Яна адказала «Так».
Відэа з прапановай рукі і сэрца ад Дзмітрыя Фурманава Вольга Каракіна размясціла на сваёй старонцы ў Facebook 1 студзеня 2022 года. «Вядома, я сказала "Так"», — напісала яна.
Гарадзенец Дзмітрый Фурманаў — палітвязень па «справе Ціханоўскага», асуджаны на два гады калоніі. Яго затрымалі 29 траўня 2020 года падчас пікету па зборы падпісаў за Святлану Ціханоўскую. Калі адбыўся інцыдэнт з міліцыянтам, пасля якога пачаліся затрыманні людзей з натоўпа, Дзмітрый сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Потым да яго прыбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі і пацягнулі праз сквер у машыну на вачах у ягоных бацькоў, якія таксама былі на пікеце. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Змітра вязнем сумлення.
У лістападзе 2021 года Дзмітрый Фурманаў вызваліўся з калоніі. Яго дзяўчына Вольга Каракіна ўвесь час змагалася за яго: пікетавала, трымала галадоўку, арганізавала ягоны выезд з Беларусі. Цяпер пара жыве ў Вільні.