
12 кастрычніка ў Ліванах, у Доме культуры, адбыўся Дзень беларускай культуры, прысвечаны 100-годдзю беларускай дзяржаўнасці.
У святочным канцэрце беларускія народныя і аўтарскія песні спявалі вакальныя ансамблі «Узоры» з Ліван (кіраўніца Яніна Юзэфовіч), «Калінушка» і «Рабінушка» з Прэйляў (кіраўніца Святлана Сцяпанава), «Крыніца» з Лудзы (кіраўніца Вера Дарэйка-Сінкевіч), дуэт Яўген Пашкевіч і Лідзія Знотыня з Ліван.
Я прачытаў свой верш «Да стагоддзя беларускай дзяржаўнасці». Песні на мае словы і музыку Альберта Белуся выканалі ансамбль «Узоры» – «Касцёр для дваіх» і ансамбль «Калінушка» – «Астры». Ансамбль «Лянок» (кіраўніца Марына Медунецкая) з Даўгаўпілса выканаў танец «Ручнік» пад гучанне аднайменнай песні на мае словы і музыку Альберта Белуся.
Са словамі прывітання да прысутных звярнуліся віцэ-мэр Ліванскай думы Гінта Краўкле, консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч, выконваючы абавязкі генеральнага консула Генеральнага консульства Расіі ў Даўгаўпілсе Наталля Пуставалава, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, старшыня беларускага таварыства «Прамень» і член праўлення СБЛ Алена Лазарава.
У файе была размешчана выстава плакатаў, якая расказвала пра Беларусь у розныя перыяды яе гісторыі.
Выказваю падзяку гаспадарам імпрэзы і ліванскаму Славянскаму таварыству «Узоры» за гасціннасць і супрацоўніцтва. Упэўнены, што яно і надалей будзе плённым!
ДА 100-ГОДДЗЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..
………………………………………..
Я буду маліцца і сэрцам і думамі
За родны народ Беларусі.Янкуа Купала
Беларускай дзяржаўнасці – сто.
Беларусь мая, у аддаленні
Бачу я дзень народзінаў твой,
Бачу вехі твайго станаўлення.
Бачу вехі сталення твайго
Праз залевы рэпрэсій крывавых,
Праз віхуры ваенных гадоў,
І калі ты з руін паўставала.
Стала грэць сонца ў гербе тваім,
Абнадзеіўшы: ўсё будзе добра.
Каласкі, лёну кветачкі ў ім –
Як пашана тваім земляробам.
Недзе моліцца й там за цябе
Твой пясняр і прарок твой Купала,
Каб да хлеба ў людзей на стале
І духоўнага хлеба хапала.
Веру я: шчодры плён прынясе
І нашчадкаў натхнёнгая праца,
І у новым стагоддзі табе,
Беларусь, маладой заставацца!
Станіслаў Валодзька