Дыялог пра будучыню Беларусі: беларусы свету правялі другі кангрэс

Беларусы з усяго свету на працягу сутак абмяркоўвалі, як дапамагчы краіне выйсці з палітычнага і гуманітарнага крызісу.

Сусветны кангрэс беларусаў 2.0 прайшоў 30 кастрычніка ў фармаце дваццацічатырохгадзіннай відэаканферэнцыі. Яго мэта — глабальны дыялог будучыні Беларусі з удзелам палітыкаў, грамадскіх актывістаў, лідараў меркаванняў, экспертаў і даследчыкаў. Арганізатары мерапрыемства — валанцёры беларускай супольнасці за мяжой. Цягам сутак на розных дыскусійных панэлях — палітыка, грамадзянская супольнасць, эканоміка, культура і іншых — эксперты і ўсе зацікаўленыя абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі, а таксама, што можна зрабіць для пашырэння беларускасці ў свеце.

«24 гадзіны без перапынку палітычныя лідэры, актывісты і прадстаўнікі ініцыятыў і дыяспар, эксперты і неабыякавыя людзі абмяркоўваюць, як дапамагчы нашай роднай краіне пераадолець палітычны, эканамічны і гуманітарны крызіс, і галоўнае — дапамагчы нашым суайчыннікам, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі», — заявіла беларускі лідар Святлана Ціханоўская.

У сваю чаргу кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў, што салідарнасць, якая ахапіла беларусаў па ўсім свеце, мае гістарычны характар.


Латушка: «Адрэзаць Лукашэнку ўсе магчымыя шляхі фінансавання рэжыму»

«Сёння час, калі мы павінны сінхранізаваць нашы дзеянні ў Беларусі і за мяжой. Мы павінны адрэзаць Лукашэнку ўсе магчымыя шляхі фінансавання яго рэжыму. Мы павінны дабівацца непрызнання ўрада Лукашэнкі на міжнародным узроўні і прызнання яго рэжыму тэрарыстычным», — сказаў Латушка.

Першы Сусветны кангрэс беларусаў адбыўся год таму таксама анлайн. Адной з тэм стала стварэнне Народных пасольстваў — альтэрнатыўных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой для інфармавання грамадскасці аб сітуацыі ў Беларусі, абароны правоў і інтарэсаў беларусаў, дапамогі, якія вымушана пераехалі. Народныя пасольствы з'явіліся ў 16 краінах.

novychas.by