Каардынатар кампаніі ByCovid19 Андрэй Стрыжак просіць беларускую дыяспару не спыняць дапамогі. Прыводзім тэкст ягонага ззвароту цалкам.
Пандэмічны крызіс ахапіў увесь свет, краіны замыкаюцца, дбаюць пра ўласныя інтарэсы і як ніколі сусветнае адзінства цывілізаваных нацый пад пагрозай. У гэтых умовах вельмі важна захоўваць еднасць беларусаў незалежна ад месца пражывання.
Нашая краіна аказалася пад асабліва моцным ударам пандэміі з розных прычын, але мэта гэтага звароту не ацэнка дзеянняў улады, а просьба да вас, дарагія нашы замежныя суайчыннікі, ад імя сотняў валанцёраў Беларусі, якія аб’ядналіся ў велізарны дабравольны рух дзеля абароны нашых медыкаў, каб яны маглі эфектыўна змагацца з пандэміяй каронавіруса і ратаваць жыцці людзей.
Наша кааліцыя BYCOVID19 аб’яднала буйнейшыя валанцёрскія структуры, дабрачынную медыяплатформу, ініцыятывы інжынераў і швачак, сотні і сотні людзей, якія збіраюць грошы, дастаюць з-пад зямлі абарончыя сродкі для нашых медыкаў, дастаўляюць іх у шпіталі па ўсёй краіне, на ўласныя сродкі купляюць і ўласнымі рукамі робяць абарончыя сродкі на 3d прынтарах і швейных машынках.
Больш за два тыдні нашай працы прынеслі плён, больш за 27.000 рэспіратараў, больш за 6000 абарончых шчыткоў і тысячы адзінак іншых сродкаў абароны для нашых медыкаў, якія змагаюцца з пандэміяй, перададзеныя ў шпіталі краіны. Наша ініцыятыва таксама скупляе і перадае ў шпіталі кіслародныя канцэнтратары, пульсаксіметры, бескантактныя тэрмометры і іншае абсталяванне.
Агульная сума сабраных грошай – больш за 135.000 даляраў, з якіх нашая дыяспара ахвяравала медыкам Беларусі амаль 20.000 даляраў. Гэта вялікія грошы і добрая дапамога, якую мы вельмі цэнім.
Мы пастаянна маніторым сітуацыю, трымаем прамы кантакт з лякарнямі, і зараз важна закупіць яшчэ 100.000 рэспіратараў для нашых медыкаў, каб абараніць іх, а гэты тавар – у вялікім дэфіцыце. На закупку і дастаўку ў Беларусь такой буйной партыі нам трэба сабраць не меньш за 300.000 даляраў.
Просім далучацца да годнай справы абароны нашых медыкаў, а значыць і ратавання жыццяў беларусаў ва ўмовах пандэміі каронавіруса.
Падрабязней пра хаду кампаніі можна чытаць на старонцы нашай кампаніі ByCovid19 – помощь врачам в Беларуси і на маёй асабістай старонцы ў Facebook. Таксама на наш сайце https://bycovid19.com/
Рэквізіты для пераводу грошай з замежжа па спасылцы https://bit.ly/3egIEdH
Дзякуй вашым шчырым сэрцам, ад валанцёраў кампаніі BYCOVID19 і тысяч беларускіх лекараў, якія атрымалі і атрымліваюць вашую дапамогу.
Працуем далей!