Дзень беларускай культуры ў Зілупскім краі

9 лістапада ў пасёлку Брыгі Зілупскага краю прайшоў Дзень беларускай культуры, прысвечаны стагоддзю беларускай дзяржаўнасці. Тут у Народным доме сабраліся сябры беларускага таварыства «Пралеска» г. Зілупэ і беларускага таварыства «Крыніца» г. Лудза, а таксама мясцовыя жыхары пасёлка.

Пачалося свята з выступлення Веры Дарэйка-Сінкевіч, падчас якога яна расказала аб вехах станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці і зачытала прывітальны ліст старшыні Саюза беларусаў Латвіі Валянціны Піскуновай.

У рамках гэтага мерапрыемства адбылася творчая сустрэча сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі. Таму ў канцэрце загучалі песні на яго вершы ў выкананні ансамбля настаўнікаў Зілупскай музычнай школы – «Пад небам Радзімы» і «Касцёр для дваіх» і ансамбля вучняў гэтай школы – «Дранікі», салістаў кружка «Lakstīgala» Зілупскага дзіцячага і юнацкага цэнтра Дар’і Мацюшонак і Анастасіі Пучкоўскай – дзіцячыя песні «Божая кароўка» і «Крылаты маэстра», і Русланы Жорж – лірычная песня «На ростанях». Салістка Ларыса Тукіш з Дагды выканала песні «Бацькоўскі кут» і «Ручнік», а дагдскі спявак Артур Трэпша – «Астры». Госці з Ліван Яўген Пашкевіч і Лідзія Знотыня парадавалі і ўзрушылі песнямі «У Вечного огня», «Полынь и медуница», «В твой день рождения», «Признание», «Наш масток». Аўтары музыкі прагучаўшых песен – Станіслаў Клімаў, Яўген Лівіцін, Альберт Белусь, Андрэй Канавалаў, Эдуард Вартанаў, Таццяна Піменава і Віктар Антонаў.

Гучалі і перакладзеныя Станіславам Валодзькам на беларускую мову латышская народная песня «Ружачка» і ўкраінская народная песня «У вішнёвым садзе» у выкананні беларускага ансамбля «Крыніца» і руская народная песня «Пад акном шырокім» у выкананні рускага ансамбля «Кружева» з Лудзы, а таксама песня Булата Акуджавы «Любоў і разлука» у выкананні Веры Дарэйка-Сінкевіч.

Песні чаргаваліся чытаннем уласных вершаў даўгаўпілскім паэтам, а таксама Ігарам Ермаковым, старшынёй лудзэнскага беларускага таварыства «Крыніца».

Завяршыўся канцэрт урачыстым выкананнем усімі ўдзельнікамі свята песні «Родны край» (музыка Т. Казловай, словы М. Траццяковай).

Таццяна Мяшкоўская,
дырэктар Народнага дома пасёлка Брыгі, сябар таварыства «Пралеска»