24 сакавіка ў Беларускім Цэнтры ў Таронта прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 101-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Бел-чырвона-белыя беларускі і канадыйскі сьцягі віталі ўдзельнікаў святочнай імпрэзы яшчэ на ўваходзе ў будынак. У залі Цэнтру на сталах, аздобленых беларускімі рушнікамі, абрусамі і сьцягамі былі выстаўленыя кнігі на тэму гісторыі Беларусі і Беларускай Народнай Рэспублікі, а асобны стол займалі партэты Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага.
Сьвяточную службу ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага правялі архіяпіскап Сьвятаслаў і айцец Аўген. Пасьля сканчэньня службы ў залі загучалі беларускія мелёдыі і сьпевы. Госьці з розных куткоў Антарыё з задавальненьнем частаваліся рознымі стравамі, прыгатаванымі пад кіраўніцтвам Надзеі Дробінай.
Пачынаючы сход, старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Алёна Лявончанка павіншавала прысутных са сьвятам. 67 удзельнікаў сьвяточнага сходу прасьпявалі гімны Беларускае Народнае Рэспублікі і Канады.
Алесь Кот зрабіў кароткі экскурс у гісторыю беларускае дзяржаўнасьці, зазначыўшы, што Беларуская Народная Рэспубліка сталася магчымай дзякуючы бесперапыннаму тысячагадоваму змаганьню нашых продкаў за сваю зямлю, дзяржаву і незалежнасьць. Нават 125-гадовая расейская акупацыя не зьнішчыла прагі беларусаў да волі, і яны разам з шэрагам іншых народаў Расейскай Імперыі, у 1918 г. абвясьцілі аб запачаткаваньні сваёй незалежнай дзяржавы.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла зьвярнулася да прысутных з віншавальным зваротам, а пры канцы сваёй прамовы паведаміла аб прынятым Радай у 2018 г. рашэньні ўвесьці юбілейны Медаль і сваім намеры неадкладна яго ўручыць шэрагу канадыйскіх беларусаў за іх адметны ўнёсак у агульную справу падтрымкі беларушчыны на чужыне і прасоўваньня беларускае культуры, гісторыі і традыцыяў ва ўсім сьвеце.
Працэдуру ўзнагароджаньня беларусаў Канады Медалём да стагоддзя БНР вёў старшыня Канадыйскага Сэктару Рады БНР Алесь Кот.
У гэты самы дзень на ўрачыстасьцях у Таронта дзяржаўную ўзнагароду БНР з рук Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы атрымалі наступныя дзеячы беларускае дыяспары ў Канадзе:
- Ірына Варабей – міжнародна вядомая дызайнэр і мастак, папулярызатар беларускага народнага мастацтва ў Канадзе і ў сьвеце, заснавальнік і кіраўнік дызайнерскае кампаніі Spirit of Belarus;
- Прафэсар Зінаіда Гімпелевіч – выбітная беларуска-канадзкая літаратуразнаўца і актыўная дзяячка беларускае грамады ў Канадзе, сузаснавальніца Канадзкага фонду дапамогі дзецям Чарнобыля, на працягу многіх гадоў старшыня Беларускага інстытуту культуры і мастацтва ў Канадзе;
- Вольга Іпатава – выбітная беларуская літаратар і грамадзкі дзеяч, ляўрэят шматлікіх літаратурных прэміяў, у мінулым старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў, чые творы перакладзеныя на некалькі моваў;
- Віялета Кавалёва – музыказнаўца, заснавальнік і кіраўнік знакамітага канадзка-беларускага фальклёрнага ансамблю “Яваровы людзі”, які робіць значную працу па рэпрэзэнтацыі беларускай дыяспары ў канадзкім грамадзтве, папулярызуе беларускую культуру як у Канадзе, так і за яе межамі;
- Сяргей Панізьнік – вядомы літаратар і журналіст, этнограф, перакладчык, шматгадовы заслужаны грамадзкі дзеяч у Беларусі і Канадзе;
- Ірына Тоўсьцік – у мінулым праваабаронца ў Беларусі, у цяперашні час грамадзкі дзеяч у Канадзе, актыўны арганізатар адукацыйных заняткаў для маладога пакаленьня канадзкіх беларусаў.
Ірына Варабей
Зінаіда Гімпелевіч
Вольга Іпатава
Віялета Кавалёва
Сяргей Панізьнік
Ірына Тоўсьцік
Урачыстасьці завершыліся сьпевамі – гэтым разам прысутных парадаваў сваім прафесійным майстэрствам дзіцячы гурт “Яваровы Дзеці” пад кіраўніцтвам Віалеты Кавалёвай.
Паводле Алеся Ката