена ў жыцьцё нашых суродзічаў на чужыне! Пачуцьцё дотыку да роднага, адчуваньне духоўнае сувязі з Бацькаўшчынай – тое, што так патрэбна нам, эмігрантам, каб не спраўдзілася сказанае аднойчы ў роспачы: „У заможнай далечы, у духоўнай галечы душу беларуса лёс пакалечыў...“
Здымак з Тройцай
Рэспект і падзяка актывісту беларускае суполкі ў Канадзе Зьмітру Леановічу, які больш за год таму ўзяўся за арганізацыю першага візіту „Тройцы“ ў Паўночную Амэрыку і давёў справу да лягічнага канца.
Алесь Кот