Нагадаем, што 11 верасня 2020 года жыхары Віцебска бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі схаваліся на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Мінску, жадаючы папрасіць палітычнага прытулку, і з таго часу не пакідаюць межы дыпламатычнага прадстаўніцтва.
Віцябляне ўдзельнічалі 6 верасня ў акцыі пратэсту ў абласным цэнтры, падчас якой адбылася жорсткая сутычка з міліцыяй. Кузнечыкі баяліся затрымання, а таму і вырашылі схавацца ў пасольстве Швецыі.
Зараз стала вядома, што Камітэт па катаваннях ААН звярнуўся да ўлад Швецыі з просьбай забяспечыць недатыкальнасць Віталю і Уладзіславу Кузнечыкам. У сваёй скарзе Кузнечыкі сцвярджаюць, што ў выпадку затрымання беларускімі сілавікамі яны сутыкнуцца з рэальнай пагрозай катаванняў.
У пасольстве Віталю і Уладзіславу выдзелілі пакой, дзе ёсць ложкі, душ, прыбіральня, пральная машына, мультыварка, халадзільнік, посуд. Для заняткаў спортам – турнік, штанга, гіры. Раней мужчынам прыносілі гатовую ежу, цяпер яны гатуюць самі.
Раней у СМІ з’яўлялася інфармацыя, што віцяблянам неабходна медыцынскае абследаванне, у прыватнасці ва Уладзіслава ў 2019 годзе выявілі злаякаснае наваўтварэнне, таксама ёсць праблемы са зрокам, перыядычна ён павінен назірацца ў медыкаў. Медыцынская дапамога сапраўды патрэбна, пацвердзіў Уладзіслаў, пытанне зараз вырашаецца.
Кузнечыкі год бачыліся з роднымі толькі па відэасувязі – наведванні ў пасольстве забаронены.
– Новы год будзем па-ранейшаму сустракаць у амбасадзе, – распавёў «Народнай Волі» Віталь Кузнечык. – Гэты год сустракалі з сям’ёй па відэасувязі, хаця для нас святочны дзень прайшоў як звычайны. Пра свята нагадвалі толькі маленькая ёлачка ў пакоі і сціплы стол.
А ў астатнім усё па-ранейшаму. Па сутнасці, нічога не змянілася.
Сяргей Заблоцкі, nv-online.info